Пошук

14.07.2017 17:22   Catholic.by

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, пілігрымы з Беларусі!

1.«Божы Провід сёння дазваляе нам стаць на гэтым святым месцы фацімскіх аб’яўленняў, якія цесна звязаны з гісторыяй нашай краіны ў ХХ стагоддзі, асабліва ганенняў на веру, якія таксама адносяцца да яе сучаснасці. Менавіта адсюль, з гэтага месца, 100 гадоў таму Марыя як любячая Духоўная Маці паспяшыла да нас са сваёй дапамогай.

Святы Ян Павел II, вялікі прыхільнік Божай Маці Фацімскай і прамоўтар яе культу, кажа, што нічога ў гэтым свеце не адбываецца выпадкова, але заўсёды паводле адвечнага плану Божага Провіду. Таму ў Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў трэба паглядзець на іх праз прызму нашай веры ў Божы Провід.

За мінулыя 100 гадоў і асабліва ў апошнія часы было сказана вельмі многа на гэтую тэму. Сёлета слова «Фаціма» не сыходзіць з вуснаў вернікаў, і мы ўсё часцей вяртаемся да аб’яўленняў, якія мелі месца 100 гадоў таму. Звяртаемся з мэтай паглыбіць іх сэнс і спытаць сябе, ці варта яшчэ вяртацца да іх пасля такога доўгага перыяду, які быў адзначаны вельмі вялікімі сацыяльна-палітычнымі і культурнымі зменамі.

2. Аб’яўленні, якія адбыліся роўна 100 гадоў таму 13 ліпеня 1917 г., маюць самае непасрэднае значэнне для нашай зямлі. Калі падчас папярэдніх аб’яўленняў, пачынаючы з 13 мая, Марыя прасіла фацімскіх пастушкоў маліцца на ружанцы аб міры ў свеце і навяртанні грэшнікаў, то 13 ліпеня 1917 года яна адкрыла ім тры таямніцы. У першай Божая Маці прадставіла візію пекла, куды трапляюць грэшныя душы. У другой – прадказала завяршэнне Першай сусветнай вайны, распачацце Другой і пераслед Касцёла.

У ёй яна таксама заклікала да прысвячэння Расіі яе Беззаганнаму Сэрцу, як умовы яе навяртання і развіцця яго культу, асабліва праз адмысловыя набажэнствы ў першыя суботы месяца. Трэцяя таямніца, якая была абнародавана толькі ў 2000 годзе, прадстаўляе сабой нябачную да гэтага візію крывавых ганенняў на веру, Святога Айца, біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, і таксама заклік анёла да пакаяння. Адным словам – Фацімскія аб'яўленні Божай Маці – гэта прадказаная ёй гісторыя пераследу веры і яе адраджэнне.

Фацімскія аб’яўленні заклікаюць да навяртання і малітвы, асабліва ружанцовай, і пакланення Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Святы Ян Павел II кажа, што Касцёл прыняў аб’яўленні Божай Маці ў Фаціме таму, што яны прадстаўляюць праўду Евангелля, дзе Езус заклікае да малітвы і навяртання. Таму Фацімскае пасланне – гэта не што іншае як актуалізацыя Евангелля ў канкрэтны час гісторыі, менавіта ў 1917 г., калі атэізм з прывіду, аб якім казаў Маркс, станавіўся рэальнасцю і ўсё больш пагражаў чалавеку.

Два месяцы таму на гэтым месцы папа Францішак сказаў, што Марыя перасцерагла і папярэдзіла свет адносна бязбожнага ладу жыцця, які рэальна прафанаваў Бога ў Яго тварэннях. Такі лад жыцця людзі часта вядуць, і з ім звязана рызыка трапіць у пекла. Марыя прыйшла, каб нагадаць чалавецтву, што ў ім жыве і яго абараняе Боскае святло. У гэтых Яе словах была схавана надзея, нават насуперак надзеі, калі здавалася, што атэістычны рэжым будзе існаваць вечна. Так здавалася чалавеку, але Бог яшчэ раз паказаў, што Яго планы – гэта не чалавечыя планы, і толькі Ён, а не хтосьці іншы, з'яўляецца Валадаром свету.

3. Сітуацыя сучаснага свету ў пэўным сэнсе нагадвае сітуацыю, якая існавала 100 гадоў таму, толькі са значна больш небяспечнымі выклікамі, і насамрэч з’яўляецца драматычнай. Ужо ідзе ў фрагментарнай форме Трэцяя сусветная вайна, якая ў кожную хвіліну можа перамяніцца ў глабальную, аб чым нагадваюць ваенныя дзеянні, перадусім на Блізкім Усходе, і напружанасць на Карэйскім паўвостраве, а таксама шматлікія тэрарыстычныя акты.
Адбываецца сапраўдная вайна супраць Бога, устаноўленага інстытута сям’і і самага вялікага і найбольш каштоўнага Божага дару, якім з’яўляецца жыццё. Паўсюдна не захоўваюцца этычныя нормы. Шляхам адмовы ад Божага права, распаўсюджвання парнаграфіі, сексізму, геданізму, наркаманіі, алкагалізму, фальшыва зразумелай свабоды і г.д. вядзецца прапаганда маральнай разбэшчанасці.

Адным словам, у свеце адбываецца новая антыхрысціянская рэвалюцыя, якая адмаўляецца ад базавых духоўных каштоўнасцяў і зноў вядзе барацьбу з Касцёлам. Нездарма папа Бэнэдыкт XVI кажа, што памыляецца той, хто лічыць, што прароцкая місія Фацімы завяршылася. Яна застаецца актуальнай і ў наш час і такой будзе заўсёды. Чалавек грашыць, і таму патрабуе навяртання, якое вядзе да поўнай еднасці з Богам, каб мы маглі паўтарыць разам са св. апосталам Паўлам: «Ужо не я жыву, але ўва мне жыве Хрыстус». Патрабуе чалавек і малітвы, якая для падтрымкі і ўдасканалення духоўнага жыцця выконвае такую ж ролю як паветра для біялагічнага. Гэтаксама як чалавек патрабуе паветра, каб жыць фізічна,  ён патрабуе  малітвы, каб жыць сапраўдным духоўным жыццём.

4. Фацімскае пасланне застаецца актуальным, і таму з’яўляецца заклікам да новых пастырскіх і духоўных ініцыятыў. У ім Марыя часта паўтаре слова «калі». Яна кажа: «Калі будзеце маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, а калі не, то свет чакаюць цяжкасці».  Гэтым самым Бог праз Марыю заклікае нас да супрацоўніцтва, бо Фацімскае прароцтва споўніцца да канца, калі мы выканаем тое, аб чым нас просіць Марыя.

Праз 100 гадоў Марыя ўказвае і асвятляе нам дарогу, па якой мы павінны ісці ў жыцці. Не ведаючы дарогі, мы не дасягнём мэты нашага падарожжа. Дзякуючы фацімскім аб’яўленням Бог і сёння праводзіць усеагульную мабілізацыю духоўных сіл на барацьбу са злом.

Падчас аб’яўленняў Божай Маці фацімскія дзеці былі ахінуты Боскім святлом, які зыходзіў ад Марыі. Таму Фаціма – гэта не што іншае, як Пакроў Боскага Святла, які абараняе нас так, як ніхто іншы. Таму нам неабходна ўкрыцца пад ім і ўсклікаць да нашай Духоўнай Маці: «Марыя, вядзі нас да Езуса, адзінага Збаўцы свету, учора, сёння і назаўжды». Ён з'яўляецца якарам нашай надзеі, якая вядзе нас па жыцці.

Сёння, у гэтым святым месцы фацімскіх аб’яўленняў, у дзень, калі Марыя роўна 100 гадоў таму, прадказала трагічную гісторыю нашага народа ў ХХ стагоддзі і дала надзею на духоўнае адраджэнне, не выйдзем з яго, пакуль не зробім адмысловага пастанаўлення быць паслухмянымі закліку Божай Маці, каб крочыць дарогай малітвы, асаблівага пакланення Беззаганнаму Сэрцу Марыі і святога ружанца, а таксама пакаянню.

Удзячныя Богу, які прадстаўніцтвам Божай Маці адорвае нас сваімі шчодрымі ласкамі, звяртаемся да цябе, Марыя. Выпрасі ў свайго Сына ласку, каб у нашых сэрцах жыло актуальнае фацімскае пасланне, і каб мы заўсёды былі светачамі ў духоўнай цемры сучаснага свету. Амэн.

13 Ліпеня 2017 года

Абноўлена 18.07.2017 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа