Месца Бога ў творчасці, сувязь паміж мастацтвам і рэлігіяй і немагчымасць існавання сапраўднага мастацтва без Бога былі тэмамі гаміліі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча падчас урачыстай святой Імшы 24 ліпеня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі на заканчэнне пленэру «Пачаткі-II».
Вынікам пленэру стаў вернісаж, на якім быў прадстаўлены плён працы 30 мастакоў, якія, натхняючыся прыгажосцю і гісторыяй старажытнай Друі, стварылі больш за 150 карцін і эскізаў.
«Праслаўляючы Бога, чалавек знаходзіць самога сябе»
У гаміліі на Імшы іерарх, разважаючы над чытаннем з Евангелля аб малітве «Ойча наш», падкрэсліў, што на першым месцы ў жыцці чалавека павінны стаяць духоўныя справы: «Паставіўшы Бога на першае месца, мы знаходзім шлях да ўпарадкавання ўсіх астатніх справаў».
Кажучы аб творчасці, віцебскі ардынарый адзначыў, што яна з’яўляецца «ўвасабленнем духоўнасці чалавека, яе матэрыялізацыяй», а задача чалавека ў творчасці — «паказаць талент, мудрасць і веліч свайго аўтара», таго, хто з’яўляецца прычынай усяго стварэння, — Бога.
Іерарх перасцярог творцаў перад небяспекай язычніцтва, калі замест «Створцы сапраўднага мы сабе шукаем іншых», калі абагаўляецца тое, што створана. «Чалавек не павінен праслаўляць стварэнне замест Створцы», — сказаў біскуп.
«Толькі калі шукаем прыгажосці, якая ўласцівая нашаму Створцу, калі імкнёмся такім чынам праславіць Яго сваёй творчасцю, калі мастацтва служыць нам не як ідал, не як мэта, але як сродак, каб дасягнуць вышэйшай мэты, то чалавек мае найбольш шансаў праявіць сябе як чалавек, набольш поўна праявіць свой талент і сваю творчасць», — нагадаў іерарх, дадаўшы, што «наша творчасць павінна служыць рэалізацыі нашага паклікання».
Таксама віцебскі ардынарый падкрэсліў, што, «паказваючы прыгажосць створанага свету, чалавек уносіць чарговы ўклад у праслаўленне Бога, ва ўдзячнасць Яму, які даў нам у карыстанне гэты свет», і «такім чынам чалавек знаходзіць самога сябе».
Пасля Імшы адбылася канцэртная праграма, падчас якой беларускія народныя спевы выканаў мінскі калектыў «Рутвіца», а рок-музыкант Піт Паўлаў выканаў найбольш вядомыя песні гурта «NRM». Для віцебскага ардынарыя, які ахвотна слухае песні «NRM», быў падрыхтаваны адмысловы сюрпрыз — музыкант прапанаваў іерарху сыграць на яго гітары, вынікам чаго стала сумеснае выкананне адной з песень гэтага гурта.
Пад скляпеннямі друйскага касцёла прагучалі таксама паэтычныя радкі ў выкананні іх аўтара — свае апошнія вершы прачытаў вядомы беларускі паэт Уладзімір Някляеў.
«Тут сапраўды адчувалася Божая воля»
Адметнай падзеяй для Друі ў гэты дзень стала адкрыццё вернісажа ў мурах кляштара. Частка створаных падчас пленэру працаў застанецца тут і разам з іншымі працамі сучасных мастакоў стане асновай для будучага Музея сучаснага мастацтва, над рэалізацыяй якога працуе ксёндз Сяргей Сурыновіч. Самога ж святара можна назваць мецэнатам, бо дзякуючы арганізацыі і правядзенню ім пленэру ў Друі паўстала шмат таленавітых працаў.
«Гэта найбольш шчыры, найбольш душэўны пленэр, які быў у мяне прынамсі за апошнія дзесяць гадоў. Тут сапраўды адчувалася Божая воля», — кажа вядомы мастак Алесь Пушкін. Старажытная Друя натхніла яго на паўстанне маштабнага палатна «Краіна Друя», а мадэллю для іншай ягонай карціны стала ўраджэнка Друі Валянціна.
Мастачка ж Марта Шматава намалявала Друю ў выглядзе дзяўчыны з дзвюма сінімі косамі, якія сімвалізуюць рэкі Дзвіну і Друйку. «Я знайшла сімвалічны вобраз, які адпавялае гэтаму месцу, яго гісторыі — гэта Беларусь-Друя. А каралі на шыі дзяўчыны — гэта не толькі ўпрыгажэнне, але і знакі кроплі крыві, якой вельмі шмат пралілося ў нашай гісторыі», — кажа мастачка. Вобраз дзяўчыны з косамі ва ўяўленні Марты Шматавай выявіўся падчас яе знаёмства з Друяй: «я глядзела на раку, дзе было шмат водарасцяў, якія нагадалі мне косы дзяўчыны».
Старажытныя муры кляштара натхнялі мастакоў і на пошукі новых формаў — напрыклад, мастак з Магілёва Юрый Немагай стварыў некалькі працаў у жанры, які можна назваць «рэлігійны нацюрморт» — з’ява, практычна неіснуючая ў беларускім сучасным мастацтве. Маладую мастачку Паліну Корзун званіца друйскага касцёла натхніла на стварэнне карціны сімвалічнага зместу «Шукаю Бога». «Гэтая званіца — частка Божага дома, ты падымаешся па гэтай лесвіцы ўвышыню, нібыта ў неба, да Бога», — тлумачыць змест сваёй карціны мастачка.
Карціны, створаныя падчас пленэру, напісаны ў розных жанрах і стылях, гэта працы як мэтраў, так і пачаткоўцаў, але іх яднае тое, што яны створаны ў Друі.
Кацярына Лаўрыненка
Фота Аляксандры Шчыглінскай