Беларускі Нацыянальны «Карытас» наведалі прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі Catholic Relief Services, заснаванай Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў ЗША.
CRS рэагуе на надзвычайныя сітуацыі ва ўсім свеце і зацікаўлена ў дапамозе сваім партнёрам «Карытас» ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Марк Да Сільва і Самуэль Нікалс наведалі Беларусь з двухдзённым візітам, каб больш даведацца пра Каталіцкі Касцёл у нашай краіне, пазнаёміцца з дзейнасцю «Карытас» Беларусь і абмеркаваць супольныя праекты, у прыватнасці, развіццё дзейнасці «Карытас» у парафіях.
«Мы ў нашай арганізацыі імкнёмся знайсці рэсурсы і магчымасці, да якіх мы маем доступ у CRS або іншых краінах, каб такім чынам садзейнічаць рэалізацыі розных гуманітарных праектаў, — падзяліўся Самуэль Нікалс. — Таксама я назапашваю вопыт і веды пра тое, як працуюць супрацоўнікі “Карытас” у Беларусі, а потым раскажу пра іх у сябе на Радзіме».
«Магу сказаць, што ў “Карытас” Беларусь таксама ёсць цікавы вопыт, — дадаў Марк да Сільва. — Гэта датычыць развіцця сацыяльнага служэння ў парафіях. Так, падчас сустрэчы з біскупам Алегам Буткевічам прагучала важная інфармацыя пра тое, што біскупы павінны як мага больш і часцей расказваць вернікам пра “Карытас”, пра яго дзейнасць, пра тое, што быць хрысціянінам, — гэта ў першую чаргу быць міласэрным. Цудоўна, што святары разумеюць сваю ролю ў развіцці “Карытас” і гатовы дапамагаць арганізацыі ў яе дзейнасці».
Свой прыезд у Беларусь супрацоўнікі CRS назвалі плённым і карысным. Пры гэтым быў адзначаны ўзровень працы дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра ў в. Ляскоўка, які знаходзіцца пад апекай «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.