Пошук

08.07.2013 00:00   Catholic.by

3 30 чэрвеня па 5 ліпеня ў Будслаў будуць крочыць пілігрымы з Браслава. Сярод іх і Людміла Бурлевіч, карэспандэнт Catholic.by. Сваімі назіраннямі, а таксама навінамі, якія адбыліся ў пілігрымцы за дзень, яна будзе дзяліцца ў сваім анлайн-дзённіку.

Дзень восьмы. Заканчэнне

…Вось я ўжо і дома (ужо чакаю наступнага года:)

Наш пробашч абяцаў, што некалькі разоў на год зладзім у парафіі сустрэчу пілігрымаў. Дзякую Табе, о Маці, за кожны дзень у шляху, за новыя знаёмствы. Дзякуй за жыццё!

Зараз я зноў у горадзе. Вярнулася да будзённых клопатаў, працы і сяброў. І хоць пілігрымка ў Будслаў ужо мінула, часам зранку я прачынаюся з думкай аб тым, што мне зноў трэба сабраць інтэнцыі на Ружанец або прадумаць спевы для Імшы…

Іду па праспекце, удыхаю пыльнае гарадское паветра і адчуваю, як наліваюцца цяплом мае плечы пад ранішнім сонцапёкам. Узгадваю нашы апошнія кіламетры перад Будславам, калі мы пайшлі праз лес, каб было не так горача. Часамі сцяжынка настолькі звужалася, што даводзілася ісці чародкаю адзін за адным. А мы налаўчыліся яшчэ і чарніцы па дарозе збіраць.

Перад самым выхадам з лесу на бальшак пачаўся дождж. Ніякія дажджавікі не маглі ўратаваць нас ад нябеснай вады. Так і ішлі, хлюпаючы па лужынах і спяваючы песню «ласка падае, як дождж». Дзякую Табе, Марыя, і за дождж, і за сонца, якое паказалася якраз тады, калі мы стаялі перад святыняй. Гэта незабыўныя эмоцыі.

Гэта мой апошні запіс у дзённіку пілігрыма. Але хутка мой дзённік працягнецца: наступны пункт — Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра!

 

 

Дзень сёмы.  6 ліпеня

Вельмі ўразіла працэсія са свечкамі. Прыгожа было. І духоўна моцна.

Ногі зусім не баляць. Праўда. Нават станцавалі пад спевы гурта “Міласць” — мне амаль зноў 15 — усміхаюся. 

Заначавала ў намётавым гарадку. Трошкі сыравата, але гэта дробязі. У думках — яшчэ свежая памяць пра нашу пілігрымку і «маленькія цуды», звязаныя з ёй. Імі і хачу з вамі падзяліцца.

Аповед Наташы

«Калі мне было пятнаццаць, я да канца не разумела, што такое пілігрымка і навошта я ў ёй іду. Мне было проста весела і цікава. Мы ішлі, жартавалі, смяяліся... І вось раптам я ўбачыла бабульку ў полі, якая даіла карову. Яна схапіла вядро з малаком і подбегам пайшла нам напярэймы — паставіла вядро на дарогу, пілігрымы ішлі, чэрпалі свежае малако, а бабуля, укленчыўшы, цалавала асфальт…

Тады я зразумела, навошта мы ідзём. Не для сябе, але перадусім таксама для таго, каб сведчыць аб веры тым, хто нас сустракае». 

Аповед Алены

«Аднойчы, калі я, мая сястра і брат ішлі ў пілігрымцы, мая маці ляжала ў шпіталі, хворая на рак. Мы, яе дзеці, маліліся аб выздараўленні нашай матулі. Ужо пасля пілігрымкі, наведваючы маму ў лякарні, мы даведаліся, што хвароба адышла і матуля ідзе на папраўку. На жаль, мама не верыць, што гэта цуд. Але я ведаю, што так і ёсць».

…Гадоў дзесяць назад у наш браслаўскі касцёл прыходзіў маленькі хлопчык Андрэй, мы ўсе называлі яго Андрушкай. 

Яго бацькі былі, на жаль, пітушчымі, таму выхаваннем хлопчыка збольшага займаліся мы. Потым Андрэя забралі ў інтэрнат. 

У гэтай пілігрымцы праз колькі гадоў я зноў яго ўбачыла — ён нёс рупар наперадзе пілігрымкі. Гэта быў ужо дарослы юнак. 17 гадоў. І тыя ж вочы, якія патрабуюць любові. Як ён расказаў мне, год назад ён дайшоў да Першай Камуніі, вучыцца ў каледжы. Не п’е.

Андрушка памятае, як я прымушала яго вучыць алфавіт і як ён ноччу прыходзіў да нас дадому рабіць урокі.

Для Андрушы гэта была першая пілігрымка. І для мяне ён — маленькі цуд.

Дзень шосты. 5 ліпеня

Апошні дзень нашай дарогі. Неяк нават крыўдна. Чакалі менавіта гэтага дня, і вось, калі ён наступіў, я разумею, што ўжо прывыкла штодня ўставаць і ісці. Цяпер жа зноў трэба будзе вярнуцца ў будні, да штодзённых клопатаў.

Наш дзень распачаўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой чыталіся малітвы падзякі пілігрымаў. Дзякавалі за жыццё, за новыя знаёмствы, за магчымасць ісці ў пілігрымцы…

Падчас адарацыі кожны пілігрым мог выцягнуць сярод шэрагу падрыхтаваных паперак з пажаданнямі адну. У маёй гаварылася аб тым, каб быць дарам для ўсіх, каго сустракаю на сваім шляху. 

Пасля адарыцыі мы падыходзілі адно да аднаго, каб абняць, дзякуючы за прысутнасць гэтага чалавека ў нашым падарожжы. Калі падыходзілі да мяне і дзякавалі за ўсё, я зразумела, што жыву недарэмна: тут, падчас гэтага шляху я адчула, што жыву для іншых людзей. 

Дзякую Табе, Пане, за ўсё, што робіш для мяне, за тое, што вядзеш сваім шляхам…

Падчас пілігрымкі некалькі чалавек адзначылі свой дзень нараджэння. Вось і сёння павіншавалі дваіх. Смяяліся, што на Дзень нараджэння яны запрасілі ажно 130 (!) чалавек -- менавіта столькі нас прыйшло ў Будслаў.

…Святая Імша для пілігрымаў. Сёння, Маці, Ты збіраеш ля сябе вялікую колькасць людзей... Паважныя спевы.  

Марыя... Твае вочы. Поўныя любові і чакання. Я тут, Матуля, я ўжо дайшла. Вітаю Цябе, любая мая. Дзякую Табе за гэтыя шэсць дзён, дзякую, што, як заўсёды, Ты чакаеш мяне...

 

{gallery}2013-07-06-luda{/gallery}

Фота Аляксандры Шчыглінскай і Ірыны Гайдамовіч

Дзень пяты. 4 ліпеня

Ідучы ў Будслаў пешшу, я дзякую Богу за ўсё, што Ён робіць для мяне. Дзякую за дарогу, за спёку, за смагу, за добрых людзей навокал. Магчыма, я і сама яшчэ да канца не разумею важнасць гэтага вопыту, але дакладна ведаю, што напатканае ў дарозе — паслана Богам.

Штодзённы тлум горада, як гэта часта бывае, забірае вольны час і не дае пабыць сам-насам. У пілігрымцы маленькія адкрыцці я раблю для сябе кожны пройдзены дзень.

Нашы дзяўчаты збіралі па дарозе духмяныя прыгожыя кветкі, каб зрабіць з іх вянок для крыжа. Вянок зрабілі, а кветкі яшчэ былі засталіся. Аддалі іх бабулькам, што сустракалі нас у Мосары. Гэта было ўжо два дні таму, а слёзы гэтых бабуль і зараз шчымяць у сэрцы…

Ісці засталося зусім крышку. Вельмі чакаю таго моманту, калі наша пілігрымка ўвойдзе ў Будслаў, каб пакланіцца Маці Божай.

Дзякую, табе, Марыя, што чакаеш сваіх сыноў і дачок.
 

Дзень чацвёрты. 3 ліпеня

Бязлітасная спёка. 32 кіламетры пад сонцам і тэмпература +30. Як мы радаваліся той вадзе, якую нарыхтоўвалі нам жыхары мясцовых вёсак, праз якія мы праходзілі! Часам частавалі і кампотам. Клопату людзей нізкі паклон.

Сёння Касцёл адзначае свята святога Тамаша, апостала. Падчас Імшы святар распавядаў пра мучаніцтва святога. Запалі ў душу словы святара: быць мучанікамі кожны дзень, мужна несучы свой крыж, — у гэтым наша духоўная моц.

Зранку мы ўзялі кожны сабе па каменю — сімвал нашай грэшнасці. Несучы камяні ўсю першую палову дня, мы маліліся. Быў час і на разважанні ў цішыні. Камяні мы пакінулі пад прыдарожным крыжам — як сімвал адмаўлення ад граху. Там жа ў нас прайшло пакутнае набажэнства.
Нас ідзе 126 чалавек. У асноўным моладзь, таму пілігрымку нашу чуваць добра. Спяваем гучна)

Адарацыя ў канцы дня прынесла душэўную палёгку і дадала сілы на заўтра: апошні дзень перад прыходам у Будслаў…

Дзень трэці. 2 ліпеня

Мінуў адзін з найбольш кароткіх дзён нашай пілігрымкі — 16 кіламетраў. Нас пабольшала да 120 чалавек (з Браслава выходзіла 80). Радуе, што амаль усіх разбіраюць на начлег.

З дзяўчатамі начавалі ў адной бабулі, якая шчыра прызналася, што не ведала, ці прымаць у сябе пілігрымаў. Напярэдадні яна паслухала па радыё гараскоп, дзе было напрарочана не знаёміцца з новымі людзьмі. Кабета нават да суседкі хадзіла раіцца…

Фота кс. Станіслава Мжыглуда
 

Людзі розныя. Але ўсе па-беларуску шчырыя і гасцінныя. Вось і сёння дзве бабулі з вёскі нават хадзілі і перапытвалі: няўжо больш пілігрымаў не засталося. На начлегах частуюць заўжды ўсім самым добрым: закаткі, салаты, аднойчы нават пірог спецыяльна выпеклі…

Жыхары вёсак, праз якія праходзім, часта сустракаюць нас сталамі з вадой і бутэрбродамі. Усё вельмі смачна, і мы, напраўду, вельмі ўдзячныя людзям за клопат.

Просяць нас таксама маліцца за іх, перадаюць інтэнцыі, а некаторыя і ахвяру з просьбай занесці да Маці Божай Будслаўскай. Штодня ў пілігрымцы молімся Ружанец і збіраем інтэнцыі пілігрымаў. У першы дзень такіх было дваццаць, але з кожным новым днём інтэнцый большае. У іх ліку шмат глыбокіх: з просьбай аб здароўі сям’і, пазбаўленні ад залежнасцяў і спакусаў…

Дзень другі. 1 ліпеня

 Сёння мне зноў разбалелася плячо. Вымушана была аддаць хлопцам сваю торбачку. Клапатлівыя — дзякуй ім за гэта.

А мы зноў у дарозе. Мне сёння двойчы сказалі, што за год пасля мінулай пілігрымкі я змянілася. Нібыта стала больш сур’ёзная. Нават не ведаю, добра гэта ці не. Але думкі збольшага пра дарогу. Стараюся быць карыснай: дапамагаю праводзіць Ружанец і ранішнюю малітву, спяваю.

У касцёле ў Шаркаўшчыне адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Я і зараз пад уражаннем. Быў момант, калі можна было падысці, укленчыць — святар трымаў манстранцыю з сакрамэнтам высока над галавой — і пабыць з Езусам сам-насам…

А яшчэ сёння рыхтавала канферэнцыю для пілігрымаў. Тэма — «Веру, нягледзячы на сумненні». Доўга думала, што сказаць, каб было цікава. Спадзяюся, мае словы мелі плён.

{gallery}2013-07-02-luda{/gallery}

Фота кс. Станіслава Мжыглуда

Дзень першы. 30 чэрвеня

«Ісці — тое ж самае, што любіць, ісці — тое ж самае, што маліцца», — словы адной з маіх любімых кніг Жана-Рэнэ Бушэ. Сваёй дарогай малюся… Люблю ісці, люблю атмасферу пілігрымкі, люблю Бога перадусім. Наперадзе 150 км дарогі. Трошкі перажываю. Але так заўсёды: цэлы год я або сяджу на працы, або еду ў аўтобусе — хаджу вельмі мала, а тут столькі прайсці…Здаецца, адкуль толькі сіла ў нагах?

Першыя кіламетры мінаюць, і заўважаю, што сёлета я пілігрым не такі «дасканалы», як іншыя «сумчатыя» — іду без заплечніка. Гэтай зімой зламала ключыцу, і, на жаль, косць яшчэ да канца не зраслася, не магу нічога насіць на левым плячы. Таму ўзяла маленькую торбачку, у якой вада, дажджавік, спеўнік ды ружанец. Без ежы... У нашай пілігрымцы няма палявой кухні, але ў многіх вёсках жыхары рыхтуюць ці то абеды, ці падвячоркі. І акрамя гэтага, побач сябры — не дадуць памерці з голаду.

Летась мы з сяброўкай Анжэлай распачалі традыцыю «рэтра-радыё». Нашае дзяцінства нібыта і праляцела ў пілігрымцы. Вось і распавядаем усім пра тое, як было раней, песенькі «старэнькія» спяваем. Здаецца, ведаеш кожны паварот, кожную травінку на шляху. Але раз — і заўважаеш нешта новае.

Матылькі! Як іх шмат па дарозе! І колькі мы іх часамі, не хочучы, топчам. Кажуць, што матылёк жыве ў сярэднім 10 дзён. Час кароткі, але матылёк паспявае выканаць сваё прызначэнне. Наша жыццё, як у тых матылькоў: толькі імгненне паміж мінулым і будучыняй. Але ці паспеем мы выканаць Божы план для нас? Залежыць ад нас саміх.

{gallery}2013-07-01-luda{/gallery}

Фота Святланы Жылевіч

Дзень перад выхадам. 29 чэрвеня

У сваю першую пешую пілігрымку ў Будслаў я пайшла акурат пасля заканчэння чацвёртага класа. Помніцца, шмат плакала ў дарозе, сама нават не ведаю чаму. Магчыма, гэты былі слёзы суму — першы раз далёка ад мамы, а магчыма і слёзы радасці: ад таго, што іду.

Тады шлях з Браслава пралягаў праз балота — я вельмі баялася гэтага дня. І калі перада мной паўстала зялёная дрыгва, а ўсе ўдзельнікі пачалі здымаць абутак і закасваць штаны, стала яшчэ больш страшна. Я не здымала абутак – баялася, каб хто па назе не папоўз. Зрабіла некалькі крокаў, потым яшчэ, але ў пэўны момант стала надта глыбока: дрыгва сягала вышэй калена. У гэтую хвіліну адзін са старэйшых хлопцаў — Дзіма — пасадзіў мяне на плечы і панёс. Як я была яму ўдзячная тады!

Вось такія ўспаміны. Больш нічога не памятаю, яшчэ толькі, што за ўсю дарогу не нацёрла ніводнага мазаля… Так пачыналася маё знаёмства з пілігрымкай. А колькі разоў хадзіла — дакладна не памятаю, 14 або 15 разоў. Заўтра першы дзень такой знаёмай, але кожны раз такой новай, прыгоды…

 
Фота кс. Станіслава Мжыглуда

 

Абноўлена 11.06.2018 12:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.