Пошук


Удзельнікі ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск-Полацк набліжаюцца да сваёй мэты. 15 ліпеня пілігрымка дойдзе да вёскі Гараны, адкуль на наступны дзень вырушыць да Полацка. «Адзінства Царквы» і спадчына беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны — тэмы, над якімі разважаюць пілігрымы.

Catholic.by задаў некалькі пытанняў адносна сёлетняй пілігрымкі, на якія адказвае а. Яўген Усошын, прэс-сакратар Апостальскага візітатара БГКЦ.

— Айцец Яўген, сёлетняя пілігрымка вырушыла пад дэвізам «Веру ў адзіную Царкву». Як раскрыць глыбей паняццё «адзінай Царквы» для нашага народа?

— Я б хацеў працытаваць тут фрагмент духоўнай канферэнцыі, якую на пачатак ХХІІ пілігрымкі напісаў а. Андрэй Крот з Гродна. У ёй а. Андрэй якраз гаворыць пра «адзіную Царкву».

«Якім чынам мы можам дапамагчы вяртанню адзінства Царквы? Безумоўна, неабходна малітва аб еднасці хрысціян.

Аднак я хацеў бы звярнуць увагу на адну вельмі важную справу, да якой мы, грэка-католікі, пакліканы – несці праўду пра адзінства Царквы. Мы павінны моцна ўсвядоміць, што рэальнае адзінства паміж хрысціянамі розных традыцый магчымае і яно існуе ў Каталіцкім Касцёле. Мы, хрысціяне візантыйскай традыцыі, захоўваем яе багацце і пры гэтым жывём у еднасці з нашымі братамі і сёстрамі лацінскай і іншых традыцый.

Мяне заўсёды моцна кранае, калі падчас вялікіх урачыстасцяў у рыма-каталіцкіх храмах прысутнічаюць прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і нашы, грэка-каталіцкія святары. Мы выглядаем аднолькава – тыя самыя святарскія вопраткі, падобныя крыжы. Праваслаўныя святары заўсёды паказваюць сваю глыбокую пашану да рыма-каталіцкай традыцыі, аднак, у адрозненне ад грэка-каталіцкіх святароў, яны не могуць супольна служыць Эўхарыстыю. Я веру, што калісьці гэты боль падзелу будзе цалкам пераадолены, а пакуль мы, грэка-католікі, дзякуючы подзвігу Айцоў Брэсцкай уніі можам супольна прымаць Цела Хрыстовае разам з братамі і сёстрамі — католікамі іншых традыцый».

Цалкам чытаць тут»»

— Таксама ў сёлетняй пілігрымцы рабіўся акцэнт на спадчыну Францішка Скарыны, якую ён стараннай працай назапасіў для нашага народа. Якое больш канкрэтнае дачыненне асветнік пачатку XVI стагоддзя мае да Грэка-Каталіцкай Царквы?

— Грэка-Каталіцкая Царква (называная даўней Грэка-Уніяцкай Царквой) — гэта не Царква, якая нарадзілася 420 гадоў таму, у 1596 г. на саборы ў Брэсце. Гэта Царква, у якой «сканцэнтраваліся» ўсе ранейшыя намаганні дзеля аднаўлення еднасці паміж хрысціянамі ўсходняй традыцыі на нашых землях і Рымскім Апостальскім Пасадам.

Францішак Скарына ведаў пра ранейшыя уніі — між іншым пра Фларэнтыйскую — і жыў «духам адзінства»; вучыўся ў Полацку ў школе манахаў-бэрнардынцаў.

Уся праца Францішка Скарыны ўпісваецца у гэты шлях «аднаўлення еднасці». У ягонай «Падарожнай кніжцы» знаходзім складзены ім «Акафіст святым Вярхоўным Апосталам Пятру і Паўлу» — увесь у духу адзінства Усходу і Захаду. Таму для нас важная духоўная спадчына гэтага вялікага беларускага хрысціяніна. Да гэтай спадчыны мы вяртаемся ў час пілігрымкі ў гэтым годзе.

Больш пра ХХІІ грэка-каталіцкую пілігрымку Віцебск-Полацк чытайце пазней у рэпартажы Сatholic.by, які будзе падрыхтаваны ў Полацку.

Аксана Ючкавіч

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця