Пошук

08.07.2022 11:36   Vatican News
Фота: risu.ua

Святы Айцец скіраваў прывітанне да ўдзельнікаў Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якое распачалося 7 ліпеня.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, з-за вайны пасяджэнне было перанесена з Кіева ў польскі Пшэмысль.

«Дарагія браты біскупы, я духоўна яднаюся з вашым цярпеннем, запэўніваючы ў сваёй малітве і неабыякавасці, пра што часам з прычыны далікатнай сітуацыі не гаворыцца ў СМІ», — напісаў Папа. Ліст Пантыфіка быў прачытаны падчас Боскай Літургіі ў архікатэдральным касцёле ў Пшэмыслі Апостальскім нунцыем у Польшчы арцыбіскупам Сальваторэ Пэнак’ё.

Святы Айцец даручыў іерархаў апецы новамучанікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, запэўніўшы ў тым, што цяпер яны з неба абараняюць свой народ, які пакутуе.

«Сінод павінен мець на мэце дабро Касцёла і паасобных вернікаў. Ён таксама павінен быць месцам сустрэчы і ўзаемнай дапамогі на супольным жыццёвым шляху ў пошуку новых спосабаў спадарожнічання вернікам», — падкрэсліў Папа Францішак.

У пасланні Святы Айцец нагадаў, што «блізкасць пастыраў з вернікамі з’яўляецца каналам, які будуецца дзень пры дні і які нясе жывую ваду надзеі». Як сцвердзіў Пантыфік, людзі разумеюць душпастыраў, калі тыя «робяць усё, што ў іх моцы, каб даць ім Бога», калі яны побач з людзьмі, будучы сведкамі Бога на зямлі; аднак не разумеюць, калі святары толькі «кажуць пра Бога».

«Няхай Касцёл будзе месцам, дзе можна чэрпаць надзею, дзе адчынены дзверы, дзе можна атрымаць суцяшэнне і падтрымку», — адзначыў Пантыфік у сваім пасланні, запэўніўшы ў сваёй малітве аб лепшай будучыні для Касцёла і ўкраінскага народа.

Апошнія два гады Сіноды Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы праходзілі ў анлайн-фармаце з прычыны пандэміі каранавірусу. У гэтым жа годзе пасяджэнне з-за вайны было перанесена з Кіева ў Пшэмысль. У ім бяруць удзел 40 іерархаў з Украіны, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі і іншыя госці. Завершыцца сход 15 ліпеня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.