13 ліпеня ў Фаціме адбылася святая Імша для пілігрымаў з Беларусі. Набажэнства стала цэнтральнай часткай пілігрымавання беларускіх вернікаў да маці Божай Фацімскай у 100-годдзе яе аб’яўленняў.
Гэты дзень для правядзення св. Імшы быў абраны невыпадкова. 13 ліпеня 1917 года Марыя аб’явілася фацімскім пастушкам і перадала сваё пасланне адносна Расіі, у склад якой тады ўваходзілі беларускія землі.
«Божы Провід сёння дазваляе нам стаць на гэтым святым месцы фацімскіх аб’яўленняў, якія цесна звязаны з гісторыяй нашай краіны ў ХХ стагоддзі, асабліва ганенняў на веру, якія таксама адносяцца да яе сучаснасці», – звярнуўся да пілігрымаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
«Калі падчас папярэдніх аб’яўленняў, пачынаючы ад 13 мая, Марыя прасіла фацімскіх пастушкоў маліцца на ружанцы аб міры ў свеце і навяртанні грэшнікаў, то 13 ліпеня 1917 года яна адкрыла ім тры таямніцы. У першай Божая Маці прадставіла візію пекла, куды трапляюць грэшныя душы. У другой – прадказала завяршэнне Першай сусветнай вайны, распачацце Другой і пераслед Касцёла», – узгадаў іерарх.
Арцыбіскуп узгадаў таксама, што менавіта падчас адкрыцця першай таямніцы Марыя заклікала прысвяціць Расію яе Беззаганнаму Сэрцу, каб гэта стала ўмовай яе навяртання і «развіцця яго культу, асабліва праз адмысловыя набажэнствы ў першыя суботы месяца». Таму вельмі важна, паводле слоў іерарха, не забывацца пра вялікую важнасць навяртання і малітвы, а таксама пакланення Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
«Марыя прыйшла, каб нагадаць чалавецтву, што ў ім жыве і яго абараняе Боскае святло. У гэтых яе словах была схавана надзея, нават насуперак надзеі, калі здавалася, што атэістычны рэжым будзе існаваць вечна. Так здавалася чалавеку, але Бог яшчэ раз паказаў, што яго планы – гэта не чалавечыя планы, і толькі ён, а не хтосьці іншы, з'яўляецца Валадаром свету»,– сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп заўважыў, што «сітуацыя сучаснага свету ў пэўным сэнсе нагадвае сітуацыю, якая існавала 100 гадоў таму, толькі са значна больш небяспечнымі выклікамі». Таму фацімскае пасланне застаецца актуальным і ў наш час.
«Сёння, у месцы фацімскіх аб’яўленняў, у дзень, калі Марыя роўна 100 гадоў таму прадказала трагічную гісторыю нашага народа ў ХХ стагоддзі і дала надзею на духоўнае адраджэнне, не выйдзем з яго, пакуль не зробім адмысловага пастанаўлення быць паслухмянымі закліку Божай Маці, каб крочыць дарогай малітвы, асаблівага пакланення Беззаганнаму Сэрцу Марыі і святога ружанца, а таксама пакаянню».