Пошук

17.07.2017 16:10   Catholic.by
фота grodnensis.by

16 ліпеня ліпеня ў парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі у Гродне (пабрыгідскі) прайшла ўрачыстая св. Імша з нагоды 50-годдзя манаскага жыцця с. Стэлы Ядкоўскай CSFN.

«Сёння на Эўхарыстыі мы не толькі святкуем урачыстасць Маці Божай Шкаплернай, але і юбілей незвычайнага чалавека, якія з’яўляецца сястра назарэтанка Стэла Ядкоўская, якую добра ведаюць у Гродне як “цёцю Аню”», — адзначыў напачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што сястра Стэла — прыклад законніцы, якая ў цяжкія часы пераследу веры адчула голас паклікання і адважылася адказаць сваё «так» Хрысту.

Сястра Стэла нарадзілася ў 1944 годзе ў парафіі ў Заневічах, з якой паходзяць ужо некалькі святароў і кансэкраваных асобаў. Маладой дзяўчыне асабліва імпанавала асоба назарэтанкі Тамашы Занеўскай, ураджэнкі гэтай парафіі.

Калі с. Тамаша прыязджала дадому на канікулы, Стэла распытвала ў яе пра жыццё ў супольнасці. Так у яе самой нарадзілася моцнае жаданне стаць законнай сястрой. У 1966 г. дзяўчына пераязджае ў Гродна, каб пачаць працу ў шпіталі, працягваючы вучыцца ў вечаровай школе і дапамагаючы сёстрам-назарэтанкам.

«Адначасова гэта быў неабходны для манаскай фармацыі час аспірату, пасля якога пачаўся навіцыят пад кіраўніцтвам с. Берхманс, настаяцельніцы сясцёр-назарэтанак у Гродне», — дадаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт прызнаўся, што добра памятае сястру Стэлу ў тыя часы. Першы раз на яе паказаў яго бацька, кажучы, што гэта манахіня.

«Я запомніў сястру як дзяўчыну, якая ўдзельнічала ў Эўхарыстыі недалёка ад прэзбітэрыя. Прысутнасць сясцёр назарэтанак у тыя часы атэізму была чымсьці надзвычайным і, прызнаюся, аказала ўплыў таксама і на маё пакліканне», — падкрэсліў іерарх.

Шмат гадоў да 1990-х, калі прыйшлі грамадска-палітычныя змены, с. Стэла выконвала функцыю настаяцельніцы дому сясцёр-назарэтанак, захоўваючы лучнасць з генеральным кіраўніцтвам правінцыі Найсвяцейшага імені Езус.

«У гродзенскай супольнасці назарэтанак сястра стала своеасаблівым мастом, які злучаў два берага назарэтанскага мінулага і новай рэчаіснасці манаскага жыцця ў катакомбах», — дадаў іерарх.

Паводле слоў Мітрапаліта, у Гродне і далёка за яго ваколіцамі людзі ведалі, што ў выпадку неабходнасці можна звярнуцца да сясцёр-назарэтанак і да с. Стэлы, яны дапамогуць у пытаннях падрыхтоўкі да першай споведзі, Камуніі, да шлюбу і г.д.

«Калі ў 1990 годзе я адкрываў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, яе дапамога ў вырашэнні многіх гаспадарчых і практычных спраў была вельмі значнай. — прыгадаў арцыбіскуп. — Кажу гэта з поўнай адказнасцю, бо без дапамогі і практычных парадаў сястры Стэлы не ўпэўнены, ці змагла б семінарыя распачаць сваё існаванне ў тыя часы...»

Таксама іерарх звярнуў увагу на ініцыятыўнасць законніцы, дзякуючы старанням якой ў чатырох гродзенскіх шпіталях дзейнічаюць каталіцкія капліцы.

«Дарагая с. Стэла, 50 гадоў таму ты распачала манаскае жыццё, каб, жывучы паводле евангельскіх прынцыпаў, супрацьстаяць бязбожным тэндэнцыям свету і сведчыць у ім пра Хрыста, — звярнуўся Мітрапаліт да юбіляркі. — Сваёй дзейнасцю ты пакінула моцны след на гродзенскай зямлі. Сімвалічна, што свой юбілей ты святкуеш у 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Слова “Стэла” з лацінскай мовы перакладаецца як “зорка”. Заставайся і надалей той зоркай, святло якой дапаможа заблуканым ў жыцці не згубіцца, а хворым і патрабуючым будзе радасцю і надзеяй, дарагая ўсім нам сястра Аня».

Абноўлена 13.05.2018 13:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа