Пошук

23.01.2024 12:30   Паводле: Вікенці Верамюк / svjazep.org / Catholic.by

23 студзеня адзначаецца літургічны ўспамін мучанікаў з Пратуліна на Падляшшы (Польшча), якія не скарыліся перад пераследам і мужна, ажно да праліцця крыві, абаранялі сваю веру 150 гадоў таму.

Гісторыя благаслаўлёных мучанікаў з падляшскага мястэчка Пратулін  сведчыць пра тое, што вера ніколі не можа быць «разменнай манетай» у палітычных гульнях моцных гэтага свету.

Ліквідацыя Уніі і пераслед

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уся тэрыторыя сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уся тэрыторыя сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уся тэрыторыя сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі, якая пачала на захопленых землях усталёўваць свае парадкі. Царскія чыноўнікі і саноўнікі не грэбавалі выкарыстоўваць для гэтага таксама рэлігію, імкнучыся ператварыць Царкву ў паслухмяную прыладу сваёй палітыкі.

Адным з захадаў імперскіх уладаў у гэтым кірунку стала скасаванне ў 1839 г. Брэсцкай царкоўнай уніі і гвалтоўны перавод усіх грэка-католікаў у падкантрольнае царызму праваслаўе, што суправаджаўся жорсткімі рэпрэсіўнымі мерамі супраць духавенства і вернікаў, якія не жадалі пакідаць сваёй веры і разрываць адзінства з Каталіцкім Касцёлам.

У найбольш заходніх рэгіёнах Расійскай імперыі, у тым ліку на Падляшшы, Унія праіснавала яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў пасля яе фармальнай ліквідацыі.

Мэтанакіраванае яе знішчэнне там распачалося ў 1874 г. і суправаджалася жорсткімі карнымі акцыямі, часам крывавымі. Грэка-каталіцкія вернікі працягвалі супраціў рэлігійным новаўвядзенням з яўным палітычным падтэкстам, за што многія з іх былі рэпрэсаваныя: іх абкладалі падаткамі, кідалі ў вязніцы, цэлымі сем’ямі высылалі ўглыб Расіі.

Вера грэка-католікаў пратулінскай парафіі

Касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла і драўляная грэка-каталіцкая царква Святой Тройцы ў в. Пратулін
Касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла і драўляная грэка-каталіцкая царква Святой Тройцы ў в. Пратулін

У невялікім мястэчку Пратулін, якое належала роду Патоцкіх, у той неспакойны час дзейнічалі дзве святыні: касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла і драўляная грэка-каталіцкая царква Святой Тройцы. Парафія ўсходняга абраду налічвала ў 1860 г. 1223 верніка, але ў самым Пратуліне пражывалі ўсяго толькі пяць парафіянаў, а ўсе астатнія былі жыхарамі навакольных вёсак: Багукалы, Зачопкі, Колчын, Вараблін, Дэрла, Лугі.

На пачатку студзеня 1874 г. шматгадовы пробашч пратулінскай парафіі а. Язэп Курмановіч за сваё ўпартае нежаданне падпарадкавацца новым парадкам быў арыштаваны і кінуты ў вязніцу.

Уся парафія са слязьмі на вачах праводзіла закаванага ў кайданы пастыра, які на развітанне паспеў благаславіць сваіх вернікаў з наказам моцна трымацца сваёй веры.

Таму ад паслугаў новага святара, лаяльнага царскім уладам, пратулінскія парафіяне катэгарычна адмовіліся: у дзень Раства Хрыстова жанчыны зачынілі царкву і схавалі ключы. Новаспечаны «пробашч» паведаміў пра гэта ўладам, якія загадалі любым коштам увесці ў святыню «свайго» святара.

Пагрозы пераследнікаў і абарона веры

23 студзеня больш за 500 вернікаў грэка-каталіцкай парафіі сабраліся каля сваёй царквы, каб не дапусціць святара-адступніка. Пасля трагічнага выпадку ў Дрэлёве, дзе 17 студзеня 1874 г. пры абароне сваёй святыні загінулі пяць парафіянаў, дзесяць былі цяжка паранены, а каля 200 — збітыя казакамі, пратулінскія вернікі добра ўсведамлялі, якое выпрабаванне за вернасць веры іх чакае.

26 студзеня 1874 г. у Пратулін прыбыло казачае войска.

Нягледзячы на смяротную небяспеку, вернікі ішлі да сваёй святыні, каб бараніць веру сваіх продкаў, і былі гатовыя на ўсё. Вера была для іх самым вялікім скарбам.

Яны развітваліся з блізкімі, апраналіся ў святочнае адзенне, бо, як самі казалі, ішлі на святую справу.

Раніцай дзве роты казакоў акружылі царкву і цвінтар, дзе ўжо некалькі дзён чувалі дзясяткі вернікаў. Ім было загадана прыняць новага святара і разыходзіцца па дамах. Ім таксама цынічна прапанавалі схадзіць у Дрэлёў, каб на ўласныя вочы пераканацца, як дорага каштуе непаслухмянасць уладам.

«Навошта мы павінны кудысьці хадзіць і на чужую кроў глядзець, — адказвалі сяляне. — Няхай лепш яны прыйдуць і на нашу кроў паглядзяць ды пераканаюцца, што той самы дух, што ў іх жыве, і нас ажыўляе, і што тая самая вера і для нас, і для іх дарагая».

Мучаніцтва простых сялянаў

Зразумеўшы, што зламаць веру людзей немагчыма, царскія карнікі і іх мясцовыя паслугачы вырашылі штурмам авалодаць святыняй з дапамогай прыкладаў і штыхоў. Першая спроба сілавога захопу не ўдалася: у рукапашным баі сяляне, з дапамогаю кіёў і камянёў, адбілі казачы наступ. Апоўдні афіцэр загадаў жаўнерам заняць баявыя пазіцыі за царкоўным мурам і рыхтавацца да стральбы. Але вернікаў гэта не спалохала: усе былі гатовыя з годнасцю памерці каля сваёй святыні, засведчыўшы тым самым сваю веру. Калі афіцэр аддаў загад страляць, вернікі адклалі ў бок сваю сялянскую «зброю» і пачалі спяваць царкоўныя песні. Прагучалі стрэлы, упалі першыя забітыя і параненыя, але людзі не разбегліся і не адступілі. Яны мужна ішлі з крыжам у руках і хваласпевам на вуснах пад кулі казакоў.

Безабаронных людзей калолі штыхамі, білі кіямі па галаве, выбівалі прыкладамі зубы, а калі хтосьці падаў на зямлю, таго працягвалі збіваць нагамі і цягаць за валасы.

Каля царквы засталіся ляжаць дзевяць забітых, 14 былі цяжка параненыя, з якіх чацвёра неўзабаве памерлі. Больш за 180 парафіянаў былі жорстка збітыя.

На наступны дзень усіх здаровых мужчынаў з пратулінскай парафіі вывезлі ў турмы Белай, Седльцаў і Брэста. Жанчын, дзяцей і параненых разагналі ад царквы па хатах нагайкамі, а забітых пры абароне святыні без усялякай павагі пахавалі ў агульнай магіле расійскія жаўнеры. Нават сваякі не былі дапушчаныя на тое пахаванне, якое адбылося па праваслаўным абрадзе. Магіла мучанікаў была зраўнаваная з зямлёй, каб памяць пра іх мужнае сведчанне веры загінула разам з імі. У навакольных вёсках між тым было абвешчана, што так будзе з усімі, хто стане супраціўляцца волі цара.

Неўміручае сведчанне веры

100 гадоў таму, у 1918 г., месца пахавання пратулінскіх мучанікаў было ўпарадкавана і належным чынам ушанавана
100 гадоў таму, у 1918 г., месца пахавання пратулінскіх мучанікаў было ўпарадкавана і належным чынам ушанавана

Трагічныя падзеі на Падляшшы ў хуткім часе сталі вядомыя ва ўсім хрысціянскім свеце. Міжнародны розгалас прымусіў царскія ўлады спыніць масавыя забойствы грэка-католікаў. Але рэпрэсіі ўсё адно працягваліся…

Насуперак намаганням уладаў, вернікі не дапусцілі, каб памяць пра іх мужных братоў загінула.

100 гадоў таму, у 1918 г., месца пахавання пратулінскіх мучанікаў было ўпарадкавана і належным чынам ушанавана. На жаль, толькі праз 45 гадоў пасля трагедыі, у 1919 г., былі запісаныя першыя пісьмовыя сведчанні аб мучаніцтве грэка-каталіцкіх вернікаў з Пратуліна. 80 гадоў таму, у 1938 г., быў афіцыйна распачаты працэс беатыфікацыі пратулінскіх мучанікаў, перарваны вайной і наступным уладараннем камуністаў. Толькі ў 1964 г. працэс быў адноўлены.

Нарэшце, пацвярджэннем таго, што ахвяра пратулінскіх мучанікаў была не дарэмнай, што яна прынесла ім збаўленне, а братам пакінула яскравае сведчанне нязломнай веры, якая збаўляе, стала іх праслаўленне ў паўсюдным Касцёле.

18 мая 1990 г. парэшткі мучанікаў былі ўрачыста перанесены ў пратулінскую рыма-каталіцкую святыню, а 6 кастрычніка 1996 г. Папа Ян Павел ІІ абвясціў грэка-каталіцкіх мучанікаў з Пратуліна благаслаўлёнымі.

У дзень іх беатыфікацыі Святы Айцец адзначыў: «„Вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, каго пабілі, каго забілі, а каго закідалі каменнем“ (пар. Мц 21, 35). Ці ж не той самы лёс стаўся ўдзелам Вінцэнта Леванюка і ягоных паплечнікаў, мучанікаў з Падляшша?

Як верныя слугі Пана, поўныя надзеі на моц Яго ласкі, яны далі сведчанне сваёй прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла, верныя ўласнай усходняй традыцыі.

Яны зрабілі гэта цалкам свядома і не вагаліся, калі давялося прынесці ў ахвяру жыццё ў пацвярджэнне сваёй адданасці Хрысту».

Дзень памяці падляшскіх мучанікаў адзначаецца ў Касцёле 23 студзеня.

Абноўлена 23.01.2024 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.