Вернісажам, што прайшоў у сценах старажытнага кляштару, завяршыўся 30 ліпеня трэці міжнародны мастацкі пленэр «Скарынер» у Друі пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы.
Напярэдадні, 29 ліпеня, Друю наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў святую Імшу на заканчэнне «Скарынера».
Значэнню веры ў жыцці чалавека і мастацтве прысвяціў сваю гамілію біскуп Алег Буткевіч. Іерарх нагадаў аб існаванні цеснай сувязі паміж стварэннем і творцам, адзначаючы, што за кожным творам стаіць ягоны аўтар: «Аглядаючы пэўны твор, мы глядзім на свет вачыма аўтара».
Пасля Імшы іерарх уручыў мастакам дыпломы ўдзельнікаў пленэру.
Эмацыйным і пранікнёным было выступленне паэта Уладзіміра Някляева. Акрамя чытання сваіх вершаў паэт падзяліўся ўспамінам, кажучы, што найбольшае духоўнае ўзрушэнне ён перажыў калісьці ў Варшаве, на Імшы з Папам Рымскім Янам Паўлам II, сёння ўжо святым. Гэта быў той момант, калі мільён палякаў разам з Папам прамаўлялі малітву «Ойча наш…» Паэт падзяліўся сваёй марай — быць сведкам таго, як мільён беларусаў разам будуць прамаўляць малітву «Ойча наш…» на іх роднай, беларускай мове. Для ксяндза Сяргея Сурыновіча паэт падрыхтаваў адмысловы падарунак — афорт мастака Уладзіміра Вішнеўскага.
Вельмі цёпла прынялі слухачы выступленне спявачкі Вольгі Акуліч.
30 ліпеня, у нядзелю пасля святой Імшы, вернікі парафіі, а таксама шматлікія госці маглі азнаёміцца з плёнам працы мастакоў, што ўдзельнічалі ў «Скарынеры». Ірына Маслякова, жыхарка Друі, адзначыла, што яе вельмі ўразілі працы мастакоў. Акрамя гэтага, жанчына заўважыла важнасць таго, што форум такога кшталту прайшоў менавіта ў Друі, невялікай вёсцы, дзе адбываецца не так і шмат падзей.
«Гэта як глыток паветра», — дадала яна. А вось сужэнцы Ірына і Міхаіл Ставіцкія адмыслова прыехалі з Браслава ў Друю, каб наведаць вернісаж. Ірына і Міхаіл — мастакі, якія самі вучаць дзяцей маляваць. Таму для іх гэта не толькі спосаб атрымаць пазітыўныя ўражанні, але і прафесійная цікавасць. «Ад аглядання гэтых працаў атрымліваеш такое задавальненнне, гэта такая дадатковая “падпітка”. Тут бачны рукі майстроў, у якіх шмат можна чаму навучыцца», — кажа Ірына Ставіцкая.
«Натхнёныя Друйскай святыняй»
Працы, створаныя мастакамі на працягу тыдня ў келлях старажытнага кляштара і ваколіцах Друі, розныя па стылях і манеры выканання, колеравай гаме і сюжэтах. Крысціна Баранава, студэнтка Акадэміі Мастацтваў, у серыі невялікіх па памеры эцюдаў перадала ў колерах сваё бачанне Друі ў розныя гадзіны дня. «На пленэры галоўнае — атмасфера месца, таму я і імкнулася ў сваіх працах “ахапіць“ колеравую атмасферу Друі», — распавядае дзяўчына.
Юры Немагай, мастак з Магілёва, ужо другі год запар у сценах друйскага кляштара стварае рэлігійныя нацюрморты — прыктычна не існуючы ў сучасным мастацтве Беларусі жанр. Мастак кажа, што на гэта яго натхняе менавіта незвычайнасць месца. «У штодзённым жыцці гэтага няма, а тут ты знаходзішся сярод незвычайных рэчаў», — кажа Юры Немагай.
Многія мастакі перанеслі на свае палотны друйскія краявіды і будынкі, перадаючы сваё бачанне адмысловымі колерамі, як гэта зрабіў на сваіх карцінах мастак з Гомеля Юрый Платонаў. Незвычайнасць колераў на ягоных палотнах хіба нікога не пакінула абыякавым.
Уменне бачыць адмыслвае ў самым звычайным перадала ў адной са сваіх прац Наталля Гудкова з Рагачова. На карціне — выява акна на сцяне праваслаўнай царквы, якая зараз рэстаўруецца, але яшчэ не мае даху. «Калі глядзіш на сцяну, не бачыш нічога, акрамя яе, заглядаючы ж у вакно, — бачыш неба і ўвогуле цэлы Сусвет», — кажа мастачка.
Пры гэтым амаль для кожнага мастака крыніцай натхнення стаў касцёл Найсвяцейшай Тройцы — амаль кожны мастак намаляваў у часе пленэру гэтую велічную святыню.
Руслан Лабуць з Браслава распавядае, што у 1985 годзе ён адпачываў у Друі ў школьным летніку. Выходзіць за межы агароджы школьнікам было забаронена, а хлопца вельмі вабіў касцёл, які быў бачны з тэрыторыі летніка. «Мне ён здаваўся такім таямнічым, — распавядае мужчына. — І вось цяпер маляваннем выявы касцёла я нібы здзейсніў тую дзіцячую мару — убачыў касцёл зблізку».
На карціне «Боскі дзень» мастака і выкладчыка Чэслава Шамшуры з Віцебска — дуб і касцёл. Гэты вялізны дуб стаіць трохі наводдаль касцёла, але на карціне мастак паказаў іх разам. «Дуб — сімвал магутнасці. Размясціўшы іх разам, я падкрэсліў гэтым таксама магутнасць і велічнасць касцёла — ён перажыў усе нягоды і ліхалецці і, адрадзіўшыся пасля гадоў атэістычнага занядбання, нагадвае нам пра вечнае», — падзяліўся мастак.
Дарога, што вядзе да касцёла, і сама святыня натхніла на напісанне карціны з філасофскай назвай «Шлях да храма» мастака з Лепеля Алеся Саўчанку. А вось Кацярына Мяснікава з Полацка кажа: «У кожным населеным пункце я перадусім шукаю культавыя будынкі — для мяне гэта genius loci. У Друі ім з’яўляецца гэты старажытны касцёл».
Частка карцін з пленэру папоўніць мастацкую галерэю, што ствараецца пры кляштары ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ксяндзом Сяргеем Сурыновічам. У сярэдзіне жніўня працы «Скарынера» будуць выстаўлены ў Чырвоным касцёле ў Мінску.