Пошук

28.06.2017 00:00  

28 чэрвеня, у вігілію ўрачыстасці свв. Апосталаў Пятра і Паўла, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў мінскай архікатэдры з нагоды 75 гадавіны трагічнай смерці класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. У гэты ж дзень ў 16.00 на вайсковых могілках у Мінску ля магілы народнага паэта прайшла жалобная малітва, у якой прыняў удзел кс. Дзмітрый Пухальскі.

Вечаровая святая Імша ў гонар беларускага класіка была прымеркавана да купалаўскіх дзён, якія сёлета праходзяць з 27 чэрвеня па 9 ліпеня.

У гаміліі іерарх найперш згадаў вернікам апосталаў Пятра і Паўла. Пётр — просты галілейскі рыбак, які, дзякуючы Божай ласцы, становіцца апосталам. Ён першы выказаў веру ў Езуса як Сына Божага, дзякуючы чаму Езус паабяцаў яму прымат у Касцёле і ключы ад Божага Валадарства.

Вядома, што ў хвіліну выпрабаваня, калі Езус быў арыштаваны, Пётр выракся Яго ажно тры разы. Аднак потым ён моцна шкадаваў аб гэтай здрадзе. Пасля свайго ўваскрасення Езус, нягледзячы на адрачэнне Пятра, дае яму найвышэйшую ўладу ў Касцёле, кажучы «Пасі авечак Маіх». Ён таксама абяцае маліцца ў яго інтэнцыі, каб умацоўваў сваіх братоў у веры.

Такім чынам, Пётр становіцца пунктам адзінства і сілы Касцёла. Як чалавек ён памёр, але як бачная галава Касцёла ён жыве ў сваіх наступніках, якім сёння з’яўляецца папа Францішак.

Другім пратаганістам сённяшняга дня з’яўляцца святы апостал Павел. Калі Пётр быў простым рыбаком, то Павел быў добраадукаваным на тыя часы фарысеем, які жорстка пераследаваў хрысціянства. Аднак Бог даў яму шанец змяніць сваё жыццё і з ганіцеля хрысціянства стаць яго прапагандыстам, найбольш вядомым і эфектыўным апосталам.

Калі Саўл, такое было імя Паўла, накіроўваўся ў Дамаск з мэтай пераследу мясцовых хрысціян, то нечакана зваліўся з каня, аслеп і пачуў пытанне Хрыста, чаму ён Яго пераследуе. Будучы фізічна сляпым, ён атрымаў моц духоўнага бачання. Гэта быў момант яго навяртання. З Саўла ён стаў Паўлам.

Слова «Павел» паходзіць ад лацінскага слова Paulus, што азначае «Малы». Сапраўды, ён быў малога росту, аднак сваёй місійнай дзейнасцю ён стаў вялікім, так што яго называюць апосталам народаў ці язычкаў.

Згадваючы беларускага класіка, арцыбіскуп адзначыў:

«Ён нарадзіўся 135 гадоў таму пад Радашковічамі і быў ахрышчаны ў касцёле Святой Тройцы ў мясцовым касцёле, — зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Атрымаўшы ад Бога вялікі дар слова, ён карыстаўся ім належным чынам. Яго творы прадстаўляюць яго не толькі як паэта, але адначасова і як прарока нацыянальнага Адраджэння, для якога нацыянальныя інтарэсы і правы свайго народа, на якія ніхто не мае права пасягаць, былі важнейшымі за ўсё. Яны ўсхваляюць Бацькаўшчыну і напоўнены духоўным зместам».

Іерарх згадаў таксама словы верша Купалы «Вялікдзень», адзначыўшы, што Купала прычыніўся да абвяшчэння духоўных каштоўнасцяў у вельмі складаныя часы ваюючага атэізму.

«Два святы на свеце — ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.
І далей к жыццю с паніжэння і сна!»


«Паэзія Янкі Купалы вельмі добра адлюстроўвае яго нацыянальнае, агульначалавечае і духоўнае значэнне. Яна бароніць Божы дар жыцця чалавека і яго годнасць як Божага стварэння.

Сёння, праз 75 гадоў з дня трагічнай смерці паэта, у вельмі складаны час нашай гісторыі мы дзякуем Богу за асобу святой памяці Янкі Купалы і павінны вяртацца да скарбніцы яго твораў, якія заклікаюць да нацыянальнага і духоўнага адраджэння. Паводле нашага славутага песняра, у чалавека ўсё павінна быць прыгожым, у тым ліку і душа.

Трагічны лёс Янкі Купалы склаўся такім чынам, што ён адышоў у іншы свет у вігілію свята святых апосталаў Пятра і Паўла. Сёння мы ўзносім свае малітвы да міласэрнага Бога, каб дараваў яму яго слабасці і правіны, бо ўсе мы грэшныя, і каб св. Пётр, якому Езус даў ключы ад Божага Валадарства, адчыніў імі яму брамы неба», — заключыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Фотарэпартаж з жалобнай малітвы на вайсковых могілках у Мінску (cath)

Абноўлена 11.07.2017 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця