Пошук

30.11.2022 11:18   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

28 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў супольнасць братоў капуцынаў у парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску, у раёне Новай Баравой.

Браты капуцыны з’явіліся ў беларускай сталіцы ў 1995 годзе. Тут яны паступова наладзілі манаскае жыццё сваёй супольнасці паводле харызмы святога Францішка, а таксама душпастырскае служэнне. У 2014 годзе, пасля атрымання неабходных дазволаў, распачалося будаўніцтва касцёла і кляштара пры ім у будучым мікрараёне Новая Баравая.

Хоць будаўнічыя працы яшчэ не завершаны, аднак комплекс паспяхова функцыянуе і ўжо паспеў стаць значным асяродкам духоўнага жыцця.

Падчас свайго візіту арцыбіскуп Станеўскі пазнаёміўся з дзейнасцю братоў, жыццём парафіі святога Францішка, душпастырскае служэнне ў якой нясуць браты капуцыны, агледзеў актуальны стан будовы. Комплекс, які ўзводзіцца ў Новай Баравой, уключае ў сябе касцёл, званіцу, уваходную браму, капліцу, бібліятэку, шэраг душпастырскіх памяшканняў і кляштар братоў капуцынаў.

Арцыбіскуп адзначыў, што будаўніцтва святыні — гэта важная і патрэбая справа для Касцёла, але сапраўднай хрысціянскай святыняй з’яўляюцца перадусім людзі — Хрыстовы камяні. Іерарх дадаў, што святыня павінна быць цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця вернікаў.

Галоўным момантам сустрэчы арцыбіскупам Станеўскага з капуцынамі стала цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў іерарх.

Удзельнікі Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за братоў Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, якія адзначаюць імяніны ў свята святога апостала Андрэя.

Арцыбіскуп маліўся аб новых пакліканнях для ордэна, а таксама заахвоціў братоў быць вернымі святому Францішку і наследаваць шляхі святога апостала Андрэя.

 

 

Абноўлена 30.11.2022 11:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа