Пошук

30.11.2021 16:16   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У нядзелю 28 лістапада Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў грэка-каталіцкую парафію святога і праведнага Язэпа ў Мінску.

Візіт прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне ў гэтую супольнасць быў прымеркаваны да свята святога апостала Андрэя, якога асаблівым чынам ушаноўваюць хрысціяне візантыйскай традыцыі.

Раней тут неаднаразова былі папярэднія нунцыі ў нашай краіне, а ў чэрвені 2008 года разам з беларускімі грэка-католікамі маліўся Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіё Бэртонэ.

У храме парафіяльнага душпастырскага цэнтра Нунцый Ёзіч узяў удзел у супольнай малітве з грэка-каталіцкімі вернікамі і духавенствам горада Мінска на чале з Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам, цэлебруючы разам з ім Боскую Літургію.

У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Святога Айца засяродзіўся на шляхах пошуку хрысціянскага адзінства ў кантэксце новай сінадальнай праграмы паўсюднага Касцёла: камуніі, удзеле і місіі.

Арцыбіскуп перадусім звярнуў увагу на духоўнае вымярэнне адзінства: «Касцёл запрошаны ў поўнай меры жыць ва ўнутранай камуніі і ў камуніі з іншымі. Камунія выражае ў сваёй глыбокай сутнасці еднасць хрысціянаў з Айцом праз Хрыста ў Духу Святым. Іншымі словамі, толькі тыя, хто жыве, ў еднасці веры, надзеі і любові, прымаюць удзел у супольнасці, якая складае Касцёл Божы», — падкрэсліў іерарх, нагадаўшы, што чалавечая слабасць на працягу ўсёй гісторыі ставіла ў небяспеку гэтую камунію з самага пачатку існавання Касцёла, у выніку чаго ён аказаўся падзеленым да нашых дзён.

«Другі Ватыканскі Сабор запрашае нас паспрабаваць пераадолець падзелы, атрыманыя ў спадчыну ад мінулага, і аднавіць супольнасць любові праз малітву, пакаянне і ўзаемную просьбу аб прабачэнні за грахі падзелу мінулага і сучаснасці, праз сустрэчы, ініцыятывы, супрацоўніцтва і тэалагічны дыялог, — адзначыў Апостальскі нунцый. — Абвяшчаючы новы сінадальны шлях Касцёла, Папа Францішак сцвярджае, што камунія і місія <…> павінны быць канкрэтызаваны ў нашай штодзённай рэчаіснасці, спрыяючы рэальнаму ўдзелу ўсіх і кожнага», — дадаў іерарх, нагадаўшы словы Святога Айца, які кажа, што не трэба ствараць «новы Касцёл, але іншы Касцёл — Касцёл блізкасці, спагады і дабрыні».

Звяртаючыся да грэка-каталіцкіх вернікаў і іх душпастыраў, нунцый Ёзіч падкрэсліў:

«Вашыя супольнасці таксама павінны прыняць удзел у гэтым касцёльным падарожжы і быць адкрытымі, каб адказаць на новыя выклікі часу, ісці разам з адвагай і пакорай.

У гэтым Сінодзе ўдзельнічаюць усе, а не толькі біскупы і святары. Паўсюдны Касцёл жадае пачуць і задзейнічаць кожную частку партыкулярных Касцёлаў. У Касцёле неабходна сінадальна слухаць, сінадальна гаварыць і дзейнічаць сінадальна», — зазначыў іерарх. Ён таксама заўважыў, што цяперашні Сінод з’яўляецца вырашальным момантам для Касцёла і павінен стаць спрыяльнай нагодай для навяртання для ўсіх яго сыноў і дачок: біскупаў і святароў, законнікаў і законніц, кансэкраваных або свецкіх вернікаў.

«Дарагія браты і сёстры, у свята святога апостала Андрэя Божае слова напаўняе нас радасцю і дае нам адвагу жыць і працаваць у гэты крызісны перыяд, калі кожны дзень мы сутыкаемся са шматлікімі цяжкасцямі. Вера ў Хрыста, што дапамагла вашым продкам, якія пакутавалі на працягу дзесяцігоддзяў, дапаможа нам нанава адкрыць новае касцёльнае адчуванне жыцця і надзеі, каб мець магчымасць будаваць лепшы свет, больш адзіны і прыміраны.

Кожны мае права на існаванне! Ніхто не лішні для Госпада!» — сцвердзіў Апостальскі нунцый у Беларусі. Сваю гамілію прадстаўнік Папы Францішка завяршыў заклікам да малітвы:

«Молімся праз заступніцтва святога апостала Андрэя Першапакліканага, каб з яго дапамогаю новае сінадальнае падарожжа ў нашым Касцёле, якое толькі што распачалося, прынесла багаты плён; каб мы ўсе маглі зрабіць свой шчодры ўнёсак у будаўніцтва сапраўднага Касцёла Езуса Хрыста».

   

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.