«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).
У атмасферы ўдзячнасці Богу за цуд Бэтлеемскай ночы святкуем урачыстасць Нараджэння нашага Пана. Прыгадвае нам гэтая праўда аб спрадвечнай, бясконцай і незразумелай любові Бога да чалавека. Успамінаем у гэты момант, што тады, больш за дзве тысячы гадоў таму, была ноч.
Нарадзіўся Езус, Божы Сын, наш Збаўца! Ён стаў чалавекам, каб мы ў адносінах адно да другога сталіся больш гуманнымі. Гэтая ноч вядзе католікаў да святыні на супольную Эўхарыстыю — Вігілійную святую Імшу. Як пастухі з Евангелля ішлі за шляхам зоркі, так і мы ў духу нашай веры спяшаемся на малітву, каб быць разам, каб чуваць, каб не праспаць гэтага моманту — Хрыстус нарадзіўся! Ён прыходзіць да нашых сэрцаў і да нашых дамоў! Гэта і ёсць сапраўдны сэнс Божага Нараджэння!
Святы Касцёл, верны сваёй місіі, на працягу больш чым двух тысячагоддзяў абвяшчае гэтую радасную навіну, падзяляючы яе з кожным чалавекам добрай волі. Гэтая праўда асвячае чалавека, робіць ягонае сэрца высакародным і чыніць так, што чалавечае жыццё, нярэдка напоўненае цяжкасцямі, выпрабаваннямі і цярпеннем, атрымлівае сэнс, калі становіцца шляхам, накіраваным да Бога.
Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, — гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына.
Божае Нараджэнне дало пачатак эры хрысціянства — эры любові і прабачэння. Езус узяў на сябе нашыя грахі, штодзённа нам прабачае і запрашае нас да ўдзелу ў таямніцы свайго адкуплення.
Як жа нараджаецца Пан Езус у табе, браце; у табе, сястра; у кожным з нас, вернікаў Ягонага Касцёла? Ён нараджаецца тады, калі чалавек шчыра просіць у Бога прабачэння за свае грахі і прымае навуку Хрыста, якую сімвалізуе Бэтлеемскі агонь, што скаўты напярэдадні святаў разносяць з Бэтлеема ў хрысціянскія святыні па ўсім свеце.
Сёння згінаем калені перад бэтлеемскай стаенкай і адаруем Божае Дзіцятка, якое прыходзіць да нас і становіцца адным з нас, узбагачае ўбоства нашых сэрцаў багаццем сваёй ласкі і сагравае іх цяплом сваёй любові. Бэтлеемская ноч, што ўкрывае збавенную таямніцу Божага Нараджэння, стала ў гісторыі чалавецтва парогам пераходу са Старога ў Новы Запавет.
Гэтая святая ноч паклала канец шматвекавой гісторыі, пазначанай цяжкімі выпрабаваннямі Старога Запавету, і стала пачаткам светлай эры збаўчага Новага Запавету. Уражвае сваёй глыбінёю думка вялікага паэта і мысліцеля Адама Міцкевіча, які нарадзіўся ў Навагрудку ў Вігілію Божага Нараджэння. Ён сказаў: «Дарэмна нарадзіўся Езус у бэтлеемскіх яслях, калі не нарадзіўся ў табе». Хрыстус прынёс свету і кожнаму чалавеку супакой і радасць, моц і збаўленне.
Падзяляючы з вамі святочную радасць і памятаючы пра вас у малітве перад Нованароджаным Збавіцелем, хачу скласці ўсім вам, дарагія дыяцэзіяне, найлепшыя пажаданні. Няхай Хрыстус, які вырашыў прыйсці да чалавека, адорыць вас сваім спакоем, благаслаўленнем і патрэбнымі ласкамі, а святло, якое зыходзіць з гэтай падзеі, няхай асвятляе ўсе цяжкасці і будзе правадніком у штодзённым жыцці да сапраўднага шчасця. Няхай вера ў Божую прысутнасць сярод нас і ў бясконцую любоў Хрыста будзе крыніцай радасці, надзеі і супакою.
Адзінародны Сын, Езус Хрыстус, няхай адорыць вас багаццем неабходных ласкаў, няхай павялічвае ў вашых сэрцах усялякае дабро і няхай робіць вас здольнымі дзяліцца гэтым дабром з кожным спатканым чалавекам.
Няхай матчыная апека Панны Марыі, нашай Каралевы Палесся, суправаджае вас увесь час у штодзённым адкрыванні нанова таямніцы Божай любові, абвешчанай у Асобе Езуса Хрыста.
Дарагія Браты і Сёстры! Ад усяго сэрца віншую як католікаў лацінскага абраду, таксама католікаў візантыйскага абраду, хрысціян іншых веравызнанняў і ўсіх людзей добрай волі. Віншую нашых братоў і сясцёр праваслаўных, пратэстантаў, тых, хто яшчэ свята Божага Нараджэння адзначае па юліянскаму календару, якія незадоўга таксама будуць радавацца святу Нараджэння нашага Збаўцы.
Няхай Нованароджаны Адкупіцель умацоўвае вашу веру і вашу надзею, каб выпрабаванні і радасць штодзённага жыцця вы сустрэлі ў такім евангельскім духу, які быў уласцівы Святой Сям’і з Назарэта. Жадаю Божага благаслаўлення і поспехаў у Новым 2017 годзе!
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі