Музычна-асветніцкі праект «Віцебскі арганны шлях» распачне сваю працу ў Віцебскай дыяцэзіі. Пра асаблівасці праекту стала вядома 23 красавіка на адмысловай прэс-канферэнцыі.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначыў, што арганная музыка заўсёды з’яўлялася неад’емнай часткай літургіі у Касцёле, таму мэта праекта — ва ўзнаўленні спадчыны, «якая ўзнікала і развівалася на нашай зямлі».
Іерарх падкрэсліў, што рэалізацыя гэтага праекта стане важнай падзеяй не толькі у жыцці Касцёла, але і грамадства Віцебшчыны.
Што будзе зроблена?
У межах праекта плануецца выданне нотных зборнікаў беларускіх кампазітараў.
Пра гэта распавёў заснавальнік і мастацкі кіраўнік калектыва «Беларуская Капэла» Нацыянальнага Акадэмічнага Беларускага Тэатра оперы і балета Беларусі Віктар Скарабагатаў, які шмат гадоў займаецца адраджэннем музычнай спадчыны Беларусі.
Маэстра ўзгадаў постаць Станіслава Манюшкі, які на працягу 18 гадоў працаваў у касцёле св. Яна ў Вільні, дзе іграў на аргане, прывезеным з Полацка. З публікацыі яго арганных твораў і пачнецца стварэнне серыі нотных выданняў беларускіх кампазітараў.
У маі 2017 года ў Віцебскай дыяцэзіі пройдзе экспедыцыя па касцёлах, мэта якой — ацэнка агульнага стану інструментаў і магчымасць іх далейшага выкарыстання і рэканструкцыі.
Як адзначыў старшыня аб’яднання Віцебскага музычнага таварыства Уладзімір Правілаў, сёння арганы ёсць амаль у 20 касцёлах Віцебскай дыяцэзіі.
На аснове сабраных звестак плануецца распрацоўка новых турыстычна-музычных маршрутаў, падчас якіх знаёмства са славутымі мясцінамі Віцебскай дыяцэзіі спалучалася б з канцэртамі як прафесійных выканаўцаў, так і аматарскіх калектываў.
У межах праекта плануецца збор сродкаў на аднаўленне арганаў, што знаходзяцца ў касцёлах дыяцэзіі.
У канцэртах праекта будзе гучаць музыка розных накірункаў і стыляў з акцэнтам на музычным мастацтве Віцебшчыны. Выканаўцамі будуць салісты Тэатра оперы і балета Беларусі, Белдзяржфілармоніі, вядомыя беларускія і замежныя артысты.
Канцэрты плануецца сумяшчаць з асветніцкімі лекцыямі па гісторыі музычнай культуры Віцебшчыны і гісторыі арганнага мастацтва Беларусі. Па матэрыялах канцэртаў плануецца выданне аўдыё- і відэазапісаў.
Што яшчэ?
Чакаецца, што да канца года канцэрты адбудуцца ў Дзеркаўшчыне, Удзеле, Глыбокім, Параф’янаве, Друі і Росіцы. У снежні эстафету возьме Пастаўскі дэканат, дзе некалькіх гадоў ужо праходзіць фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны».
Як стала вядома на прэс-канферэнцыі, першая частка праекта завершыцца ў канцы гэтага года гала-канцэртам.
Першы канцэрт у межах праекта адбыўся ў катэдральным касцёле Віцебска 23 красавіка. У праграме выступілі арганіст касцёла св. Роха ў Мінску Віктар Кісцень (арган) і спявачка Наталля Акініна (меца-сапрана).