Пошук

03.04.2021 16:38   Catholic.by

Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек кіруе велікодныя віншаванні вернікам Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Пачэсныя святары ідыяканы! Дарагія манахі, манашкі і браты семінарысты!
Любыя ў Госпадзе браты і сёстры! Паважаныя сябры!

Шчыра віншую ўсіх вас са Светлым Уваскрасеннем Хрыста:
Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!

1. Гэтыя словы гучаць на беларускіх землях больш за тысячу гадоў. Гэтым радасным воклічам нашыя продкі сведчылі пра сваю веру ў тое, што Уваскрослы Хрыстос сапраўды жыве сярод іх, што Ён з’яўляецца крыніцай новага жыцця. Гэтая радасная вестка праз стагоддзі абдымала і яднала на землях Беларусі хрысціянаў розных царкоўных традыцый: усходняй і заходняй.

2. Узгадайма, што 1035 год таму, у 986 годзе місіянер Торвальд Кодрансан з далёкай Ісландыі праз Ерузалем і Канстанцінопаль прыбывае з паплечнікам у Полацк. Прыбывае з граматай візантыйскага імператара Васіля ІІ і з благаслаўленнем Патрыярха Канстанцінапольскага Мікалая II. Да Полацка, сэрца беларускіх земляў, Евангелле Ісуса Хрыста прыходзіць з Захаду і Усходу, у час еднасці Цэркваў. У духу братэрскай еднасці нараджалася беларускае хрысціянства, і аб гэтай каштоўнай спадчыне хрысціянскай еднасці трэба нам памятаць і сёння. Памятаць, што ў Беларусі мы, хрысціяне розных канфесій, пакліканыя разам «вызнаваць Таго, хто нас асвяціў».

3. Выдатны прапаведнік нашых земляў святы Кірыла Тураўскі пісаў:

«Верма Хрысту, Богу нашаму. Паклонімся Укрыжаванаму, праславім Уваскрослага. Пахвалім Таго, хто прыйшоў нас ажывіць. Вызнавайма Таго, хто нас асвяціў. Узвялічым Таго, хто даў нам безліч усялякіх дабротаў».

Слова на Нядзелю Тамаша 

Да гэтых дабротаў духоўных і культурных належыць нашая Бацькаўчына Беларусь і мужны беларускі народ, нашая беларуская мова і культура прасветленая святлом Уваскрослага Хрыста.

4. У гэтыя дні хрысціянская супольнасць Беларусі жыве ў падвойным святле Таямніцы Крыжа і Уваскрасення Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Вернікі Праваслаўнай Царквы святкуюць Нядзелю Крыжапаклонную, хрысціяне заходняй традыцыі — Нядзелю Уваскрасення Хрыстовага. Крыж і Уваскрасенне — крыніцы нашай хрысціянскай мужнасці, што дазваляе нам быць вернымі Евангеллю Ісуса Хрыста ў кожны час, у кожнай сітуацыі.

Таму нястомна молімся «за Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас» (Мірная ектання).
Карыстаемся старажытным тэкстам візантыйскай Літургіі св. Яна Залатавуснага і молімся:

- за хворых, тых што церпяць, зняволеных,
- за тых, што робяць дабро, памятаюць пра ўбогіх.

Гэтыя малітвы вучаць нас духоўнай салідарнасці і братэрскай дапамозе ў моцы Крыжа Хрыста ды ў святле Ягонага Уваскрасення.

5. У свята Уваскрасення Гасподняга хочам сардэчна павіншаваць са святам Пасхі ўсіх, хто яе святкуе паводле новага календара: грэка-католікаў, братоў рыма-католікаў, братоў пратэстантаў.

Братам праваслаўным, якія будуць святкаваць Пасху паводле юліянскага календара, жадаем добрага велікапоснага духоўнага подзвігу.

Усім жадаем багатых дароў міру, радасці, жывой веры, моцнай надзеі ды мужнай любові ад Уваскрослага Хрыста Чалавекалюбца і вітаем святочным вітаннем:

Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!

Мінск, Пасха Гасподняя 2021 года.

Архімандрыт Сяргей Гаек
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

Абноўлена 03.05.2021 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа