Пошук

26.10.2021 10:55   Беларуская грэка-каталіцкая газета «Царква»

Да 425-х угодкаў Берасцейскай царкоўнай Уніі мастачка з Брэста Ганна Цімашук стварыла шэраг мастацкіх партрэтаў выдатных асоб Грэка-Каталіцкай Царквы, якія аддана служылі і прапаведавалі на Заходнім Палессі ў міжваенны час і пазней падтрымлівалі жыццё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў эміграцыі.

Як паведамляе сайт беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква», з мастацкіх твораў Ганны Цімашук і карцін з кветкамі Таццяны Шаўчук у грэка-каталіцкай царкве святых братоў апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце падрыхтавана невялікая экспазіцыя «Унія на Палессі. Грэка-каталіцкія місіянеры, прапаведнікі і вызнаўцы веры ХХ стагоддзя». Яе складаюць дзевяць партрэтаў выдатных беларускіх грэка-каталіцкіх святароў, якія служылі справе адзінства Царквы ў складаным і бурным XX стагоддзі.

Цэнтральны твор выставы мае назву «Унія на Палессі». На ім змешчаны выявы пяці знакавых асяродкаў Уніі з выявамі парафіяльных святынь у Альбярціне, Бабровічах, Альпені, Таракані і Гарадной.

Паміж партрэтамі святароў, некаторыя з якіх ствараліся мастачкай Ганнай Цімашук паводле невялікіх і часам не вельмі выразных, адзінкавых архіўных фотаздымкаў, на выставе змешчаны карціны са сціплымі ў сваёй прыгажосьці кветкамі. Гэтыя кветкі каля партрэтаў святароў — як просты і шчыры знак удзячнасці душпастырам, якія служылі справе Уніі, неслі Божае Слова, а таксама асвету і дапамогу бедным у самыя далёкія закуткі Заходняга Палесся, а пазней і далёка ад Бацькаўшчыны.

Падчас нядаўняга візіту ў Славакію ў верасні 2021 года Папа Францішак падчас візантыйскай Боскай Літургіі ў Прэшаве, звяртаючыся да 30-і тысячаў сабраных пілігрымаў, заклікаў захоўваць памяць пра сціплых і простых людзяей, якія перадавалі сваю веру, якія аддалі сваё жыцьцё з любові да Бога і бліжніх. «Яны — нашыя героі, — падкрэсліў Святы Айцец, — героі штодзённасці, і іхняе жыццё змяняе гісторыю. Сведкі нараджаюць іншых сведкаў, таму што яны з’яўляюцца даўцамі жыцця. Менавіта так распаўсюджваецца вера: не дзякуючы магутнасці свету, а дзякуючы мудрасці крыжа; не праз структуры, а праз сведчаньні», — сказаў Папа ў Славакіі.

Менавіта такімі сведкамі веры і прадаўжальнікамі жыцця неўміручай ідэі уз’яднанай Царквы ў XX стагоддзі на Заходнім Палессі і ў жыцці беларускай дыяспары ў замежжы былі беларускія святары, партрэты якіх прадстаўленыя на выставе да 425-х угодкаў Уніі ў ьрэсцкай парафіі. Напэўна, сімвалічна і тое, што гэтыя душпастыры Адзінства служылі вернікам як візантыйскага, так і лацінскага абрадаў паўсюль, куды іх пасылаў Бог, як браты апосталы Пётр і Андрэй — апекуны хрысціянскага Захаду і Усходу адпаведна.

Ніжэй пададзены імёны святароў, чые партрэты прадстаўленыя на выставе.

Айцец Баляслаў Пачопка — служыў у Бабровічах і Целяханах і ўвайшоў у гісторыю Беларусі як адзін з пачынальнікаў беларускага школьніцтва і рэлігійнага друку;

Айцец Вячаслаў Аношка — місіянер і арганізатар грамадска-культурнага жыцця на Століншчыне ў Альпені, на Мярлінскіх хутарах і ў Далятычах.

Архімандрыт Леў Гарошка — царкоўны гісторык, выдавец і публіцыст, які да эміграцыі служыў у Гарадной, Стоўбцах, Збуражы і Баранавічах.

Айцец Данат Навіцкі з Таракані — духоўны вучань грэка-каталіцкага экзарха-мучаніка Леаніда Фёдарава, таемна пасвячаны ў лагерных умовах на Салаўках біскупам Магілёўскім Баляславам Слосканам, які стаў вядомым дзеячам экуменічнага руху ў пасляваеннай Польшчы.

Ксёндз Пётр Татарыновіч — стваральнік і шматгадовы працаўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, які ў міжваенны час шмат і палымяна прапаведаваў адзінства Царквы ў палескіх уніяцкіх парафіях.

Айцец Язэп Германовіч — хрысціянскі пісменьнік і паэт, вязень ГУЛАГу, які напісаў вершаваны твор «Унія на Палессі» пасля наведвання парафіі ў Альпені, калі туды прыязджаў грэка-каталіцкі біскуп Мікалай Чарнецкі.

Архімандрыт Фабіян Абрантовіч — нязломны вызнаўца веры, які загінуў у Бутырскай турме, а ў свой час працаваў у духоўнай семінарыі ў Пінску і прычыніўся да адбудовы знішчанага вайной будынка семінарыі.

Айцец Антон Неманцэвіч — Экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, які ў міжваенны час удзельнічаў у святарскіх канферэнцыях у справе Уніі ў Пінску, выдаваў часопіс «Да Злучэньня» і быў звязаны з працай Усходняй місіі езуітаў у Альбярціне, стварыў Апостальства малітвы за Беларусь, абвяшчаў Божае Слова і мужна нёс падтрымку беларусам і ваеннапалонным у часы нацысцкай акупацыі. Загінуў у труме СД у Мінску.

Біскуп Чэслаў Сіповіч — першы пасля 1839 года беларускі грэка-каталіцкі іерарх, які стаў пераемнікам місіі беларускіх святароў міжваеннага часу і працягнуў жыццё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ажно да нашых часоў, жывучы ў вольным свеце.

У гэтыя восеньскія дні, калі на свята Дзядоў беларусы прыходзяць на магіл сваіх продкаў і ўзгадваюць у малітвах свой род, беларускім грэка-католікам варта асабліва ўзгадаць кожнага з гэтых адданых, мужных і адначасова сціплых святароў — сапраўдных слугаў Хрыстовых, якія часам дзяліліся з найбяднейшымі вернікамі тым апошнім, што мелі самі.

Многія з іх перажылі пераслед як польскага, так і савецкага рэжымаў, а таксама падчас нацысцкай акупацыі.

Некаторыя з іх прайшлі праз лагеры ці загінулі ў турмах або на выгнанні, далёка ад Бацькаўшчыны, якой аддалі сваё жыццё без рэшты.

   

Абноўлена 26.10.2021 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа