Пошук

19.11.2021 09:09   Паводле: Svjazep.org

Святкаванне 425-годдзя Берасцейскай царкоўнай Уніі — аднаўлення еднасці Усходняй Царквы на беларускіх і ўкраінскіх землях з Рымскім Апостальскім Пасадам — гэта ўспамін і асэнсаванне шляху даўжынёю ў 425 гадоў, на працягу якіх рыма-католікі і грэка-католікі сумесна абвяшчалі Хрыстовае Евангелле.

Як паведамляе сайт мінскай грэка-каталіцкай парафіі святога праведнага Язэпа Svjazep.org, у складаных умовах пандэміі святкаванне ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве мае рэгіянальны характар і праходзіць этапамі.

13–14 лістапада юбілейныя ўрачыстасці адбываліся ў грэка-каталіцкіх парафіях Усходняга дэканата БГКЦ: Віцебска, Полацка і Магілёва.

Грэка-каталіцкія парафіі горада Віцебска (Уваскрасення Хрыстовага і Хрыста Збаўцы) святкавалі ў суботу, 13 лістапада. Тут адбылася Боская Літургія, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у саслужэнні Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека і духавенства дэканата.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч звярнуў увагу на неабходнасць мужнай веры ў любых умовах жыцця хрысціянаў.

Архімандрыт Гаек падзякаваў протапрэзбітэру Зміцеру Грышану, а таксама душпастырам Аляксандру Шаўцову з Полацка, Васілю Ягораву з Магілёва і Аляксею Варанко з Віцебска за іх руплівае служэнне вернікам. Словы падзякі Апостальскі візітатар скіраваў і вернікам за іх вернасць адзінай, святой, паўсюднай і апостальскай Царкве.

З нагоды юбілею дыяканы Вячаслаў Гарчакоў і Багдан Сунак былі ўзведзены ў ранг протадыяканаў.

У нядзелю 14 лістапада полацкая грэка-каталіцкая парафія святкавала парафіяльнае свята святамучаніка Язафата.

Святочную Боскую Літургію служылі айцец Васіль Ягораў з Магілёва, айцец Аляксей Варанко з Віцебска і полацкі настаяцель айцец Аляксандр Шаўцоў. Казанне прамовіў айцец Васіль, дыяканскае служэнне здзяйсняў протадыякан Багдан Сунак з Віцебска. Супольная малітва стала ўмацаваннем веры, а «салодкі стол», які пасля малітвы сабраў удзельнікаў на сумесны пасілак, стаў знакам духоўнай сувязі парафіянаў і гасцей свята.

У тую ж нядзелю, 14 лістапада, Апостальскі візітатар наведаў грэка-каталіцкую парафію Маці Божай Бялыніцкай ў Магілёве, дзе ў парафіяльным храме ў саслужэнні протадыякана Вячаслава Гарчакова ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай Боскай Літургіі з нагоды юбілею і на ўспамін святкаванняў, якія адбыліся 25 гадоў таму з удзелам тагачаснага Прэфекта Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынала Акіле Сільвэстрыні.

Архімандрыт Гаек узгадаў крыжовы шлях экзарха мучаніка Антона Неманцэвіча, якога 80 гадоў таму ў лістападзе 1941 года Папа Пій ХІІ прызначыў Апостальскім адміністратарам для беларускіх грэка-католікаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа