Супольнасць парафіі Святога Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве 8 жніўня адзначала ўрачыстасць св. Дамініка, апекуна дамініканцаў, якія служаць у гэтай парафіі. На святочную Імшу быў запрошаны францішканін а. Яўген Голуб OFMConv з Івянца.
Чаму францішканін у дамініканаў? Гэта даўняя традыцыя, якая зарадзілася верагодна таму, што заснавальнікі гэтых двух ордэнаў — св. Францішак з Асізі і св. Дамінік Гусман — аднойчы ў сваім жыцці сустрэліся ў Рыме. Таму з даўніх часоў ва ўрачыстасць св. Дамініка казанне ў дамініканскім касцёле прамаўляе францішканін, а ва ўрачыстасць св. Францішка ў касцёле францішканаў казанне прамаўляе дамініканін.
Падобная сустрэча, якая вельмі абагачае, адбылася ўпершыню і ў Магілёве, —дамініканцы сустрэліся з францішканінам.
Айцец Яўген Голуб OFMConv падзяліўся з прысутнымі разважаннямі, кім для яго з’яўляецца св. Дамінік і дамініканцы. Параўнаў манахаў у белых хабітах з соллю, якая мае тры якасці. Па-першае, калі крышталікі солі знаходзяццца ў вялікай колькасці ў начынні, то, нягледзячы на тое, што яны празрыстыя і няправільнай формы, мы бачым соль белага колеру. Гэта, безумоўна, закон фізікі, з якога айцец францішканін сфармуляваў думку: калі браты жывуць у супольнасці, то, нягледзячы на адрозненні, розныя «формы» і слабасці, іх жыццё прамянее чысцінёй.
Па-другое, соль мае свой пах і смак. Падобна і дамініканцы характарызуюцца пэўным арыгінальным і непаўторным для іх стылем прапаведвання і жыцця, праз што абагачаюць Касцёл. Як дадаў а. Яўген, айцы дамініканцы жывуць сярод людзей іх праблемамі, без непатрэбнай дыстанцыі.
Па-трэцяе, соль, калі яе кінуць у ваду, растае. Падобна і дамініканцы, на ўзор св. Дамініка, імя якога азначае «ўласнасць Пана», адзначаюцца пакорай дзякуючы таму, што пакідаюць у сваім жыцці месца Богу і Яму аддана служаць. На заканчэнне а. Яўген пажадаў дамініканцам два дары: заўсёды і ўсюды абвяшчаць Божае слова, а калі будзе трэба, то таксама прарочыць.
У знак удзячнасці госцю францішканіну за пераканаўчыя словы а. Павел Мажэйка ОР уручыў кнігу — зборнік нарысаў пра дамініканскіх святых. На заканчэнне святой Імшы была праспявана на лацінскай мове старажытная антыфона да св. Дамініка O spem miram. «О дзіўная надзея, якую Ты даў плачучым братам, што і пасля смерці іх не пакінеш і будзеш у небе заступацца за тых, хто Цябе кліча. Споўні, ойча, што абяцаў, падтрымлівай нас малітвамі сваімі», — такі змест укрыты за лацінскімі словамі антыфоны.
Праз гэты спеў, Нешпары, Ружанец і літанію да св. Дамініка супольнасць давярала заступніцтву свайго апекуна свае інтэнцыі і Ордэн дамініканцаў (а яго справа трывае ўжо больш за 800 гадоў), каб і надалей развіваўся ў свеце і ў Беларусі. Парафіяне ў гэты дзень павіншавалі сваіх душпастыраў — а. Рамана Шульца ОР і а. Паўла Мажэйку ОР — і ўручылі ім прыгожыя ліліі, якія сімвалізуюць чысціню.