У пятніцу 21 лютага, увечары на заканчэнне сырапуснага тыдня перад Вялікім постам, у капліцы грэка-каталіцкай парафіі святога Праведнага Язэпа ў Мінску быў адслужаны падзячны Акафіст Імю Ісусаваму з удзелам архімандрыта Сяргея Гаека і мінскіх душпастыраў а. Андрэя Абламейкі і а. Аляксандра Шыбекі.
Вернікі з усіх грэка-каталіцкіх парафій Мінска сабраліся разам, каб у малітве падзякаваць Богу за той цуд, які адбыўся 30 гадоў таму, 11 сакавіка 1990 года, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках.
У той дзень у гэтым невялічкім касцёле ў Мінску адбылася першая пасля доўгага перыяду ганенняў грэка-каталіцкая літургія.
Сярод тых, хто прысутнічаў на набажэнстве падзякі і вечарыне ўспамінаў, былі і самі ўдзельнікі той падзеі трыццацігадовай даўніны, і тыя, хто далучыўся да Царквы пазней.
Пасля Акафісту ў капліцы ўдзельнікі перайшлі ў парафіяльную бібліятэку, дзе адбылася вечарына ўспамінаў.
Падобныя духоўна-культурныя мерапрыемствы адбываюцца ў межах духоўнай праграмы Грэка-каталіцкага клуба інтэлігенцыі імя святога Кірылы Тураўскага, які ўзначальвае паэтка Валянціна Аксак.
Яна ўзгадала той незвычайны і такі насычаны падзеямі час, асабліва звярнула ўвагу на шматлікасць тых, хто сабраўся 11 сакавіка 1990 года ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, каб памаліцца па-беларуску ва ўсходнім абрадзе.
Сярод іх былі і новаахрышчаныя, і тыя, хто тады рабіў свае першыя крокі да Бога і Царквы. Па словах Валянціны Аксак, у касцёл было не ўвайсці з-за вялікай колькасці прысутных. Шмат хто хацеў упершыню ўбачыць айца Аляксандра Надсана — чалавека-легенду беларускай эміграцыі.
Пробашч парафіі Святога Духа ў Мінску а. Андрэй Абламейка адзначыў, што ў 1990 годзе было нямала цяжкасцяў, а прадстаўнікоў беларускай эмірацыі ачарняла савецкая ідэалагічная машына, якая тады яшчэ дзейнічала. Душпастыр распавёў пра тое, якім быў ён сам у той перыяд: дзевятнаццацігадовым юнаком з «Талакі», і як сустрэча з айцом Аляксандрам паўплывала на ягонае жаданне стаць святаром.
Падчас вечарыны сваімі ўспамінамі падзяліліся Алесь Гуркоў, Галіна Дубянецкая, Ірына Багдановіч, Алесь Суша. Кожны з іх глыбока перажыў момант духоўнай сустрэчы з айцом Аляксандрам, пра што яны распавялі прысутным.
Алесь Гуркоў узгадваў, што айцец Аляксандр прыязджаў яшчэ да сваёй місіі ў падтрымку дзяцей Чарнобыля; пра тое, якімі авацыямі сустрэлі святара на мінскім вакзале з цягніка.
Ірына Багдановіч узгадала, што духовыя размовы з айцом Аляксандрам і споведзь часта адбываліся ў памяшканнях творчых калектываў, а таксама тыя духоўныя парады, якія даваў святар беларускай інтэлігенцыі.
Асабліва памятныя ёй словы айца Аляксандра «з пустога не нальеш», глыбокі сэнс якіх зразумела пазней.
Вечарыну малітоўнай падзякі і ўспамінаў удзельнікі скончылі малітвай за Беларусь — супольным спевам гімна «Магутны Божа» на верш Наталлі Арсенневай.