Пошук

13.07.2017 14:58   Catholic.by

Дарагія дыяцэзіяне, а асабліва вернікі Баранавіцкага рэгіёна Пінскай дыяцэзіі!

Сёлета 13 ліпеня спаўняецца 75 гадоў трагедыі, якая здарылася на баранавіцкай зямлі ў часы Другой сусветнай вайны. Тады, у 1942 г., былі арыштаваны і змешчаны ў Баранавіцкую турму, а потым у канцэнтрацыйны лагер смерці ў Калдычэве 18 святароў нашай дыяцэзіі. Усе яны загінулі мучаніцкай смерцю. У большасці гэта былі выпускнікі пінскай духоўнай семінарыі. Пасля тых страшных падзей вернікі парафій Баранавіцкага рэгіёна на доўгія дзесяцігоддзі засталіся без душпастырскай апекі і сакрамэнтальнай паслугі, нібы авечкі без пастыра.

Заахвочваю ўсіх вас у сваіх парафіях памаліцца за загінуўшых душпастыраў. Калі ў вашай святыні яшчэ няма памятнага знаку, дзе да канца жыцця служыў той ці іншы святар-мучанік, які аддаў жыццё за сваю паству, належыць змясціць яго як напамін для нашчадкаў, захоўваючы адпаведныя нормы.

Заахвочваю да супольнай малітвы ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Гарадзішчы 13 ліпеня 2017 г., дзе я буду цэлебраваць святую Імшу аб пакліканнях да Божай службы ў 16.00. Таксама заахвочваю ўсіх святароў, асабліва Баранавіцкага рэгіёна, у вызначаны дзень, да канца месяца, правесці набажэнствы з удзелам вернікаў, ва ўсіх касцёлах і капліцах Баранавіцкага і Ляхавіцкага дэканатаў. Напярэдадні прашу пазнаёміць вернікаў з біяграфіямі святароў, якія загінулі мучаніцкай смерцю: кс. Баляслаў Брычкоўскі, кс. Лявон Буйноўскі, кс. Тадэвуш Гжэсяк, кс. Алаізі Карамуцкі, кс. Уладзіслаў Клімчак, кс. Мечыслаў Кубік, кс. Альфонс Аляшчук, кс. Уладзіслаў-Зыгмунт Паўлоўскі, кс. Вінцэнт Студзінскі, кс. Францішак Улінскі, кс. Уладзіслаў Вархаповіч, кс. Віктар Вяржбіцкі, кс. Вінцэнт Кураз, кс. Тамаш Менцёр (Баранавічы, †1942 г.), кс. Юзаф Казлоўскі, прэфэкт духоўнай семінарыі ў Пінску (Свіслач, †1943 г.), кс. Вітольд Івіцкі, кс. Ян Язерскі, кс. Баляслаў Руткоўскі.

Фармуляр святой Імшы, які неабходна выкарыстаць у гэты дзень – “Аб пакліканнях да Божай службы”. Будзем прасіць Езуса Хрыста, Добрага Пастыра, аб пакліканні юнакоў да Божай службы ў Касцёле і аб пакліканні да манаства дзяўчат з нашых парафій, каб праз малітву, жыццё ў чысціні і сціпласці яны былі прыкладам для моладзі і сужэнцаў у захаванні вернасці хрысціянскай традыцыі і сужэнскай прысязе. Молім добрага Бога, заклікаем Божую міласэрнасць, каб сумны досвед, які выпаў на долю нашых продкаў, пазбаўленых святароў, ніколі больш не паўтарыўся. Будзем прасіць Бога, каб Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску кожны год напаўнялася маладымі людзьмі з нашых парафій, якія пасля адпаведнай падрыхтоўкі будуць здольнымі да ахвярнага служэння ў нашых касцёлах, з упэўненасцю кажучы Гаспадару жніва: “Вось я. Пакліч мяне на Жніво сваё”. Да ўсіх жа нас Езус скіроўвае словы: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Лк 10, 2).

+ Антоні Дзям’янка
      Біскуп Пінскі

Пінск, 26.06.2017 г.


Шаноўныя душпастыры абвесцяць гэтае паведамленне вернікам у нядзелю 9 ліпеня 2017 г. падчас кожнай святой Імшы, а таксама размесцяць яго тэкст на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на цэлы месяц ліпень.    

Біяграфіі святароў               

АЛЯШЧУК Альфонс [14.12.1902, мяст. Драгічын (Drohiczyn), Польшча — 13.7.1942], святар. Скончыў пінскую духоўную семінарыю. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1932). У 1933 прызначаны в. а. адміністратара касцёла Перамянення Пана мяст. Новая Мыш Баранавіцкага пав. і дэканата, цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. Адначасова в. а. адміністратара парафіі ў в. Жалезніца Баранавіцкага пав. Пружанскага дэканата, цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. На 1.1.1939 капітан, капелан рэзерву. Мабілізаваны 28.4.1939. Пасля верас. 1939 вярнуўся ў парафію. Арыштаваны з іншымі святарамі Пінскай дыяцэзіі 28 (ці 29).4.1942 бел. паліцыяй. Пасаджаны ў Баранавіцкую турму. Расстраляны з 17 святарамі і 23 парафіянамі каля в. Калдычэва (15 км ад Баранавічаў) узводам Літоўскага Зондэр. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Niech ich świadectwo Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

БУЙНОЎСКІ Лявон Міхайлавіч [16.6.1891, мяст. Альшанка (Olszanka), цяпер Польшча — 1943], святар. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1917). Прызначаны вікарыем парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве. З ліп. 1921 рэктар капліцы Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў в. Рудня- Шлягіна Гомельскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Веткаўскі р-н Гомельскай вобл. Пазней в. а. пробашча і дэкана касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.

У пачатку 1922 арыштаваны ЧК за супраціў канфіскацыі касцёльнай маёмасці. Вызвалены. 23.4.1922 перайшоў на нелегальнае становішча, хаваўся ў Гомелі пад чужым прозвішчам. Каб дапамагчы 10 арыштаваным у Гомелі парафіянам, прыехаў у маі 1922 у Маскву і перадаў польскаму паслу інфармацыю аб рэпрэсіях супраць гомельскіх католікаў. 19.5.1922 у польскай камісіі па рэпатрыяцыі папярэджаны, што павінен быць асцярожным і ў выпадку рэпрэсій выехаць у Польшчу. Арыштаваны ў Мінску ў канцы мая 1922. Вызвалены ў 1924 праз абмен палітвязнямі паміж Польшчай і СССР. У 1925-32 пробашч касцёла св. Міхала Арханёла ў мяст. Івянец, цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл., візітатар школ катэхізацыі Пінскай дыяцэзіі.

З 1934 в. а. пробашча парафіяльнага касцёла свв. апосталаў Пятра і Паўла ў в. Мядзведзічы Баранавіцкага пав., цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл., рэктар філіяльнага (пры парафіі ў Мядзведзічах) касцёла ў в. Сіняўка, цяпер Клецкі р-н Мінскай вобл. Арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі 27.6.1942. Зняволены ў Баранавіцкай турме. Паводле адных звестак, расстраляны 13.7.1943 з 14 іншымі святарамі на гарадскіх могілках, паводле іншых — загінуў у нямецкім лагеры ў Калдычэве каля Баранавічаў. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Elenchus cleri et ecclesiarum archidioeceseos Mohiloviensis; Литургический календарь; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu; З асабістага архіва У. Васькова.

БАРТУШАК Юзаф [1908-13.7.1942 ці ў 1943], святар. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1936). Служыў вікарыем у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў мяст. Высока-Літоўск Брэсцкага пав. Палескага ваяв., цяпер г.п. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., адначасова прэфект народных школ. Падчас Другой сусветнай вайны пробашч касцёла ў в. Заастравечча Нясвіжскага пав. і дэканата, цяпер Клецкі р-н Мінскай вобл. Арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі 28.6.1942. Паводле адной версіі, расстраляны ў Баранавічах, цяпер Брэсцкай вобл., паводле інш., у в. Калдычэва (15 км ад Баранавічаў). Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

БРЫЧКОЎСКІ Баляслаў [1909, в. Міхалёўшчына (ці Міхалінава) Рубяжэвіцкай вол. Мінскага пав., цяпер Дзяржынскі (або Стаўбцоўскі) р-н Мінскай вобл. - 1942], святар. З сялянскай сям’і. Скончыў пінскую духоўную семінарыю. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1936). З 1937 в. а. пробашча касцёла св. Яна Хрысціцеля ў мяст. Крывошын Баранавіцкага пав. Наваградскага ваяв., цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. Арыштаваны гестапа ў 1942. Зняволены з іншымі святарамі ў лагеры Калдычэва каля Баранавічаў. Атручаны газам. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917-1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

ГЖЭСЯК Тадэвуш [1.10.1901, Бярдзічаў, цяпер Жытомірская вобл., Украіна — 13.7.1942, Баранавічы, цяпер Брэсцкай вобл.], святар. Прыняў сакрамэнт пасвячння (1926). З 1936 пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку Нясвіжскага пав. Наваградскага ваяв., цяпер райцэнтр Мінскай вобл. Падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі. Арыштаваны гестапа за дапамогу яўрэям. Зняволены ў Баранавіцкай турме. Расстраляны. Пахаваны на праваслаўных могілках. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

КАРАМУЦКІ Алаізі [1908-13.7 (ці 14.8).1942 (?)], святар. Скончыў пінскую (?) духоўную семінарыю. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1934). З 1936 вікарый, з 1938 в. а. пробашча парафіі Узвышэння Св. Крыжа ў мяст. Івацэвічы, цяпер райцэнтр Брэсцкай вобл. Арыштаваны немцамі 26.6.1942 за ўдзел у антыфашысцкім руху. Расстраляны з групай івацэвіцкай інтэлігенцыі 13.7 (ці 14.8).1942 у Баранавічах Брэсцкай вобл. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

КЛІМЧАК Уладзіслаў Янавіч [1913, Вамперава каля Мельца (Mielc), Польшча — 13.7.1942, Баранавічы], святар. У 1924 паступіў у гімназію імя С. Канарскага ў Мельцы, у 1934 — у пінскую духоўную семінарыю. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1939). Служыў у Пінскай дыяцэзіяльнай курыі, пазней у капліцы ў в. Моладава, цяпер Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл., касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў в. Парэчча, цяпер Гродзенскі р-н. З 1.7.1941 в. а. пробашча касцёла свв. апосталаў Пятра і Паўла ў мяст. Лагішын, цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл. У студз. 1942 вярнуўся ў Парэчча. Арыштаваны фашыстамі за дапамогу партызанам і яўрэям 26.6.1942 падчас службы ў касцёле. Зняволены ў Брэсцкай, потым у Баранавіцкай турмах. Расстраляны на праваслаўных могілках у Баранавічах з 400 мірнымі жыхарамі, сярод якіх было 17 святароў. Кр.: Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

КУБІК Мечыслаў [11.1.1900—13.7.1942, Баранавічы, цяпер Брэсцкай вобл.], святар. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1931). З 1935 вікарый, потым пробашч касцёла Божага Цела ў мяст. Нясвіж, цяпер райцэнтр Мінскай вобл., нясвіжскі дэкан. Арыштаваны гестапа 29.6.1942 за дапамогу яўрэям. Зняволены ў Баранавіцкай турме. Расстраляны. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

ПАЎЛОЎСКІ Уладзіслаў-Зыгмунт [1879—13.7.1942 (?)], святар. Атрымаў вышэйшую духоўную адукацыю. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1904). З 1928 пробашч касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі мяст. Столін, цяпер райцэнтр Брэсцкай вобл. З 1931 рэктар філіяльнага касцёла св. Антонія Падуанскага (?) у в. Пляшэвічы Нясвіжскага пав. і дэканата, цяпер Нясвіжскі р-н Мінскай вобл. З 1935 в. а. пробашча парафіі Маці Божай Анёльскай у в. Лясная Баранавіцкага пав. і дэканата, цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. Расстраляны фашыстамі ў Баранавічах. Пахаваны на праваслаўных могілках. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

РУТКОЎСКІ Баляслаў Юльянавіч [1897 - ліп. 1942], святар. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1922). З 1933 в. а. пробашча касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў в. Юшкавічы Баранавіцкага пав. Пружанскага дэканата, цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. Арыштаваны немцамі за праслухоўванне радыё ў 1941. Расстраляны. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

СТУДЗІНСКІ Вінцэнт [10.1.1899, мяст. Млыны (Młyny) Магільнянскага (?) пав., Польшча — 13.7.1943], святар. Скончыў духоўную акадэмію. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1933). Пасля арышту святара Л. Струмілы-Петрашкевіча служыў пробашчам парафіі Св. мучаніка Юрыя ў в. Сваятычы Баранавіцкага пав. Сталавіцкага дэканата, цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. 29.6.1942 арыштаваны беларускай паліцыяй. Пераведзены ў турму ў Баранавічах. Расстраляны літоўскім атрадам Sonder Kommando. Кр.: Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

УЛІНСКІ Францішак [1873—13.7.1942, Баранавічы, цяпер райцэнтр Брэсцкай вобл.], святар. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1896). Паводле некаторых звестак, у 1900-я вікарый касцёла Найсвяцейшай Тройцы і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мяст. Слуцк, цяпер райцэнтр Мінскай вобл. У 1906-10 адміністратар касцёла св. Юрыя ў в. Пяршаі, цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл. У 1910-15 пробашч касцёла св. Казіміра ў в. Уселюб, цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.

З 1922 в. а. пробашча касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў в. Навасады Баранавіцкага пав. і дэканата, цяпер Баранавіцкі р-н. З 1928 пробашч парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў мяст. Лагішын Пінскага пав. і дэканата, цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл. З 1933 пробашч касцёла св. Станіслава ў мяст. Няміраў (Niemirów) Бельска-Падляскага пав. Драгічынскага дэканата, цяпер Польшча. Паводле некаторых звестак, таксама служыў адміністратарам касцёла ў в. Макееўшчына Баранавіцкага пав. і дэканата, цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. Арыштаваны немцамі 29.6.1942. Расстраляны. Пахаваны на праваслаўных могілках у Баранавічах. Кр.: Каталіцкае духавенства Мінскай дыяцэзіі; Elenchus cleri et ecclesiarum archidioeceseos Mohiloviensis; Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

ВАРХАПОВІЧ Уладзіслаў [1910—13.7.1942, Баранавічы Брэсцкай вобл.], святар. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1937). Пасля 1939 (?) вікарый касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Ганцавічах Лунінецкага дэканата, цяпер райцэнтр Брэсцкай вобл. Арыштаваны гестапа 29.6.1942. Перавезены ў Баранавіцкую турму. Расстраляны. Пахаваны на праваслаўных могілках у Баранавічах (?). Кр.: Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

ВЯРЖБІЦКІ Віктар [1890—13.7.1942, Баранавічы Брэсцкай вобл.], святар. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1926). Служыў адміністратарам парафіяльнага касцёла Перамянення Пана ў мяст. Новая Мыш Баранавіцкага пав. Наваградскага ваяв., цяпер вёска Баранавіцкага р-на. Паводле некаторых звестак, служыў у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Дзераўная Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл. З 1929 в. а. пробашча парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі в. Палонка Баранавіцкага пав. і дэканата, цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. З 1936 в. а. пробашча парафіяльнага касцёла св. Юзафа ў в. Вічуўка Пінскага пав. і дэканата, цяпер Украіна. Расстраляны фашыстамі. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

МЕНЦЁР Тамаш [1897-1942], святар. У 1936-39 в. а. пробашча філіяльнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў в. Навасады, цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. Арыштаваны ў 1942. Расстраляны фашыстамі на праваслаўных могілках у Баранавічах Брэсцкай вобл. Кр.: Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917— 1953.

ІВІЦКІ Вітольд Браніслававіч [10.5.1884, Вільня — 22.1.1943], святар. Скончыў духоўную семінарыю і акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1907). Прызначаны вікарыем касцёла Найсвяцейшай Тройцы і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слуцку, цяпер райцэнтр Мінскай вобл. З 1909 вікарый касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мазыры Мінскай губ., цяпер райцэнтр Гомельскай вобл. У 1914-15 вучыўся ў Рыме, атрымаў навуковую ступень доктара кананічнага права. У 1918 прызначаны вікарыем, потым пробашчам касцёла св. Станіслава ў Петраградзе, цяпер Санкт-Пецярбург.

Арыштаваны 20.9.1920. Этапаваны ў Маскву. Вызвалены дзякуючы абмену вязнямі паміж Расіяй і Польшчай. З 1922 вікарый касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Нягневічы Наваградскага пав. і дэканата, цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. З 1926 пробашч і дэкан катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, цяпер райцэнтр Брэсцкай вобл. З 1934 пробашч касцёла Узвышэння Св. Крыжа ў Брэсце. З 1937 член Пінскай катэдральнай кaпітулы. З 1939 генеральны вікарый біскупа К. Букрабы, брэсцкі дэкан, прафесар вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Падчас Другой сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, дапамагаў яўрэям i палітвязням. Арыштаваны фашыстамі.

Выконваў святарскія абавязкi сярод вязняў да cмepцi, не прыняў ад карнікаў прапановы вызвалення. Расстраляны з 38 закладнікамі ў мяст. Янава, цяпер райцэнтр Іванава Брэсцкай вобл. Кр.: Памятная книжка Минской губернии; Каталіцкае духавенства Мінскай дыяцэзіі; Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Hlebowicz, Katolicyzm w państwie sowieckim 1944—1992; Осипова, Гонения на Католическую Церковь в СССР; Dzwonkowski, Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR; Чаплинский, Осипова, Мартиролог Католической Церкви в СССР; Литургический календарь; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953; Peszkowski, Zdrojewski, Katoliccy duchowni w golgocie Wschodu.

ЯЗЕРСКІ Ян [1911—1943], святар. Скончыў пінскую духоўную семінарыю. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1938). Служыў у касцёле св. Міхала Арханёла ў Наваградку, цяпер райцэнтр Гродзенскай вобл. Потым пробашч парафіі Св. Ганны ў в. Гарадзішча, цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл. Арыштаваны гестапа ў Баранавічах. Расстраляны каля в. Калдычэва Баранавіцкага р-на. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953.

КАЗЛОЎСКІ Юзаф [1893—13.7.1943], педагог, святар, доктар кананічнага права. Прыняў сакрамэнт пасвячэння (1918). Прызначаны вікарыем касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Драгічыне (Drohiczyn), Польшча. З 1932 выкладчык маральнай тэалогіі і педагогікі ў пінскай духоўнай семінарыі. З 1939 пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў мяст. Свіслач, цяпер райцэнтр Гродзенскай вобл. Расстраляны фашыстамі з 250 іншымі арыштаванымі ў лесе каля Свіслачы. Кр.: Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej; Losy Kościoła Katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953.

Абноўлена 13.07.2017 16:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця