Пошук

14.07.2017 11:59   Catholic.by

З 5 па 8 ліпеня ў Івянцы праходзіла VII Парафіяда дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арганізатарам якой выступіла моладзевая місія «Чыстае сэрца». Пераможцам Парафіяды стала каманда са Свіры, другое месца — у каманды з Івянца, замкнулі тройку прызёраў дзеці і моладзь з Дзяржынска.

Сваімі ўражаннямі і разважаннямі ад удзелу ў Парафіядзе дзеліцца валанцёр місіі Аляксандра Гавейка.

У гэтым годзе Аляксандра рыхтавала да ўдзелу ў Парафіядзе каманду са Свіры. Падрыхтоўка, як распавяла дзяўчына, распачалася яшчэ за паўтара тыдня да самога мерапрыемства.

«Апошнія некалькі гадоў я ездзіла на Парафіяду як выхавальнік, але менавіта сёлета гэта было, можна сказаць, афіцыйна. Асаблівых складанасцей я не адчула, таму што з дзецьмі і падлеткамі мне лёгка знайсці агульную мову. Да ўсяго – у іх было вельмі вялікае жаданне паехаць на гэтыя спаборніцтвы і паказаць сябе», – распавяла дзяўчына.

Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – гэта адзін з праектаў, які падтрымлівае дабрачынная моладзевая місія «Чыстае сэрца», дырэктарам якой з’яўляецца кс. Юрый Санько. Мерапрыемства праходзіць, як правіла, летам і збірае некалькі каманд дзяцей і моладзі з розных парафій. Традыцыйна Парафіяда падзяляецца на тры часткі: тэатр, святыня і спорт, у якіх удзельнікі могуць праявіць сябе і раскрыць свае таленты і здольнасці ў спорце і розных відах мастацтва, а таксама ўмацавацца духоўна праз удзел у малітвах і св. Імшы.

«Я з 14 гадоў ездзіла на Парафіяды. Пакуль падыходзіла па ўзросце – ездзіла пастаянна. З таго часу Парафіяда – гэта для мяне адна з галоўных падзей лета. Гэта заўсёды шмат эмоцый і ўражанняў, гэта проста цудоўнае баўленне часу са сваімі сябрамі з касцёла і яднанне з Богам. І насамрэч я вельмі радая, таму што ўсё, што я асабіста адчуваю душой да гэтага мерапрыемства, я змагла перадаць дзецям», – заўважае Аляксандра.

«Напрыканцы парафіяды, калі мы збіраліся з’язджаць, дзеці дзякавалі і проста былі ў захапленні. І насамрэч я вельмі радая, што ў мяне ёсць такая магчымасць і шанец перадаць ім частку духоўнасці, якая павінна быць у кожным. І калі ў мяне яшчэ будзе такая магчымасць, я абавязкова ў гэтым паўдзельнічаю, таму што гэта проста неверагодна», – падзялілася дзяўчына.

Аляксандра ўжо даўно з’яўляецца валанцёрам місіі «Чыстае сэрца» і заўважае, што гэта для яе «як аддушына і адначасова дар, якога варты кожны».

«Я лічу, што валанцёр – гэта не прадстаўнік пэўнай арганізацыі, валанцёрам ты павінен быць па жыцці. І я вельмі радая, што з’яўляюся валанцёрам, таму што магу даваць сведчанне пра Бога, а таксама прыносіць нейкі добры плён для душаў іншых людзей. Гэта нейкім дзіўным чынам быццам амалоджвае мяне. Радая, што калісьці даўно кс. Юрый Санько запрасіў мяне быць валанцёрам, і яшчэ ні на секунду аб гэтым не пашкадавала».

Абноўлена 14.07.2017 17:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа