Пошук

28.07.2013 00:00  
3 23 па 28 ліпеня ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія) праходзіць XXVIII Сусветны дзень моладзі. Дню моладзі папярэднічаюць «Дні ў дыяцэзіях» (з 16 па 20 ліпеня), якія носяць назву Місійнага тыдня. Сярод удзельнікаў сустрэчы — моладзь з усяго свету. У іх ліку і Людміла Бурлевіч, карэспандэнт Catholic.by. Сваімі назіраннямі і апошнімі навінамі яна будзе дзяліцца ў анлайн-дзённіку.
a
2 жніўня (заканчэнне)

Учора я прачнулася ў 6 гадзін вечара — так позна я ніколі не ўставала, хаця спаць пайшла ў 2 ночы. Перапісвалася па фэйсбуку з кс. Віталіем (яны яшчэ ў Бразіліі) і думала, што яшчэ некалькі дзён таму я там таксама была. Часам здаецца, што гэта быў сон. Але гляджу на здымкі, сувеніры, білецікі, высыпаю з заплечніка копакабанскі пясок, заглядаю ў кашалёк, дзе мала чаго засталося і разумею, што ўсё было рэальна. Усміхаюся. Так радасна, што хочацца дзяліцца гэтым з іншымі.

Учора вечарам па дарозе ў магазін сустрэла некалькі чалавек, усе такія сумныя і незадаволеныя жыццём — усміхаюся ім, і яны адказваюць таксама ўсмешкай. Фу, а я ўжо спужалася, што яны не ўмеюць усміхацца. Чаму мы такія сумныя? Можа, таму што ў нас мала сонца? Таму што некаторым здаецца, што мы бедныя (але колькі бразільцаў нават начуе на вуліцы)? А можа, і сонца ў нас мала менавіта таму, што мы сумныя? У адзін з дзён, калі ў Рыа праходзіла катэхеза, ішоў дождж, а я апранулася ў яркую сукенку і не ўзяла парасона, многія пыталіся: навошта так? — і я адказвала, што заклікаю сонца. Смех смехам, але на наступны дзень яно з’явілася. Канешне, гэта не толькі з-за мяне, мы маліліся аб сонцы. Проста мне хочацца, каб беларусы зразумелі: нішто іншае не зробіць нас шчаслівымі і радаснымі, калі мы самі не навучымся радавацца дробязям. Многія бразільцы мараць убачыць снег. А ў нас ёсць і сонца, і завіруха. Божа, дзякую Табе за ўсё, што маю! Навучы мяне радавацца дробязям!

Пераходзіла дарогу і ўспомніла пераходы ў Бразіліі, калі ідуць на чырвоны і дзе аўтобусы носяцца хутчэй за машыны, нават калі запоўнены пасажырамі. Прыходзіла Таня і распавядала, што пасля бразільскіх прысмакаў не магла есці абед ў нашым рэстаране. Купілі піцу і ўспомнілі, які тоўсты слой начынкі на бразільскіх піцах. Думаю, яшчэ доўга мы будзем параўноўваць многае з Бразіліяй. Яна застанецца назаўсёды ў нашых сэрцах!

Атрымала ліст ад Тэры, у якога я жыла. Піша, што ў Езусе цяпер бачыць свой адзіны шлях, між іншым дзякуючы прыкладу нашага жыцця. Падчас катехезаў біскуп Клеменс шмат распавядаў пра тое, што быць місіянерам азначае сваім жыццём паказваць, як жыць з Богам. Многія не маглі з гэтым пагадзіцца, бо хацелі, каб ён параіў выйсці на вуліцы і прапаведваць. Але сённяшняга чалавека не пераканаеш словамі. І Тэры для мяне яркі гэтаму прыклад. Ніхто не казаў яму, як трэба жыць, ён проста ўбачыў прыклад — і паверыў.

Гісторыя Тэры — адзін з многіх цудаў, якія паказаў мне Бог падчас гэтай паездкі. Я ніколі не чакаю ад Бога «вялікіх» цудаў, з громам ці маланкай, але стараюся заўважыць гэтыя маленькія. Дзякую Табе, Божа, за цуд «невыпадковых выпадкаў», за цуд сонца, калі перадавалі дождж, і цуд цішыні падчас адарацыі, за цуд навяртання Тэры і за многія іншыя надзвычайныя дробязі, у якіх я бачу Твой Провід.

Божа, благаславі ўсіх людзей, якіх я сустрэла на шляху гэтай пілігрымкі на Сусветны дзень моладзі ў Бразілію і напоўні сэрцы людзей маёй краіны, у якую я вярнулася, радасцю і любоўю.
a 31 ліпеня

Раніцай мы прыляцелі ў Парыж, праспаўшы амаль увесь палёт, з перапынкамі на ежу і размову. Смешна, што, калі куплялі білеты, хацелі абавязкова каля ілюмінатара, каб глядзець у яго... У аэрапорце мужчына, які правяраў нашыя пашпарты, запытаўся, ці мы едзем з Сусветнага дня моладзі.

Галопам мы прабегліся па Парыжы і вельмі стаміліся. Цэлы дзень тут было каля 30 градусаў, а калі мы сядзелі ў самалёце на Варшаву, пайшоў дождж. Ён выразіў мае пачуцці: дождж — як слёзы... слёзы суму, што Сусветны дзень моладзі скончыўся, але і слёзы радасці, бо ўсё было цудоўна, слёзы надзеі на тое, што атрымаецца на гэтых пазітыўных эмоцыях жыць яшчэ шмат дзён і нават месяцаў. Затрымаўшыся ў майго знаёмага ў Варшаве, 30 ліпеня вечарам мы паехалі праз Вільнюс у Мінск на аўтобусе. 

Калі распакоўвала рэчы, распавядала сястрычцы, якая з мужам сустрэла нас на вакзале, пра паездку, хаця многае яна ўжо ведала.

На халадзільніку з’явіліся новыя магніцікі, у сэрцы — новыя людзі, а ў галаве — новыя мары. Я не баюся марыць, бо Бог не проста дапамагае марам збыцца, але і часта «працуе звыш нормы» — робіць для мяне тое, чаго нават не чакаю!
 
{gallery}2013-07-31-ria{/gallery}
a 28 ліпеня. Шосты дзень Сусветнага дня моладзі

Сярод ночы я прачнулася ад холаду, а потым — каб сустрэць усход сонца. Як прыгожа яно ўставала над акіянам з-за гор! Незабыўная прыгажосць!

Перад Імшой да нас далучылася моладзь з Віла-Вэлья. Фабіяна, маці Анны-Луізы, якая падаравала мне медзведзянятка, дала нам значкі з надпісам «у мяне есць сябры ў Бразіліі». І гэта праўда. Дзякую Табе, Божа, за ўсіх сяброў з Бразіліі. Дарэчы, на фэйсбук мне прыйшло больш за 30 прапановаў сяброўства. Маладыя людзі казалі, што кожны дзень чыталі мой дзённік, каб ведаць, як мы жывем.

Падчас святой Імшы папа Францішак, між іншым, казаў, што мы павінны вярнуцца місіянерамі на сваю бацькаўшчыну, а «быць місіянерам — гэта перш за ўсё служыць бліжнім». Папа казаў, што загад Езуса «ісці і служыць» трэба ўспрыняць як словы Таго, хто ставіцца да нас як да сяброў, і трэба Яго несці кожнаму. Ісці і служыць іншым без боязі, але з радасцю і энтузіязмам. «Калі вернецеся дамоў, не бойцеся служыць, не бойцеся несці Евангелле, разбураючы бар’еры непаразумення, эгаізму, нецярпімасці. Касцёл на Вас спадзяецца!» — сказаў Пантыфік.

Калі я была маленькая, на адной з катэхезаў у нас пыталіся, кім мы хочам стаць. Ну, вядома, хто ўрачом, хто касманаўтам, хто настаўнікам. А я сказала, што хачу быць місіянерам. Катэхетка вельмі здзівілася і пачала распавядаць аб тым, якое гэта цяжкае служэнне, што я павінна добра падумаць і што хутчэй за ўсё гэта нерэальна... Мінула шмат гадоў. Я пра гэта і забылася. Але вось успомнілася. Так нечакана, яшчэ адна мара дзяцінства амаль здзейснілася: я магу быць місіянерам!

Пасля таго, як распачалі раздаваць Камунію, нам з Таняй трэба было збірацца, каб паспець у аэрапорт. Мы стаялі ў чарзе за Камуніяй, але яе, на жаль, не хапіла. Прайшоўшы дастаткова шмат да аўтобуса, мы даехалі на ім да аэрапорта. Хаця, стомленыя і праспалі прыпынак. Атрымалі смс, што наступная сустрэча будзе ў Кракаве! І, нягледзячы на мае страхі, калі ўсё будзе добра, хачу паехаць, можа, нават валанцёрам.

І вось мы ў самалёце! Узлятаем! Бывай, Рыа! А можа, калі-небудзь яшчэ сустрэнемся, хто ведае. Божыя шляхі заўсёды здзіўляюць.
 
{gallery}2013-07-28-ria{/gallery}
a 27 ліпеня. Пяты дзень Сусветнага дня моладзі

Паспаўшы тры гадзіны, мы ўсталі, каб ехаць на Каркавада. Івана, наша гаспадыня, спецыяльна ўстала, каб зрабіць нам сняданак. Так прыемна і нечакана! У 6.45 мы павінны былі сесці ў цягнічок, які завязе нас да статуі Езуса. Аказалася, што метро працуе толькі з 7 гадзін, і таму прыйшлося крыху пад’ехаць на аўтобусе, а потым на таксі. І вось ён — доўгачаканы момант! Я разам з Езусам глядзела на гэты цудоўны горад, разам з Ім хацела заключыць яго ў абдымкі і не адпускаць! Адна з мараў майго дзяцінства споўнілася! Божа, дзякую Табе!

На жаль, пачаўся дождж і горад зацягнула туманам, мы накіраваліся ўніз. Пакуль чакалі цягнік, назіралі за малпачкамі — усё ж такі мы іх убачылі, а Таня з Андрэем нават пакармілі.

У суседнім касцёле мы з Таняй узялі свае сняданкі і паехалі дамоў (у мяне няма свайго дома, ёсць толькі бацькоўскі, таму домам я называю тое месца, дзе мне добра, дзе адчувае сябе камфортна). Тут, у Рыа, домам для мяне стала кватэра Іваны, Франсіско і Ціяга. Калі мы вярнуліся, яны чакалі нас з падарункамі. Гэта так міла! Але больш за ўсё мне спадабалася і выклікала слёзы маленькая паштовачка, падпісаная па-польску: to bylo blogoslawienstwo od Boga otrzymac w nashym domy. — Гэта было Божае благаслаўленне прымаць вас у нашым доме.

Пасля ўсе разам мы паехалі ў лес Ціжука, дзе мы з Таняй упершыню ўбачылі вадаспад, і Франсіско нават не мог сабе ўявіць, што раней ніколі мы такога не бачылі. У лесе было вельмі зімна. Крутымі ляснымі сцяжынкамі мы выехалі на іншы бок горада і абедалі ва ўжо палюбіўшымся рэстаране тыпу самаабслугоўвання. Чаго я толькі не паклала на талерку — так хачелася многае яшчэ раз пасмакаваць! Потым мы паехалі на любімы пляж нашай сям’і — Барра, яны называюць яго маленькай Каліфорніяй. Тут вельмі прыгожа і, нягледзячы на вецер, вельмі цёпла.

Нашы гаспадары дапамаглі нам адвезці рэчы ў аэрапорт і пакінуць іх у камеры захоўвання, бо ўжо заўтра мы адлятаем у Еўропу. Мы ехалі праз горад, па мастах, праз тунэлі, слухаючы бразільскую музыку. Я адчувала сябе гераіняй якога-небудзь фільма ці серыяла. Потым яны адвезлі нас на месца, дзе раздавалі харчаванне на два дні, і мы развіталіся.  Божа, дзякую Табе за гэтых цудоўных людзей!

Каб патрапіць на адарацыю з Папам, нам трэба было прайсці 10 км за гадзіну, трымаючы па тры дадатковыя кілаграмы правіянту. Нашыя сябры паехалі на пляж амаль адразу пасля Каркавада і абяцалі заняць нам месца, даслалі смс, дзе яны, і, ідучы, мы маліліся, каб іх знайсці. Не так і лёгка зразумець, дзе той патрэбны экран і французы ў ружовых шаліках сярод мільёна людзей. Мы маліліся Ружанец за нашыя сем’і, за тых, каго любім, за тых, хто не змог паехаць на Дзень моладзі. Спазніўшыся на 15 хвілін, мы не маглі знайсці групу. Вырашылі дзе-небудзь затрымацца і пайсці на пошукі пасля чування. І вось Бог зрабіў для нас чарговы маленькі цуд: я ўбачыла нашых дзяўчат. Аказалася, яны проста шукалі туалет, але для нас сталі нібыта анёламі, якіх Бог паслаў за намі.

Падчас адарацыі мы слухалі пераклад на польскую мову па радыё. Таксама я заўважыла чарговы маленькі цуд. Як я пісала, я баюся натоўпу, не люблю, калі размаўляюць падчас малітвы, і г.д. Так было і падчас адарацыі. Але калі сказалі, што будзе некалькі хвілін цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, наступіла такая цішыня, якой я ніколі не магла сабе ўявіць у месцы, дзе сабралася столькі людзей. Дарэчы, сёння натоўп мяне амаль не напружваў, а тут яшчэ і такая цішыня! Усе паўтара мільёны чалавек схілілі галовы перад Езусам, схаваным у Хлебе. Езу, у гэтай цудоўнай цішыні напоўні сабой маё мітуслівае сэрца.

Пасля адарацыі мы ўладкаваліся да сну пад адкрытым небам, на пляжы Копакабана. Нягледзячы на гучную музыку, я заснула, як дзіцятка.
 
{gallery}2013-07-27-ria{/gallery}
a 26 ліпеня. Чацвёрты дзень Сусветнага дня моладзі
 
З самай раніцы я з надзеяй у сэрцы выйшла на балкон і – цуд! – свяціла сонейка. Дзякуй Богу! Гэта цудоўны дар!

У касцёле нам раздалі ружанцы з карткамі, на якіх было напісана: я малюся за цябе на гэтым ружанцы.

Тэмай сённяшняй катэхезы было: што трэба рабіць, каб быць апосталам Хрыста ў свеце?
 
{gallery}2013-07-26-rio{/gallery}

Сёння пятніца, але ў Касцёле ў Бразіліі няма абавязку ўстрымання ад мяса (замест гэтага робяць учынкі міласэрнасці). На facebook у мяне за апошнія тры дні дадаліся каля 30 новых сяброў, усе яны з Віла-Вэлья; многія пішуць пасланні, але я не адказваю, таму што трэба мець шмат часу, каб напісаць на англійскай мове, нават з дапамогай google-перакладчыка. Малілася сёння за ўсіх, хто дарагі майму сэрцу.

Сёння мы каталіся на пароме і наваделі горад Нітэроі. З яго боку Рыа выглядае вельмі прыгожым.

Потым быў Крыжовы шлях. Музыка, ігра акцёраў, святло... Але галоўнае — што гэтае тэатральнае дзеянне насычае голад душы.

Пад вечар пайшоў дождж. Заўтра мы едзем на Копакабана — гару, дзе знаходзіцца статуя Езуса.
a
25 ліпеня. Трэці дзень Сусветнага дня моладзі

Надзея на сонейка не апраўдалася. З самай раніцы дождж ліў, як з вядра.

Тэмай разважання падчас сённяшняй катэхезы было: што азначае быць вучнем Хрыста? Па слвоах біскупа, важна пачынаць і заканчваць свой дзень з аднаго закліку: у імя Айцы і Сына, і Духа Святога. Падчас Імшы мы спявалі некалькі песень на беларускай мове.

Потым мы з Таняй заехалі ў цэнтр, набылі дажджавікі. У меня заўсёды так – калі ёсць нешта ад дажджу, то дажджу не бывае. І сапраўды, дажджу потым ужо амаль не было, падчас літургіі мы маліліся, каб ён спыніўся.

Пасля мы паехалі на возера Лагоя-Радрыга-дэ-Фрэтас, і калі ехалі і ішлі да яго (заўсёды па дарозе глядзім на мапу), бачылі статую Хрыста на гары Каркавада. Вось Ён! У параўнанні з гарой здаецца такім маленькім. Усё ж такі Божыя і чалавечыя стварэнні нельга параўнаць… Але для меня гэта не проста статуя – гэта сімвал горада, сімвал веры. Мы адразу пачалі спяваць: «Езус, Езус, Ты перамог…» Ішлі да возера, поўныя радасці.
 
{gallery}2013-07-25-rio22{/gallery}

Потым мы пабывалі ў Батанічным садзе і накіраваліся да Іпанемы – аднаго з прыгажэйшых пляжаў планеты. Толькі купацца не давялося. Але шум хваляў разам з ветрам – непаўторны. Паступова мы дайшлі да Копакабаны, дзе адбывалася сустрэча Папы. З-за майго страху перад натоўпам мы не былі там да канца і хацелі ехаць дадому, але амаль увесь рух у раёне пляжа быў перакрыты. Нам прыйшлося дзве гадзіны ісці да аўтобуснага прыпынку.

Радасныя воклічы, спевы – вось ён, Дзень моладзі! Мой страх натоўпу якраз ажыццявіўся, мы трапілі ў натоўп, што ішоў у кірунку нашага дома. Таня смяялася, што гэта кара за тое, што мы не былі на сустрэчы поўнасцю. Але не думаю, што Бог такі.

Я ўпэўнілася ў гэтым, калі мы прыйшлі дадому і даведаліся, што ў нядзелю сустрэча з Папам адбудзецца не на Гуараціба – 40 км ад горада, а на Копакабане, і чуванне наўрад ці будзе. Гэта, напэўна, сумна для многіх, але для нас з Таняй гэта вялікая радасць, бо ў нас самалёт 28 ліпеня ў 16.30, і мы паехалі б толькі на чуванне, але не змаглі б быць на Імшы ў нядзелю да канца. З-за таго, што ў гэтыя дні ліў дождж, стала немагчымым праводзіць сустрэчу са Святым Айцом на Гуарацібе. Дзякую Табе, Пане, за дождж і за тое, што смагу, не баючыся спазніцца на самалёт, маліцца разам з Папам!
a 24 ліпеня. Другі дзень Сусветнага дня моладзі

Раніцай нас прывітала бабуля Рэджына – маці Франсіско, якая накарміла нас сняданкам, а Івана падарыла вельмі прыгожыя кашулі са знакам Сусветнага дня моладзі. Сняданак можна браць і ў парафіі, дзе адбываецца ранішняя катэхеза.

У 9 гадзін пачалася катэхеза – аказалася, што мы ўдзельнічаем у рускамоўнай групе. Яна праходзіць у парафіі Добрага Пастыра, 15 хвілін ад дома пешшу. Нас прывітаў пробашч парафіі. Катэхезу праводзіў біскуп Клеменс Пікуль. Сярод прысутных было па адным прадстаўніку з розных краін: Расіі, Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Нігерыі, Манголіі, Аргенціны і іншых. Біскуп сказаў, што ва ўсім Рыа катэхезы праходзяць зараз у 300 месцах.

Катэхеза была цікавая, з гумарам. Біскуп казаў, між іншым, што сэнс нашага знаходжання ў Рыа – не турызм, а перажыванне веры. Толькі ганарлівы чалавек кажа, што не сумняваецца ў веры, і горшае, што можна пажадаць іншаму – заставацца такім, які ён ёсць. Наадварот, трэба пастаянна развівацца і ўдасканальвацца. Асноўным пытаннем катэхезы было: паглядзі, чым ты жывеш? Біскуп адзначыў, што, жывучы Хрыстом, нельга быць фанатам, але трэба евангелізаваць жыццём. Пасля катэхезы была магчымасць задаць іерарху пытанні.
 
{gallery}2013-07-25-rio{/gallery}

Потым мы раздзяліліся на групкі і пайшлі гуляць па горадзе. Разам з Таняй мы наведалі касцёлы ў цэнтры Рыа: касцёл св. Рыты, св. Францішка, св. Юзафа і іншыя. Таксама мы бачылі кляштар Сан Бэнта – святога Бэнэдыкта, пабудаваны ў XVI ст. Ён вельмі прыгожы ўнутры, аздоблены арнаментам у стылі барока. Нас захапіў прыгажосцю і касцёл Кандэлярыя, а яшчэ больш уразіла малітва супольнасці з Тэзэ, у якой удзельнічалі глуханямыя, спяваючы песні Тэзэ з дапамогай жэстаў. Мы пабывалі і ў музеі мастацтва.

Учора на Самбадромa мы сустрэлі семінарыстf Абэля з Віла-Вэлья, і сёння ўбачылі яго таксама каля аднаго з касцёлаў. Ён размаўляе па-партугальску.

Мы з Таняй так забегаліся, што не паспелі на абед, бо ў 18 гадзін удзельнічалі ў адарацыі на рускай мове. Я далучылася да музычнай групы, каб спяваць.

Пасля адарацыі мы ўрэшце паелі ў вельмі прыгожым, але дарагім рэстаране, і на метро мы вярнуліся дадому.

Сёння цэлы дзень ліў дождж. Я прамокла, але адчуваю сябе шчаслівай. З маленькай надзеяй, што надвор’е ў наступныя дні будзе сонечным, іду адпачываць. Усім добрага настрою і сонейка!
a 23 ліпеня. Пачатак Сусветнага дня моладзі

З самай раніцы мы сабраліся ў касцёле Сан Дамінга дэ Гусман, а потым паехалі на Самбадрома, каб забраць нашы пакеты пілігрыма. Падае дробны дождж, сонца няма, тут каля 18 градусаў. Потым мы занялі вялікую чаргу моладзі. Я, Таня, Насця, Максім і Андрэй вырашылі прайсціся па бліжэйшых вуліцах, тым больш што ў маёй раздрукоўцы былі пазначаны месцы, на якія варта паглядзець. Па дарозе сустрэлі групу моладзі з Гродна.

Тут знаходзіцца лесвіца Селарона з 215 прыступак, выкладзеных каляровай пліткай. Па ёй мы падняліся наверх, хацелі прайсці яшчэ вышэй, але адна жанчына папярэдзіла нас, каб не хадзілі, паказаўшы жэстам, што нас нібыта могуць забіць (недалёка знаходзяцца трушчобы – фавэлы). Мы дайшлі да катэдры. Яна будавалася з 1964 па 1979 гады, яе вышыня 75 метраў. Тут мноства вітражоў. Пасля наведвання касцёла св. Антонія, што недалёка ад катэдры, мы атрымалі смс, што трэба вяртацца.

{gallery}2013-07-24-rio{/gallery}
 
Прыкладна ў 17 гадзін мы атрымалі нашы рэчы і карткі на транспарт і ежу. На ежу кожны дзень нам выдаецца 30 рэалаў – гэта не так і многа. Затым мы паехалі на пляж Копакабана.

Вось і ён – знакаміты пляж Копакабана (праўда, нам яго не бачна, толькі пальмы і частка сцэны). Вялікая колькасць моладзі, людзі штурхаюцца, і мы з Таняй вырашылі выйсці з натоўпу. Але мінус гэтага месца – тое, што акрамя нас тут амаль ніхто не маліўся: людзі размаўлялі, фатаграфаваліся, смяяліся, хтосьці падчас Імшы глядзеў ролікі на youtube. Было зімна, ішоў дождж, праз кожныя некалькі хвілін праходзілі прадаўцы дажджавікоў. Мне захацелася спаць і сонейка, адзіноты і цішыні. Ахвярую гэтыя цяжкія для мяне хвіліны за цяжарную сястрычку, каб яе роды былі добрымі.

Пасля літургіі ў нас паўстала чарговая складаная задача: як даехаць да дома. Адна з нашых дзяўчат згубілася, а знайшоўшы яе, мы пачалі хадзіць за ручкі, а па баках, як ахоўнікі, нашы мужчыны. Ланцужком мы ішлі паміж аўтобусамі і нарэшце селі ў свой. Ехалі амаль дзве гадзіны, выслалі гаспадарам смс, што спазняемся, бо прыйсці трэба да 12 ночы.

І вось мы ўжо дома – прынялі гарачы душ і рыхтуемся спаць. Івана яшчэ таксама працуе – не толькі я працую па начах)
a
22 ліпеня

Сёння раніцай мы развіталіся з сем’ямі, у якіх пражывалі. Калі абдымала Адрыяну, яна назвала мяне сваёй дарослай дачкой (у іх ёсць дачушкі, якім 8 і 10 гадоў). Яны пакінулі нам невялікія падаруначкі і лісты. Яны застануцца ў маім сэрцы. Мне здаецца, што гэта былі адны з лепшых дзён у маім жыцці.

Яны запрасілі нас прыехаць яшчэ, але я адчуваю, што ўжо не вярнуся сюды ніколі… Але гэта не азначае, што мы ніколі не ўбачымся — магчыма, яны калі-небудзь прыедуць у Беларусь, напрыклад на Місійны тыдзень, калі Дзень моладзі будзе праходзіць у суседнія краіне, напрыклад у Польшчы?..

Давяраю гэта Божаму Провіду.

8 гадзін мы правялі ў аўтобусе – размаўлялі, гулялі, спалі…

{gallery}2013-07-23-rio{/gallery}

Часта мы думаем, што нам жывецца добра і лепш быць не можа, а можа быць толькі горш. Але Бог здзіўляе нас пастаянна. Яго дары для нас не маюць межаў! З Ім ніколі не будзе горш.

На аўтобусе мы прыехалі ў парафію. На пачатку мяне і Таню не маглі знайсці ў спісах, бо мы рэгістраваліся асобна. Таня вельмі хвалявалася, думаючы, што для нас не будзе месца ў сем’ях, а я за сябе не перажывала зусім, але хацелася, каб яна не расчаравалася. І вось з’явіліся нашы гаспадары, Івана і Франсіско, якія ўсміхаліся нам, і на сэрцы стала лягчэй. З самага пачатку Франсіска пакінуў пра сябе вельмі добрае ўражанне, калі ўзяў маю сумку і зрабіў выгляд, што яна вельмі цяжкая і ён не можа ісці пад яе цяжарам. Мы разам пасмяяліся, а потым ён распавёў, што яшчэ раней знайшоў мяне, а потым і Таню, на фэйсбуку. Там убачыў мой дзённічак і з дапамогай google-перакладчыка прачытаў яго. Так што шмат распавядаць пра сябе нам не прыйшлося — яны ўжо многае ведалі з сацыяльных сетак і дзённіка. У парафіі ім сказалі, што мы павінны прыехаць у нядзелю, але ў дзённіку яны прачыталі, што прыедзем сёння. Мы нават не маглі ўявіць, што гэтыя людзі так перажывалі і думалі пра тое, як мы сустрэнемся!

Яны вельмі добра размаўляюць на англійскай мове. Кватэра Іваны, Франсіско і іх сына Тэры знаходзіцца на восьмым паверсе вельмі прыгожага дома, з кансьержам на ўваходзе. Ля дзвярэй у маленькім басейне там плаваюць чарапахі. З балкона відаць горы (як сказалі нам, Езус на Каркавада знаходзіцца з іншага боку). Усё тут вельмі прыгожа. У нашым карыстанні асобны ванны пакой і нават падрыхтаваная для нас касметыка.

Пішу і думаю, ці прачытаюць яны гэта заўтра. Пішу як заўсёды ноччу, Франсіско жартаваў, што мой дзённік ніколі не выходзіць у нармальны час, і яны зразумелі, што я працую ноччу. Гэта так дзіўна, што я пішу пра Бразілію. Ці магла я калі-небудзь уявіць, што буду ў Рыа?

Раней, калі ў дзяцінстве  я глядзела бразільскія серыялы, марыла аб тым, каб мой шлюб адбыўся пад помнікам Езуса ў Рыа. Потым гэтая мара згубілася недзе ў слаях падсвядомасці, і я перастала нават думаць пра тое, што калісьці перасяку акіян… Усё ж такі сёння кавалачак маёй мары ажыццявіўся – я тут, у Рыа, хаця пакуль што не бачыла статую Езуса і не планую шлюб. Я ўвогуле даўно нічога не планую, не думаю пра будучыню – толькі радуюся моманту і сённяшняму дню, які дае Пан. І дзякую Яму за кожную хвіліну жыцця і за тое, што мары спаўняюцца, у лепшым выкананні, чым хацелася б. Жыццё ўсё ж цудоўная рэч!
a 21 ліпеня. Сёмы дзень Місійнага тыдня

З самай раніцы стварылася вясёлая сітуацыя. Звычайна, калі мы выходзім з аўтобуса, кс. Віталій і Дарэк падаюць дзяўчатам руку. А сёння Артур, мясцовы хлопец, стаў і падаваў нам руку, калі мы ўваходзілі ў аўтобус, — было вельмі міла.

{gallery}2013-07-21-rio3{/gallery}
На аўтобусе мы паехалі ў Віторыю на Імшу, якая сабрала ўдзельнікаў Місійнага тыдня, што жывуць у штаце Эспірыту-Санту. Была моладзь з Германіі, Албаніі, Венесуэлы, Італіі, Іспаніі і іншых.

Не люблю, калі шмат людзей збіраецца ў адным месцы. Мяне стамляюць танцы, гучная музыка і крыкі. Я цешуся, што моладзь праслаўляе Бога, але для мяне гэта свайго роду пакута, і я перажываю яе як ахвяру.

Прадстаўнікі ўсіх краін памаліліся «Ойча наш» і «Вітай, Марыя» на сваіх мовах. А потым настаў наш «зорны час»: як і прадстаўнікі іншых народаў, мы праспявалі песні. Малітва верных падчас Імшы таксама была на розных мовах.

Пасля літургіі мы паехалі дадому, а потым сабраліся ў Габрыэля — хлопчыка з арганізатараў. Яго бабуля з Польшчы, і ў яго я жыла да серады. Тут было барбэкю і танцы. Пазней мы прадставілі прэзентацыю «Беларусь у абдымках зорак», якую, як выявілася, зрабіў брат нашай перакладчыцы Алы. Пасля была хвіліна сведчанняў і нават слёз. Немагчыма было не плакаць. Асабліва ўразіла мяне гісторыя Адрыяны і Тэры, у якіх я жыву. Аказалася, што да Місійнага тыдня Тэры амаль не хадзіў у касцёл і мала верыў. Цяпер усё інакш.Потым мы ўсе абдымаліся, перадаючы адзін аднаму знак супакою Езуса. Я марыла ўбачыць Рыа, але Бог заўсёды перавышае нашыя мары. Нам захацелася зрабіць такую бразільскую вечарыну ў Мінску.

Пасля сведчанняў мы пайшлі на пляж. Былі вялізныя хвалі, і шум акіяну, здавалася, цалкам запоўніў маё сэрца. Мы спявалі песні пад гітару.

Раніцай наступнага дня ўсе мы ад’язджаем у Рыа.
a 20 ліпеня. Шосты дзень Місійнага тыдня

Гэты дзень распачаўся на пляжы! Мы былі на беразе Атлантычнага акіяна. Сёння я «адкрыла» для сябе кс. Віталія. Раней мне здавалася, што ён чалавек стрыманы, нават сумны, але ў гэтыя дні мы пабачылі яго зусім з іншага боку. Ён распавядаў цікавыя гісторыі і анекдоты, мы разам спявалі свецкія песенькі (напрыклад, «Ветер с моря дул» і іншыя). Я назвала гэты час «казаннямі на пляжы».

Пасля абеду мы паехалі на гару, дзе знаходзіцца касцёл Nosa Senhora da Pen. Тут была імша для ўсіх удзельнікаў Місійнага тыдня, якія жывуць у Віла-Вэлья. Я з Таняй і кс. Віталіем была на свeжым паветры, на тэрыторыі каля касцёла. Калі распачалася Імша, вакол было столькі мітусні і гоману, што цяжка было засяродзіцца, але мы маліліся. Ксёндз Віталій прачытаў нам урывак з Евангелля пра Марыю і Марту, затым была «прыватная» гамілія, падчас якой мы задавалі святару пытанні і нават дыскутавалі. Мы зразумелі, што ў жыцці трэба сумяшчаць працу і малітву, а таксама што сярод тых, хто размаўляў і смяяўся на вуліцы вакол нас, мы былі як Марыя, якая слухала Божае слова. Гэты час мы назвалі казаннем на гары.

{gallery}2013-07-20-rio2{/gallery}
Увечары нас чакала новая вясёлая праграма пад назвай Festa Junina — свята збору кукурузы. Яно праходзіла на кірмашы. Тут можна было паесці – для нас усё было бясплатна – і патанцаваць. Асабліва цікавы быў адзін з танцаў, які захапіў усіх дзяўчат: танец па парах, падчас якога дзяўчаты змянялі хлопцаў па крузе. Мы адчувалі сябе сапраўднымі прынцэсамі, а яшчэ былло прыемна, калі група хлопцаў падышла да нас і папрасіла з намі сфатаграфавацца. Часта дзяўчатам у Беларусі, асабліва ў Касцёле, не хапае ўвагі хлопцаў – тут жа яе было шмат. Было весела і цікава.

Скончыўся чарговы дзень. І крыху з бояззю думаю, якім будзе панядзелак, калі мы развітаемся з жыхарамі Віла-Вэлья, - напэўна, многія дзяўчаты будуць плакаць… Але гэта будзе праз дзень, а нас чакае яшчэ адзін дзень сярод гэтых цудоўных людзей!
a 19 ліпеня. Пяты дзень Місійнага тыдня
 
Чарговы дзень у Віла-Вэлья. Здаецца, што мы тут ужо год… Так зжыліся і пасябравалі адзін з адным. Кожную раніцу мы дзелімся ўражаннямі з вечара (у Бразіліі час ужо ад 6 вечара лічыцца ноччу). Цікавая сітуацыя ў сям’і Тані: гаспадары спецыяльна для нас падрыхтавалі так, каб на многіх рэчах у доме ляжалі карткі з надпісамі па-руску (знайшлі праз google-перакладчык), напрыклад, мыла або «ларец для одежды» (шафа). Мне здаецца, я яшчэ ніколі не бачыла такіх цудоўных людзей!

{gallery}2013-07-19-luda-rio-1{/gallery}
Праграма гэтага дня была вельмі цікавай. Мы наведвалі касцёлы Віла-Вэлья, у кожным мясцовыя вернікі распавядалі пра яго на партугальскай мове, Тэры перакладаў на англійскую, а Ала і Гелена на рускую ці беларускую. У кожным касцёле мы разам маліліся Літанію да Усіх Святых, раздзяляючы яе па касцёлах:

1. парафія (або, як тут кажуць, komunidade – супольнасць) Св. Францішка Асізскага. Тут у нас ужо была Імша і адарацыя.
2. парафія Св. Тэрэзы Авільскай (знаходзіцца, як сказалі нам арганізатары, у вельмі бедным раёне, і менавіта так, па іх словах, выглядае сапраўдны бразільскі касцёл): тут нас сустрэлі спевам пад гітару. Супольнасць моліцца ў недабудаваным доме святара. Пабачылі вельмі цікавы вялікі ружанец, зроблены з пробак ад бутэлек. Парафіяне, хоць і бедныя, падрыхтавалі нам пачастунак – як заўсёды свежыя сокі і печыва.
3. парафія Хрыста Валадара, касцёл яшчэ будуецца. Кожны дзень здзіўляюся, гледзячы на гэтых людзей: мы з імі раней ніколі не сустракаліся, але яны адразу адбымаюць цябе і глядзяць, як на найлепшага сябра. Мясцовая жанчына падарыла мне бралок са сцягам Бразіліі. Здаецца, што першыя хрысціяне былі такімі, як бразільцы, - нам застаецца вучыцца ад іх.
4. касцёл Маці Божай Фацімскай. Сюды мы прыехалі ў кузаве пікапаў! Здавалася, што гуляем на вясковым вяселлі, ехалі і спявалі: «Ах, эта свадьба…» Тут мала парафіян, але яны таксама вельмі ветлівыя.
5. у пятай парафіі нам сказлі ісці моўчкі, схаваць усё каштоўнае і амаль што трымацца за рукі. Касцёл Езуса Адкупіцеля знаходзіцца ў вельмі небяспечным раёне. У парафіі адбываецца евангелізацыя моладзі і дарослых, бо ў гэтым раёне распаўсюджана наркаманія і злачыннасць. Дзякуй Богу, раён паступова становіцца лепшым. Тут пражывае каля 5 тысяч чалавек, і каля 30 наведвае парафію. Святар прыязджае сюды раз у два тыдні.
6. касцёл Святой Сям’і. Дзякуючы ярмаркам, вернікі назбіралі грошай на будаўніцтва гэтага касцёла.
7. апошні касцёл — Святой Тройцы, самы старэйшы з усіх, што мы наведалі, — яму 25 гадоў. Місія гэтай парафіі — дапамагаць дзецям з небяспечнага раёна.

Адметна, што ў кожнай святыні табэрнакулюм знаходзіцца ў асобным пакойчыку збоку. У кожнай парафіі мы спявалі па-беларуску.

Пане, які натхняеш сваіх святых на добрыя ўчынкі, які вучыш нас дарыць сябе іншым, навучы нас выпраменьваць любоў і адары ласкай. Усе святыя Божыя, маліцеся за нас!

Цікава, што ў сям’і Тэры мала гатуюць, ядуць або ў маці Адрыяны, або ў рэстаране. Таму ланч мы з’елі ў рэстаране. Потым я пайшла адна ў касцёл. Усё ж такі мне кожны дзень патрэбна некалькі хвілін адзіноты.

У пятніцу ў бразільцаў няма посту, яны ядуць мяса, але стараюцца рабіць учынкі міласэрнасці. Таму на пасляабедзенны час была запланавана дабрачынная акцыя – наведванне дзетак, але мясцовыя ўлады не дазволілі нам гэта зрабіць. Таму мы вырашылі паехаць на пляж. Днём тут дастаткова спякотна: 24–29 градусаў, але сонца ўжо заходзіла. Некаторыя, таксама і я, палезлі ў акіян. Ён салёны-салёны і ў параўнанні з Балтыкай не такі ўжо і халодны. Я плавала ў акіяне! Праўда, зламаная ключыца нешта разбалелася — відаць, сёння я яе занадта нагрузіла. Пасля кароткага адпачынку нас чакала вечарынка — party. Ногі паступова самі пайшлі ў скокі: мы танчылі, як шалёныя. Падчас танцаў я пазнаёмілася з маленькай Сарай, была і Анна Луіза – маленькая дзяўчынка, з якой мы пасябравалі, хоць і не разумеем адна адну.

Бацькі Анны Луізы сябруюць з маімі гаспадарамі і падвезлі нас да дома. Як аказалася, мая сябровачка Анна Луіза заўтра з бабуляй і дзядулем ад’язджае на адпачынак. Мы ўсе не маглі развітацца: цалаваліся, абдымаліся, а потым дзяўчынка падарыла мне мяккую цацку — медзведзяня Бобі. Мне было так сорамна, што ў мяне пустыя рукі! Мы знаёмыя тры дні, амаль не разумеем адна адну, і такая сімпатыя! Як гэта магчыма? Божа, дзякуй Табе за гэтых мілых бразільцаў. Яны цудоўныя!

І як заўсёды — у Беларусі ўжо раніца, праз 5 гадзін мне прачынацца, але ведаю, што высплюся добра, бо мой сон будзе аберагаць мішка Бобі.
a18 ліпеня. Чацвёрты дзень Місійнага тыдня
 
Нас ужо 13, сёння далучыліся яшчэ два хлопцы.

З самай раніцы мы вырушылі ў парк, які знаходзіцца на месцы перасячэння Атлантычнага акіяна і ракі Юку. Парк займае плошчу ў 346 гектараў. У рацэ Юку ловяць рыбу і крабаў. Нам дазволілі зайсці на базу крамы марскіх прадкутаў і паглядзець на жывых крабаў і лобстэраў. Калі мы гулялі па парку, уражваў шум акіяну. У гэтыя хвіліны мне прыгадаліся словы з фільма «Дастукацца да нябёсаў» пра акіян, яго шум і змену колераў, усю гэтую прыгажосць… Мы пабачылі шмат цікавых раслінаў, сярод іх дрэвы кавы.

Пасля наведвання парку нас чакала барбэкю і іншыя смачныя рэчы — усё адбывалася на свежым паветры, пад музыку, вясёлую, як у серыялах. Радуе, што тут заўсёды свежыя сокі. Мы з Таняй яшчэ ў Сан-Паула накупілі розных фруктаў, а пра некаторыя нават чытаем тут у інтэрнэце, бо не ведаем, як іх есці. Пакуль што больш за ўсё мне падабаецца сок з гуавы.

{gallery}2013-07-19-luda-brazilija{/gallery}
Другім адметным момантам сённяшняга дня стала падарожжа на фабрыку шакаладу. Нас загадзя папярэдзілі, як трэба апрануцца: доўгія штаны, майкі з рукавом, закрыты абутак, без завушніц і г.д. На нас апранулі і жоўтыя касцюмы, і мы вырушылі на экскурсію. Фабрыка «Гарота» — адна з буйнейшых у Бразіліі. На працягу хвіліны адна з машын фабрыкі вырабляе 300 цукерак, а такіх машын тут некалькі. 10 хвілін мы мелі магчымасць есці цукеркі, якія тут выпускаюць, — вельмі смачна!

Потым мы раз’ехаліся па сваіх дамах адпачыць. У маіх гаспадароў ёсць сабачка Лелейка. Ён вельмі любіць са мной бавіцца і кусацца. Крыху адпачылі і сустрэліся ў касцёле на адарацыі. Цікава, што на заканчэнне адарацыі святар або дыякан з Найсвяцейшым Сакрамэнтам праходзіць між людзьмі, і яны працягваюць да яго рукі.

Затым мы паехалі на так званую школу танцу. Я ўяўляла яе неяк інакш, аказалася ж, што там танцуюць толькі тыя, хто хоча, іншыя ж проста глядзяць.

І вось, пасля чарговых нападаў сабачкі Лелейкі, жадаю ўсім добрага часу сутак.
a
17 ліпеня. Трэці дзень Місійнага тыдня
 
Сёння мы даведаліся, што моладзь Віла-Вэлья збірала грошы ў парафіі на працягу чатырох месяцаў, каб прыняць нас тут і вазіць на экскурсіі. Праграма вельмі насычаная. У Бразіліі ўжо гадзіна ночы, у Беларусі — 7 раніцы, а я толькі села за ноўтбук, каб пісаць. Я ўжо ў новай сям’і — у Тэры, настаўніка англійскай мовы, і Адрыяны, і нават неяк іх разумею.

Але па парадку. Столькі ўражанняў кожны дзень — як захаваць іх у памяці? Раніцай 17 ліпеня разам з моладдзю Віла-Вэлья мы паехалі ў мясцовы санктуарый Маці Божай Носа Сеньёра да Пэнья, якая з’яўляецца апякункай штата Эспірыту-Санту. Ішлі мы доўга: трэба было падняцца ўгору, мы нават спацелі… але гэта было таго варта — тое, што адкрылася нашаму позірку, было проста незвычайна: акіян, горы, прыгожы мост! Дух захоплівае! Санктуарый знаходзіцца на гары, і там вельмі прыгожа. Выява Маці Божай там вельмі незвычайная — апранутая ў сукенку. Па дарозе ў санктуарый нам абяцалі, што мы ўбачым малпачак, але, на жаль, не давялося)

Пасля мы пайшлі на ланч — па-нашаму на абед. Як і ў Сан-Паула, у Віторыі ёсць цікавыя рэстараны, так званыя self-service. Уваходзячы, кладзеш на талерку любую ежу, якую жадаеш, і плаціш стаўку або за вагу ежы. Напрыклад, кілаграм марожанага каштуе 15 рэалаў, што значыць па-нашаму каля 70 тысяч, і на тры рэала можна аб’есціся. Ланч у нас быў якраз у такой кафэшцы. Для нас гэта было здорава, бо мы мелі магчымасць пакаштаваць розныя стравы. Тут вельмі смачныя сокі (sucas). Калі мы ўжо выходзілі з кафэ, аказалася, што гаспадыня, даведаўшыся пра нас, не ўзяла з нас грошай! Уражаныя дабрынёй незнаёмых людзей, мы праспявалі наша пілігрымскае «дзякуем Вам, алелюя!».

Мяне здзіўляе, як тут пераходзяць дарогу. У Сан-Паула былі святлафоры, але амаль ніхто не чакае зялёнага святла — тут ходзяць, як хочуць. Мы з Таняй, як сапраўдныя бразільянкі, таксама хадзілі на чырвонае святло, і на зялёнае. У Віла-Вэлья наогул няма святлафораў для пешаходаў, ёсць зебры, але чамусьці мы да іх ніколі не даходзім — таксама ідзём, як уздумаецца.

Мясцовая моладзь пра нас вельмі клапоціцца, пастаянна пытаецца, ці не трэба чагосьці.

Пасля ланчу нас чакала экскурсія па марскім каледжы ці акадэміі. Гэта нешта падобнае да арміі. Столькі прыгожых бразільцаў мы яшчэ не бачылі) Наведваць акадэмію можна толькі па суботах, і дзяўчаты, прыходзячы сюды, павінны быць апрануты ў кашулю і штаны. Для нас зрабілі выключэнне — у шортах або спадніцах мы шпацыравалі па будынках і падворку акадэміі для будучых маракоў. Сярод нас таксама ёсць ваенны — Дарэк, які шкадуе, што ў нашай арміі няма месца для малітвы і засяроджання, бо, напрыклад, тут ёсць капліца і свой капелан. А потым Дарэк разам з не менш сур’ёзнымі дзяўчатамі — настаўніцамі, юрыстамі — папрасілі ў дзяцей лятучага змея і бавіліся з ім, як маленькія! Цудоўна быць дзіцём Божым — заўсёды можна дазволіць сабе радавацца кожнай хвіліне.

На беразе акіяну мы бачылі незвычайных мурашак: яны вялікія і, падобна як нашы, цягнуць на сабе ношу, але ў тры разы большую. Часам і мы, як тыя мурашкі, — цягнем усё на сабе, а Бог, магчыма, хоча, каб мы былі, як лятучыя змеі — лёталі ў паветры і дазволілі Яму цягнуць за вяровачку нашыя лёсы.

У 8 гадзін вечара мы ўдзельнічалі ў Імшы ў парафіі. Мяне папрасілі прачытаць на польскай мове малітву вернікаў, а потым аказалася, што трэба быць апранутым у нешта накшталт комжы. Вельмі хвалявалася. Падчас Імшы бразільцы спявалі такія песні, што складана было не прытанцоўваць у рытм. Некаторыя часткі літургіі адрозніваюцца ад нашай, але нязначна. Больш за ўсё мяне ўразіў спеў: калі закрывала вочы, здавалася, што я ў небе, і слёзы самі накатвалі. Мы праспявалі таксама дзве песні па-беларуску. Пасля Імшы нас запрасілі выйсці перад парафіянамі і назваць нашы імёны — бразільцы паўтаралі іх за намі і гучна апладзіравалі, выказваючы сваю радасць ад нашага прабывання тут. Многія дзяўчаты, у тым ліку я, не маглі ўстрымацца ад слёз. Потым мы ўсе разам яшчэ спявалі і танчылі, праслаўляючы Бога.

Божа, слаўлю Цябе за гэтыя дні сярод такіх ветлівых, сардэчных людзей! Я шчаслівая!

Хутка дзве гадзіны ночы, у Беларусі многія ўжо распачынаюць працоўны дзень… І мне ўжо трэба адпачыць, каб з новымі сіламі сустрэць новы дзень і сюрпрызы, якія для нас падрыхтавалі маладыя бразільцы.
 
{gallery}2013-07-17-luda{/gallery}
Фота Людмілы Бурлевіч і Таццяны Танана 
a16 ліпеня. Першая раніца на бразільскай зямлі
 
Учора апоўдні мы прыехалі ў Віторыю. Мы ехалі ў вельмі камфортным аўтобусе, таму 15 гадзін язды цягнуліся не так і доўга. Тут розніца з нашай краінай у 6 гадзін: калі ў Бразіліі 8 гадзін раніцы, у Беларусі ўжо абед — 14 гадзін.

Калі мы прыехалі ў парафію, дзе нас сустракалі маладыя людзі і іх бацькі, мой энтузіязм чамусьці паменшыўся. Многія размаўлялі па-англійску, а дагэтуль я карысталася мовай жэстаў і мімікі. На дзіва, нас раздзялілі па сем’ях па адным чалавеку. Пакуль што я ў сям’і хлопца, які знаходзіцца ў ліку арганізатараў сустрэчы і вельмі добра размаўляе па-англійску. З серады буду жыць у сям’і настаўніка англійскай мовы з Лондана (для многіх гэта было б знаходкай). Здавалася, я нічога па-англійску не разумею… але калі Тэры, настаўнік, у якога я буду жыць, узяў нас на пляж і размаўляў з Геленай, я разумела ўсё, толькі сказаць нічога не магла.
 
Калі я ўбачыла пляжы і акіян, смутак як хваляй змыла — такая гэта прыгажосць. Было 5 гадзін вечара — тут якраз заход сонца — гэта проста цудоўна! На жаль, у фотаапараце села батарэйка (як я сказала Тэры — «died»). Бачыла адзін з самых доўгіх мастоў у свеце.

Як аказалася, у маёй часовай сям’і бабуля паходзіць з Польшчы, яе імя Яніна. Маёй радасці не было канца, яна размаўляе на вядомай мне мове! Крыху з акцэнтам, але па-польску. Кармілі вельмі смачна — тут добра гатуюць мяса і ёсць цікавы від фасолі, чорнага колеру.

На 18 гадзін мы пайшлі ў мясцовы касцёл на Ружанец. Аказалася, што святар прыязджае сюды раз у тыдзень, а мы маем святара «з сабой». На іншым канцы свету мы маліліся Ружанец і «Вітай, Марыя» на беларускай мове! Напрыканцы а. Віталій благаславіў нас. Пасля таго, як усе пазнаёміліся адзін з адным, мы разышліся па сваіх дамах.
 
Дома бабуля Яніна па-польску распавядала пра сваю маладосць, пра тое, як іх выхоўвалі бацькі і як яны працавалі на полі. Яе маці пераехала ў Бразілію, і вось пані Яніна, маючы 85 гадоў, у гэтым годзе першы раз паехала на радзіму сваёй маці і прывезла ў бутэльцы крыху зямлі, якую хоча насыпаць на магілу маці.

Вечарам ішоў дождж. Раніцай 16 ліпеня мы пайшлі ў касцёл, праспявалі гімн да Духа Святога і ўсе разам пайшлі гуляць па гарадку. Як аказалася, мы жывём не ў самой Віторыі, а ў Віла-Вэлья — гэта вельмі блізка.

Пасля ночы ў бразільскіх сем’ях усе мы былі ўражаны: бразільцы вельмі ветлівыя людзі і прынялі нас гасцінна. Адно толькі сумна — кава і гарбата з занадта вялікай колькасцю цукру! Усё астатняе проста цудоўна. Некаторыя з нас снедалі, гледзячы на акіян, іншыя — на падворку. Пасля мы знаёміліся з мясцовай моладдзю, распавядалі адзін пра аднаго, гуляючы ў кракадзіла.

Затым мы паехалі ў Віторыю, наведалі там катэдру і дом губернатара — былы езуіцкі каледж. Ехалі па цудоўным мосце, які я бачыла яшчэ ўчора. Мяне перапаўняюць уражанні ад гэтай прыгажосці! Цешуся, што я тут!

Вечарам мы паехалі на шопінг, пасля рэпетыравалі спевы на заўтрашнюю Імшу. На дзіва, усе спевакі не маладзейшыя за 40 гадоў. Яны спявалі вельмі прыгожа! Потым мы разышліся па дамах. Дзень быў цудоўны!
 
{gallery}2013-07-17-brazilija{/gallery}
Фота Людмілы Бурлевіч і Таццяны Танана 
a 15 ліпеня. Напярэдадні Місійнага тыдня…
 
Ідэя Сусветнага дня моладзі (СДМ) належыць бл. Яну Паўлу II, які ўпершыню сабраў моладзь у Рыме ў 1984 годзе, пасля чаго вырашылі збіраць моладзь кожны год, а на міжнародную сустрэчу — раз на тры гады. 
 
Мэта СДМ — перажыванне супольнасці Касцёла, паглыбленне веры і сведчанне аб Езусе Хрысце. Тэма сёлетняй сустрэчы ў Рыа — «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Mц 28, 19).  
 
 
Калі я прачытала гісторыю Сусветнага дня моладзі, то зразумела, што мы равеснікі — мне таксама 28 гадоў. Пра СДМ упершыню я даведалася ў 2005 годзе, калі збіралася паехаць у Кёльн. Аднак тады я трапіла ў аварыю і падчас сустрэчы моладзі праляжала ў шпіталі.
 
Але ў 2011 годзе я ўдзельнічала ў Сусветным дні моладзі ў Мадрыдзе. Насамрэч я не надта люблю масавыя мерапрыемствы, і пасля СДМ у Мадрыдзе заракалася, што больш на такую сустрэчу не паеду. Але калі я ўсвядоміла, што наступная сустрэча адбудзецца ў краіне, пра якую ўсё сваё дзяцінства я глядзела серыялы, у горадзе, пра які мне распавядаў тата (ён працаваў боцманам на караблі і быў там якраз пад час карнавалу), я вырашыла паехаць. Тым больш што такой магчымасці можа ў іншы раз і не быць: СДМ прызначаны для тых, каму менш за 35 гадоў, так што ў мяне засталося не так шмат шанцаў :).
 
Назбірала неяк грошай: частку прыйшлося пазычыць, і калі вярнуся, то яшчэ некалькі месяцаў давядзецца адпрацоўваць, але разумею, што яно таго вартае! Падарожжы — мая мара з дзяцінства.
 
Я і мая сяброўка Таня вырашылі прыняць удзел таксама ў Місійным тыдні напярэдадні СДМ. Потым даведаліся пра групу з Мінска (каля 8 чалавек), якія таксама едуць, і разам зарэгістраваліся на Місійны тыдзень ў горад Віторыя, штат Эспірыту-Санту.
 
Цікавая назва… Корань «сант» азначае «святасць», «спірыту» – «дух», будзем ў штаце «Святога Духа». Як паказвае гугл-мапа, гэта 515 кіламетраў ад Рыа і 941 км ад Сан-Паулу, куды мы з Таняй прыляцелі вечарам 11 ліпеня. Прыляцелі раней, таму білеты былі значна танейшымі, чым калі б ляцелі 14 ліпеня. Шлях не надта лёгкі: спачатку ў гадзіну ночы 10 ліпеня мы селі на цягнік з Мінска да Брэста, потым даехалі цягніком да Тарэспаля, а затым і да Варшавы, адтуль у 6 раніцы быў наш самалёт, і з перасадкай ў Амстэрдаме даляцелі да Сан-Паулу. Вельмі люблю лятаць на самалёце, люблю ўсё — ад моманту, калі закладае вушы пры ўзлёце, да таго моманту, калі ўсе апладзіруюць пры пасадцы. 
 
Вельмі шмат уражанняў ад трох дзён у Сан-Паулу. Мне здаецца, што я ўжо паспела адпачыць ад штодзённых будняў. Многія людзі тут пытаюцца, адкуль мы, кажуць, што ведаюць нашу краіну. Да нас усе вельмі ветліва ставяцца. А ў пункце інфармацыі жанчына сказала, што за 11 гадоў, што яна тут працуе, мы першыя беларусы, якія прыбылі сюды. 

Місійны тыдзень распачнецца ўжо заўтра... 
 
{gallery}2013-07-15-luda-madryd{/gallery}
 
Фота Людмілы Бурлевіч і Таццяны Танана

Абноўлена 11.06.2018 12:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.