Пошук

05.03.2017 19:42  

5 сакавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў св. Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах. Іерарх прыбыў разам з дапаможнымі біскупамі архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім і Аляксандрам Яшэўскім SDB, каб разам з парафіяльнай супольнасцю памаліцца за пробашча кс. Казіміра Шыдэлку SDB з нагоды яго імянін.

У святой Эўхарыстыі прынялі ўдзел таксама ксяндзы салезіяне, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш засяродзіўся на ідэі Вялікага посту як часу ласкі і навяртання. Для ажыццяўлення праграмы вяртання да Бога іерарх прапанаваў слухачам разважаць над Евангеллем першай нядзелі Вялікага посту, у якім апавядаецца пра Езуса ў пустыні, дзе Ён правёў у посце і малітве 40 дзён і начэй.


«Прабываючы на пустыні Езус маліўся, пасціўся і перамог спакусы злога духа. Мы таксама павінны браць з Яго прыклад. Падобна таму, як у пустыні няма месца, дзе можна схавацца, так і цяжкасці жыцця ў ёй чыняць бачным тое, што схавана ўнутры чалавека. Пустыня паказвае чалавека такім, якім ён ёсць на самой справе. Таму час Вялікага посту — найбольш адпаведны час, каб выйсці на пустыню нашага духоўнага жыцця і адкрыць тое, што ўкрыта ў нас, асабліва наш грэх. Вялікі пост — гэта час, каб стаць перад люстэркам Божага закону і паглядзець, якімі мы на самой справе з’яўляемся. Гэта запрашэнне дазволіць паказаць нашы духоўныя раны Боскаму лекару Езусу Хрысту, каб сваёю ласкай Ён іх вылечыў, а мы ў сваім жыцці паўтаралі словы Хрыста: не адзіным хлебам жыве чалавек, але і словам Божым. А Божае слова — гэта праграма нашага жыцця», — сцвердзіў Мітрапаліт.

Слова «пост», як нагадаў арцыпастыр, на стараангельскай мове азначае «прышэсце вясны». «І сапраўды, звычайна, Вялікі пост прыпадае на час завяршэння зімы і распачацця вясны. Як часта ў нашых душах валадарыць зіма, можа, нават Палярная ноч, і святло Евангелля не дасягае нас. Таму Вялікі пост павінен стаць часам прышэсця духоўнай вясны. А яна прыходзіць праз дзеянне Касцёла, якое немагчыма без служэння святара, — дадаў Мітрапаліт. — Cвятар дзейнічае моцаю Хрыста. Ён навучае нязменнай Божай праўдзе, асвячае праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і, служачы людзям, будуе хрысціянскую супольнасць. Ніхто іншы не можа гэтага ўчыніць. Таму роля святара ў жыцці Касцёла і збаўленні чалавека не замяняльная».

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што такім верным слугой Касцёла з’яўляецца кс. Казімір Шыдэлка SDB, які 4 сакавіка, ва ўспамін св. Казіміра, адзначае свае імяніны.

Святы Казімір вядомы як апякун трох народаў — Польшчы, Беларусі і Літвы. Ён нарадзіўся ў каралеўскай сям’і ў Кракаве, жыў у Вільнюсе, памёр у Гродне і пахаваны ў вільнюскай катэдры.

«Усё яго жыццё — гэта Вялікі пост. А Вялікі пост абапіраецца на трох слупах: малітве, посце і справах міласэрнасці. Святы Казімір адзначаўся духам пастаяннай малітвы, асабліва да Найсвяцейшага Сакрамэнту і Божай Маці. Яго можна было бачыць молячымся на каленях перад брамамі вільнюскай катэдры. Ён на лацінскай мове, якую добра ведаў, напісаў гімн у гонар Божай Маці Omni die dic Mariae — “Кожны дзень праслаўляй Марыю”. Святы Казімір быў вядомы як аскет, які многа пасціўся, абмяжоўваў сябе ў многіх сферах жыцця, хаця жыў пры каралеўскім двары. Ён таксама адзначаўся сваёй шчодрасцю і міласэрнасцю, асабліва адносна патрабуючых.

Неабходна падкрэсліць цноту духоўнай чысціні святога Казіміра. Ён не адзначаўся добрым фізічным здароўем. Маральныя звычаі на каралеўскм двары былі далёкія ад тых, якія патрабуе Бог. Аднак на ўсе спакусы ён, пабодна Езусу з сённяшняга Евангелля, адказваў станоўча “не”. Казаў: лепш памерці, чым зграшыць», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

«Незадоўга да смерці падчас св. Імшы ў капліцы гродзенскага замка, калі святар чытаў Евангелле Казімір хацеў устаць, што было яму вельмі цяжка. Прысутныя казалі, што ён можа сядзець. Аднак святы Казімір адказаў, што не можа сядзець, калі прамаўляе Бог», — дадаў арцыпастыр і адзначыў, што імяніннік кс. Казімір шмат чаго ўзяў з жыцця і прыкладу свайго нябеснага заступніка.

Ксёндз Казімір Шыдэлка SDB доўгі час працаваў у Маскве, шмат гадоў ужо працуе ў Беларусі. «Гэты святар не сядзіць, калі трэба абвяшчаць Божае слова, але ідзе з ім да ўсіх людзей, таксама і ў шпіталь, дзя яго чакаюць хворыя, каб вярнуць ім надзею. Многа часу кс. Казімір прысвячае прыватнай малітве і малітве з вернікамі, асабліва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ўшаноўваючы Божую Маці. Ён уважлівы да патрабуючых. Да яго імкнуцца дзеці, моладзь, старэйшыя, здаровыя і хворыя. Дзякуючы яго намаганням бараўлянская горка, як часта называюць месца, дзе знаходзіцца капліца, стала для жыхароў гэтага раёна сапраўдным аазісам. Тут, як у нейкім садзе, у моры кветак побач са святыняй можна адпачыць духоўна і фізічна», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт Тадэвуш падзякавў кс. Казіміру за яго ахвярную працу, пажадаў добрага здароўя і Божага благаслаўлення на далейшае плённае служэнне Касцёлу і людзям, каб яно несла ім духоўную вясну.

(DN), (VGr)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.