Пошук

10.02.2021 09:53   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: Рinterest.com

Папская акадэмія жыцця падрыхтавала дакумент на тэму «Старасць — наша будучыня. Стан пажылых людзей пасля пандэміі». Пасланне ватыканскага ведамства было абнародавана 9 лютага ў Ватыкане.

Пандэмія, як адзначаецца ў тэксце дакумента, выявіла «ўзаемазалежнасць паміж усімі людзьмі і існаванне моцнай няроўнасці». Кожны апынуўся ў моры падчас буры, але ва ўсіх «розныя лодкі»: «найбольш уразлівыя тонуць штодзённа». У сувязі з гэтым, як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ватыканская структура заклікае пераасэнсаваць «мадэль развіцця ўсёй планеты».

Аўтары дакумента звяртаюць увагу на сітуацыю пажылых у час пандэміі, якія сталі першымі ахвярамі каранавірусу. Найбольшая колькасць смяротных выпадкаў назіралася ў дамах для састарэлых. У сувязі з гэтым Папская акадэмія жыцця указвае на неабходнасць «новай канцэпцыі, новай парадыгмы, якая дазволіць грамадству клапаціцца пра пажылых».

Працягласць чалавечага жыцця, як адзначаецца ў пасланні, увесь час расце, у сувязі з чым узнікаюць новыя культурныя, антрапалагічныя і эканамічныя выклікі. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2050 г. у свеце будзе налічвацца каля 2 мільярдаў людзей ва ўзросце за 60 гадоў — кожны пяты жыхар планеты будзе пажылым.

«Важна зрабіць нашы гарады інклюзіўнымі і гасціннымі для пажылых асоб і ўвогуле для ўсіх уразлівых людзей», — падкрэсліваюць аўтары дакумента.

Святы Пасад заклікае пераадолець стэрэатыпнае бачанне, згодна з якім старасць лічыцца «нешчаслівым узростам». «Быць пажылым — гэта Божы дар і велізарны рэсурс, гэта здабытак, які трэба клапатліва абараняць», — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Звяртаецца ўвага на важнасць сустрэчы паміж пакаленнямі, а таксама наладжвання новых форм клопату аб састарэлых, каб тыя не адчувалі сябе самотнымі і пакінутымі.

Не менш важны клопат пра духоўнае жыццё асоб сталага ўзросту, бо старасць — гэта «набліжэнне не да канца, а да таямніцы вечнасці».

Заўважаецца таксама, што «толькі дзякуючы пажылым людзям моладзь можа знайсці свае карані, і толькі дзякуючы моладзі пажылыя могуць вярнуць сабе здольнасць марыць».

Папская акадэмія жыцця звяртае ўвагу на важнасць сведчання, якое старэйшае пакаленне можа даваць сваёй уразлівасцю. Такое сведчанне з’яўляецца сапраўдным «вучэннем, жыццёвым урокам», бо старасць — час поўнага даверу Богу.

Абноўлена 10.02.2021 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця