Пошук

29.01.2017 17:38  

28 студзеня біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч распачаў пастырскую візітацыю ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.

Першая сустрэча ардынарыя адбылася з дзецьмі і моладдзю парафіі. Іерарх правёў кароткую катэхізацыю для маладых друянаў, засяродзіўся на значэнні Бога Айца і Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў жыцці дзіцяці і дарослых людзей. Не засталіся дзеці і без пытанняў ад біскупа на веданне катэхізіса і праўдаў хрысціянскай веры.

Наступнай часткай сустрэчы стаў канцэрт інструментальнага ансамбля скрыпачоў пад кіраўніцтвам арганісткі парафіі Валянціны Казакевіч. Маленькія скрыпачы разам са сваім музычным кіраўніком выканалі творы Моцарта і Бетховена, а таксама разам з біскупам у суправаджнні скрыпак і гітары заспявалі калядку «Ціхая ноч».

Іерарх у сваю чаргу запрасіў дзяцей і моладзь на салодкі пачастунак. Скончылася сустрэча агульнай малітвай і благаславеннем ардынарыя.


Наступнай часткай першага дня візітацыі было наведванне хворых і пажылых католікоў у шпіталі сястрынскага дагляду ў Друі. Біскуп Алег падышоў да кожнага асобна, доўга размаўляў са старымі і разам маліўся.


Многія людзі трапілі сюды з розных месцаў вобласці. Праз усё сваё жыццё наведвалі касцёл, былі добрымі вернікамі — візіт біскупа стаўся для кожнага з іх незвычайнай падзеяй, узмацненнем у духу і веры. Біскуп Алег Буткевіч уручыў кожнаму з іх абразок Маці Божай Браслаўскай і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Дзеткаўка, Малькі і Друйск

Быць свядомымі духоўнай спадчыны сваіх продкаў і святых, што стаялі ля алтароў друйскай святыні, біскуп Буткевіч заклікаў вернікаў друйскай парафіі падчас урачыстай святой Імшы, што стала кульмінацыяй двухдзённай пастырскай візітацыі.


Іерарх заахвоціў таксама памятаць подзвіг і наследаваць цноты сваіх папярэднікаў, якія збераглі каталіцкую веру і аддана служылі Касцёлу і Богу —благаслаўлёных Юрыя Кашыру і Антона Ляшчэвіча, якія служылі ў Друі, біскупа Чэсава Сіповіча і ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, фармацыя якіх адбылася ў мясцовым кляштары.

Ксяндза Люцыяна Паўліка, які служыў і аднаўляў мясцовы храм у пасляваенныя часы, вярнуўшыся з лагероў патаемна служыў мясцовым жыхарам і зараз спачывае на могілках мясцовай святыні. Падчас святой Імшы ў Друйску біскуп Алег Буткевіч асвяціў абраз святога Юзафа, што з’явіўся тут перад урачыстасцю Божага Нараджэння. Абраз напісаны мастачкай Таццянай Уласевіч.

Традыцыйны абраз набыў беларускія рысы праз выкарыстанне народных элементаў, прысутных у фоне, традыцыйнай рамы, выкананай Алесем і Алесяй Сакаловымі ў класічнай традыцыі аправы беларускай іконы. Святы Юзаф, кампазіцыйна змешчаны павернутым да Дзіцяці, трымае Хрыста на сваіх руках, тулячыся да сябе. Гэта нагадвае пра значэнне бацькі і бацькоўства ў сям'і,  пра выхаванне і клопат, абарону і падтрымку, імкненне чалавека да Бога і ўзаемаадносінаў з Ім.

Таксама біскуп Віцебскі наведаў капліцу Маці Божай Вастрабрамскай у вёсцы Дзеткаўцы, што з’явілася намаганнямі вяскоўцаў на могілках у 1990 гадах мінулага стагоддзя. Гэта самы аддалены куточак друйскай парафіі, дзе кожную нядзелю вяскоўцы збіраюцца на малітву. Візіт біскупа Буткевіча стаўся для жыхароў вёскі вялікай і нечаканай радасцю — упершыню ў Дзеткаўку прыехаў кіраўнік дыяцэзіі.

Таксама іерарх наведаў некалі вядомы святых апосталаў Пятра і Паўла i святой Агаты ў Мальках. Сёння святыня амаль не дзейнічае — святая Імша тут служыцца некалькі разоў на год на вялікія святы. Знакамітая святыня была пабудаваная ў 1792 годзе ў стылі класіцызму на сродкі фундатара Яна Шаўмана — уладальніка фальварка ў Малькаўшчызне. У святыні захаваўся алтар канца XVIII ст., выкананы ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу: малюнкі ствараюць уражанне мармуровых альбо ляпных барэльефаў. Мясцовыя яшчэ памятаюць, як айцец Юры Кашыра, будучы росіцкі пакутнік, рыхтаваў тут дзяцей да першай святой споведзі, як прамаўляліся тут казанні па-беларуску.

У Друі іерарх завітаў у капліцу св. Міхала Арханёла, узведзеную год таму на месцы зруйнаванай у часы савецкай улады святыні. Кожную першую суботу месяца людзі збіраюцца тут на малітву.


Пастырская візітацыя біскупа Алега Буткевіча ў Друі стала сапраўднай падзеяй, якая ўзняла мясцовых вернікаў у любові і вернасці Касцёлу і Богу, нагадала пра заданне і асэнсаванне адказнасці за сваю святыню і парафію, стала знакам еднасці з  паўсюдным Касцёлам, праз прысутнасць наступніка Апосталаў.

C. Наталля Арлянковіч SJE, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця