Пошук


27.06.2017 08:50  

26 чэрвеня ў Мікалаеве (Віцебская вобласць), дзе ўзведзены мемарыял у памяць аб ахвярах Беразвецкай трагедыі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў святую Імшу за загінулых тут вязняў у 1941 годзе.

26 чэрвеня 1941 года каля вёскі Мікалаева пад Вулай службоўцы НКВД расстралялі калону вязняў Глыбоцкай турмы «Беразвечча». Згодна з архіўнымі дакументамі, на пачатку вайны было прынята рашэнне эвакуіраваць усіх вязняў з заходніх рэгіёнаў углыб СССР.

Калона, якая выйшла з Глыбокага 24 чэрвеня 1941 года, рухалася ў бок Полацка. Двое сутак людзей гналі па спёцы без ежы і піцця, пакідаючы на дарозе трупы — тых, хто знямогся і адставаў, расстрэльвалі на месцы або заколвалі штыхамі.

Каля Вулы калона трапіла пад фашысцкі авіяналёт, а потым турэмны канвой яе расстраляў. Якраз тады выйшаў загад, каб зняволеных, якіх вывелі з турмаў, або выкарыстоўваць на абарончых працах, або адразу расстрэльваць. Асабліва «палітычных» — каб не было лішняга клопату.

У Беразвецкай турме былі жыхары Глыбоччыны, Мёршчыны, Браслаўшчыны, Пастаўшчыны, палонныя жаўнеры Войска Польскага, святары, моладзь, якая ўдзельнічала ў розных арганізацыях — палітычных, грамадскіх, рэлігійных. Нехта трапіў за краты праз даносы або па падазрэнні ў нелаяльнасці да савецкай улады. Большасць складалі нават не асуджаныя, а толькі падследныя.

Па розных звестках, уздоўж дарогі на ўзлеску каля вёскі Мікалаева загінулі ад 800 да 2 тысяч чалавек. Хаваць забітых загадалі вяскоўцам.

Адзін толькі начальнік турмы «Беразвечча» Прыёмышаў, які ўзначальваў канвой, пасля казаў, што асабіста расстраляў каля 600 чалавек. Сакратар ЦК КП(б) Панцеляймон Панамарэнка, які вывучаў матэрыялы справы аб расстрэле беразвецкіх вязняў, прызнаў дзеянні кіраўніка канвою слушнымі.

У Мікалаеве трагедыю памятаюць і дагэтуль. Да нядаўняга часу былі жывыя сведкі тых страшных падзей. Пра гэта згадаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які з 2001 па 2003 гады выконваў абавязкі пробашча парафіі ў Бешанковічах і Вуле, часта прыязджаў і ў Мікалаева.

У гадавіну Беразвецкай трагедыі іерарх узначаліў святую Імшу за памерлых і загінулых.

Звяртаючыся да прысутных, біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў, што ахвяры Беразвецкай трагедыі сышлі з гэтага свету праз чалавечую несправядлівасць:

«На гэтым жалобным месцы трэба штораз ставіць пытанне: чаму ў гісторыі адбывалася і цяпер адбываецца такая несправядлівасць, якая вядзе да загубы людскога жыцця. І як адказ на гэтае пытанне варта сцвердзіць, што да несправядлівасці, да забойства чалавека чалавекам вядзе памылковая ідэалогія. Памылковае ўяўленне пра тое, кім ёсць чалавек, і пра вартасць чалавечага жыцця, пра прызначэнне чалавека, — падкрэсліў іерарх. — Часам мы не шукаем праўды, а ідзём за тым, куды клічуць».

Мемарыял, узведзены ў Мікалаеве з дапамогай польскіх грамадскіх і рэлігійных арганізацый, уяўляе сабой сімвалічную камеру з чорнымі кратамі, брукаванку і доўгую бетонную пліту ўздоўж яе, якая сімвалізуе страшны шлях вязняў. Тут жа ўсталяваны высокі крыж, каля якога моляцца за забітых.

Напрыканцы ўсе прысутныя праспявалі гімн «Магутны Божа».

(svaboda.org/vgr)

Абноўлена 11.07.2017 12:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця