4 снежня, у другую нядзелю Адвэнту, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся з вернікамі мінскай парафіі святога апостала Андрэя і святога Леапольда Мандзіча ва Уруччы, у якой нясуць служэнне святары з супольнасці палатынаў.
У адной з наймалодшых каталіцкіх супольнасцяў сталіцы заслужаны іерарх цэлебраваў дзве святыя Імшы: першую — з нагоды парафіяльнага адпусту ў гонар святога апостала Андрэя і 5-й гадавіны пасвячэння парафіяльнай капліцы, а другую — для дзяцей.
У гаміліі першай Імшы арцыбіскуп падкрэсліў місію апосталаў абвяшчаць Божае слова ўсяму стварэнню.
«Божае слова прыйшло на нашую зямлю ў дзясятым стагоддзі і ўключыла нашу Бацькаўшчыну ў хрысціянскую Еўропу. Мы з’яўляемся нашчадкамі багатай і адначасова трагічнай гісторыі хрысціянства ў нашай краіне», — адзначыў іерарх. Нагадаўшы пра жыццё і служэнне святога апостала Андрэя, а таксама пра яго мучаніцкую смерць на крыжы ў форме лацінскай літары Х, арцыпастыр падкрэсліў, што з імем Андрэя звязаны «глыбокае пасланне хрысціянскай веры, якая вядзе да плённых і жывых адносін з Езусам».
«Хрысціянства — гэта сустрэча з асобай Езуса Хрыста, якая адбываецца праз Божае слова, удзел у Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах і касцёльнай дзейнасці. Як Андрэй прывёў да Езуса Пятра, таксама і мы павінны весці да Яго іншых. Хрыстус — не наша ўласнасць, і Ім неабходна дзяліцца.
Пяць гадоў дзейнасці капліцы для католікаў у мінскім Уруччы — гэта час, напоўнены абвяшчэннем Евангелля, катэхізацыяй, цэлебрацыяй Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, дабрачыннай і іншай касцёльнай дзейнасцю. Сёння дзякуем Богу за гэта з надзеяй на хуткае завяршэнне будаўніцтва новага касцёла», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыпастыр.
Падчас Імшы з удзелам дзяцей заслужаны іерарх правёў гамілію ў форме дыялогу з маленькімі вернікамі.
Размова з імі датычылася Адвэнту як часу духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.
У дыялогу арцыбіскуп распавёў дзецям некалькі смешных і адначасова павучальных духоўных гісторый, што ім вельмі спадабалася.
Пасля Імшы адбылася сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі.
Іерарх у вобразе святога Мікалая павіншаваў наймалодшых парафіянаў, пажадаў ім узрастаць у ласцы ў Бога і людзей, добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння і раздаў ім падарункі.
Дзеці ў адказ чыталі вершы пра святога Мікалая.