Цэнтральным момантам святкавання 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў у санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. З наведвання Шуміліна іерарх распачаў свой трохдзённы візіт у Віцебскую дыяцэзію.
Пры ўваходзе у санктуарый нунцыя сустракаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам са святарамі дыяцэзіі, а таксама шматлікія вернікі. Кранальным момантам прывітання высокага госця сталі непасрэдныя словы маленькіх парафіянаў.
У сваёй прывітальнай прамове на пачатку святой Імшы, кажучы пра фацімскія аб’яўленні, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што культ Маці Божай Фацімскай найбольш пачаў пашырацца ў час пантыфікату святога Папы Яна Паўла II, які дэвізам свайго пантыфікату абраў словы Totus tuus (Увесь твой) і які дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі быў уратаваны падчас замаху на яго жыццё 13 мая 1981 г.
Пры гэтым біскуп Віцебскі прыгадаў, што пры адраджэнні касцёльных структураў на Усходзе на мяжы 1990-ых і 2000-ых адна з першых парафій новастворанай Віцебскай дыяцэзіі была прысвечана апецы Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне. Віцебскі ардынарый узгадаў, як 13 мая 2000 г. у Шуміліне адбыўся фэст, падчас святкавання якога вернікам спадарожнічала фігура Маці Божай Фацімскай.
Дарэчы, 17 гадоў таму біскуп Алег Буткевіч атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Фігуру ж маці Божай Фацімскай ён разам з іншымі новапраэзбітэрамі ўносіў тады на свяіх плячах на стадыён, дзе праходзіла святкаванне.
Вітаючы Апостальскага Нунцыя, біскуп Віцебскі падкрэсліў, што прысутнасць іерарха тут — «гэта знак асаблівай лучнасці з Паўсюдным Касцёлам». Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да вернікаў, пажадаў ім, каб «фацімскае пасланне магло рэалізоўвацца ў вашым жыцці».
Моладзь як пакаленне Марыі
«Пакаленнем Марыі» назваў у сваёй гаміліі прысутную на ўрачыстасці моладзь Апостальскі Нунцый, узгадваючы аб пачатках фацімскай парафіі. Ён нагадаў, што фігура Маці Божай Фацімскай была падаравана парафіі кардыналам Казімірам Свёнтэкам і была прывезена з Фацімы.
Узгадваючы аб’яўленне Панны Марыі пастушкам і нагадваючы аб паводзінах самой Марыі падчас Звеставання, іерарх адзначыў, што «Пан Бог выбірае для цудоўных рэчаў, якія хоча рэалізаваць у гісторыі, простых людзей, бедных і сціплых, але багатых на веру і любоў».
Ён адзначыў, што ўсе мы, як і Найсвяцейшая Панна Марыя, «абраны Панам для выкананя асаблівай місіі у нашых сем’ях, у нашых супольнасцях, у Касцёле і грамадстве»
«Бог не шукае тых, хто лічыць, што мае вялікія здольнасці, шмат грошай, знаёмствы, але шукае тых, хто нікім не лічыцца ў вачах свету, але каго Пан Бог любіць асаблівым чынам. Менавіта у гэтым знаходзіцца таямніца Божай любові».
Нунцый таксама адзначыў, што якраз у гэты час у Фаціме папа Францішак далучае да ліку святых Францішка і Жасінту, фацімскіх пастушкоў, якія аднойчы «паверылі Божай Маці». Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў «давераць Марыі — Маці Божай і нашай Маці нашыя надзеі на будучыню, якія мы носім у сэрцы ».
«Няхай яна дапамагае нам быць мужнымі сведкамі даверу і надзеі, якая ніколі не пакідае тых, хто верыць у Хрыста, яе Сына», — сказаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Напрыканцы Імшы Апостальскі Нунцый удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне ад імя папы Францішка. Пасля Імшы адбылася ружанцовая працэсія вакол касцёла.
У сваім развітальным слове Апостальскі Нунцый падзяліўся, што ўдзельнічаць у гэтых урачыстасцях у такі важны дзень – у 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў – вельмі важна.
Паводле яго слоў, менавіта 13 мая Папа прызначыў яго Апостальскім Нунцыем у Беларусь. Арцыбіскуп адзначыў, што ён працаваў у многіх краінах свету, але менавіта тут, у Шуміліне, упершыню ўдзельнічаў менавіта ў ружанцовай працэсіі. «Таксама і арцыбіскуп можа вучыцца ад вас», — адзначыў ён.
У той жа дзень у Шуміліне прайшла сустрэча іерарха са святарамі Віцебскай дыяцэзіі.
Пасля афіцыйнай часткі адбылася забаўляльная праграма, падчас якой дзеці Шумілінскай парафіі паказалі сцэнку аб фацімскіх аб’яўленнях.
Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара і Анастасіі Ярыгі