23 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, вернікі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску сабраліся разам са сваімі душпастырамі і гасцямі на супольную малітву, каб у гэтае патранальнае для іх парафіі свята ўзнесці падзяку за дар Божай Міласэрнасці.
Свята Міласэрнасці адзначаецца у першую нядзелю пасля Вялікадня, ці ў II Вялікодную Нядзелю, якая сёння называецца Нядзеляй Божай Міласэрнасці.
Паводле аб’яўленняў святой Фаўстыны Кавальскай, гэтае свята ў календары жадаў сам Езус Хрыстус. У дзень кананізацыі с. Фаўстыны 30 красавіка 2000 года Папа Ян Павел II устанавіў гэта свята на ўвесь Касцёл.
Святую Літургію ў гэты дзень у катэдральным касцёле ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім Імшу канцэлебравалі Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргйй Гаек, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Андрэй Аніскевіч, а таксама вікарый гэтай парафіі кс. Генадзь Рэйшаль, пробашч грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску а. Зміцер Грышан, канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз Віктар Місевіч.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся архімандрыт Сяргей Гаек.
Кажучы аб распаўсюджванні праўды аб Божай Міласэрнасці, іерарх адзначыў, што ў пашырэнні гэтай праўды, якую «Езус даверыў сястры Фаўстыне ў Вільні», Беларусь мае асаблівае месца. Перш за ўсе архімандрыт узгадаў постаць духоўніка святой — благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцьку, ураджэнца Беларусі.
Узгадаў архімандрыт і той факт, што ў савецкія часы абраз Езуса Міласэрнага, намаляваны у Вільні, захоўваўся у адной са святыняў пад Гродна і толькі потым зноў вярнуўся у Вільню.
«Беларусь асаблівым чынам можа дзякаваць Пану Богу за тое, што Ён у сваёй міласэрнасці даў нам магчымасць быць удзельнікамі гэтага вялікага паслання пра Езуса Хрыста Міласэрнага», — падкрэсліў архімандрыт.
Ён таксама адзначыў, што і Віцебск мае асаблівае месца — катэдральны касцёл імя Езуса Міласэрнага. Іерарх падкрэсліў, што існаванне гэтага касцёла — плён вялікай колькасці людзей, якія «дзейнічалі ў моцы Духа Святога».
Таксама Апостальскі візітатар узгадаў і постаць біскупа Чэслава Сіповіча, ураджэнца в. Дзедзінка друйскай парафіі, які ў пасляваенны час быў апостальскім візітатарам для беларусаў католікаў у эміграцыі, і які прыклаў вялікія намаганні, каб Святы Пасад афіцыйна прызнаў ушанаванне Божай Міласэрнасці.
Такім чынам, адзначаючы вялікі ўклад ураджэнцаў Беларусі ў развіццё і ўшанаванне Божай Міласэрнасці, архімандрыт дадаў. што беларускія вернікі маюць асаблівы «абавязак» успрымаць гэты «дар для сябе», каб сведчыць пра Божую Міласэрнасць перад іншымі.
Разважаючы аб міласэрнасці, архімандрыт адзначыў, што быць міласэрным — гэта ўкладаць у свае дзеянне перадусім сэрца:
«Міласэрнасць — гэта не кіданне трох капеек у якасці міласціны. Міласэрнасць азначае, што калі падаем нават дзве капейкі — укладаем у гэта ўсе сваё сэрца». Пры гэтым архімандрыт нагадаў, што першым месцам, дзе мы павінны вучыцца міласэрнасці з’яўляецца сям’я.
У якасці падарунка на свята Божай Міласэрнасці апостальскі візітатар перадаў біскупу Алегу Буткевічу выданне Псалтыра ў перакладзе на беларускую мову айца Аляксандра Надсана, ураджэнца Беларусі і духоўнага сына біскупа Чэслава Сіповіча. Іерарх дадаў, што менавіта Псалтыр стаў першай кнігай па-беларуску, якую выдаў Францішак Скарына, ураджэнец Полацка.
Напрыканцы Імшы прысутныя маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, пасля чаго ўрачыста праспявалі гімн Te Deum.