Пошук

25.11.2021 11:22   Грэка-каталікі (уніяты) Беларусі / Вк / Catholic.by

У год, калі адзначаецца 425-годдзе Берасцейскай уніі, выйшла з друку падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі (НГАБ) кніга «Уніяцкія цэрквы Вялікага Княства Літоўскага XVII ст.: матэрыялы генеральных візітацый».

Як паведамляецца на старонцы суполкі Грэка-каталікі (уніяты) Беларусі ў сацыяльнай сетцы Вк, у кнізе апублікаваны апісанні 338 цэркваў на тэрыторыі Аршанскага, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага, Лідскага, Мінскага, Навагрудскага, Пінскага, Рэчыцкага і Слонімскага паветаў, а таксама Полацкага ваяводства і Інфлянтаў за перыяд 1675–1698 гг.

Выданне, укладальнікам якога з’яўляецца гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў, распачынае новую выдавецкую серыю «Святыні Вялікага Княства Літоўскага».

Асноўны масіў апрацаваных і прадстаўленых у кнізе дакументаў быў выяўлены ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (г. Санкт-Пецярбург).

З наступнага тыдня (з 29 лістапада) кнігу можна будзе набыць непасрэдна ў архіве (Мінск, вул. Крапоткіна, 55, каб. 24 — навукова-даведачная бібліятэка), а таксама ў кнігарні «Акадэмкніга» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 72).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця