17 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і
св. Антонія Падуанскага ў Паставах прайшла душпастырская сустрэча
духавенства і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі.
Такія духоўныя сустрэчы адбываюцца штомесяц. Сустрэча распачалася малітвай перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У гэты час кожны мог прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
Святую Імшу для ўдзельнікаў сустрэчы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцэлебравалі генеральны вікарый кс. Францішак Кісель, канцлер курыі кс. Віктар Місевіч і а. Андрэй Сідаровіч МІС.
Айцец Андрэй, марыянін з Росіцы, у гаміліі распавёў аб важнасці постаці св. Станіслава Папчынскага для святароў:
«Паходзячы з беднай сялянскай сям’і, праз сваю працавітасць ён шмат чаго ў сваім жыцці дасягнуў. Кар’ера гэтага чалавека, святара, манаха дасягае сваёй вяршыні. Штосьці здарылася, і адбылася спрэчка з субратамі ў манастве. Атрымалася вельмі непрыемная сітуацыя, якая дайшла да Рыма. Святара маглі нават забіць, бо быў як “заноза” ў целе.
Так скончыўся яго першы этап поспеху людскога. Айцец Станіслаў выходзіць з ордэну піяраў і засноўвае новы ордэн — айцоў марыянаў.
Ордэн і Касцёл не былі прыватнай справай, не былі фірмай, у якой працаваў Станіслаў Папчынскі. Касцёл быў для будучага святога містычным Целам Хрыста. Да канца жыцця ён матэрыяльна падтрымліваў ордэн піяраў, бо лічыў гэта месцам, дзе духоўна нарадзіўся, атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне».
Святар падкрэсліў, што сёння гэты святы чалавек можа быць для святароў прыкладам, асабліва ў нашы часы, калі, як падкрэсліваюць багасловы, Касцёл з’яўляецца быццам структурай, фірмай, карпарацыяй, дзе шчасціць, ці не папрацаваць.
Але, па словах марыяніна, калі гэта «карпарацыя», то тады ёсць і спакуса судзіць пра гэтае месца, як пра карпарацыю і судзіць адзін пра аднаго, як пра супрацоўнікаў, а не як братоў у святарстве. Станіслаў Папчынскі, як дадаў святар, нягледзячы на ўсе цяжкасці і акалічнасці жыцця, застаўся праведнікам, Божым чалавекам.
Пасля Імшы быў зачытаны даклад на тэму Эўхарыстыі, падчас якой с. Наталля Емяльянава з Віцебска падзялілася сведчаннем «Што ў маім жыцці азначае Эўхарыстыя».
На заканчэнне былі абвешчаны бліжэйшыя планы і падзеі ў дыяцэзіі. Наступная сустрэча будзе аплаткавай і пройдзе 15 снежня ў Наваполацку.
Фота Аляксандры Шчыглінскай