Пошук

01.02.2017 17:14   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Сустрэча кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прайшла 1 лютага ў мінскай архікатэдры. У Імшы прымалі ўдзел усе біскупы архідыяцэзіі на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевіч, а таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Перад пачаткам св. Імшы з дакладам на тэму пакліканых да малітвы і ахвяры выступіў кс. Кшыштаф Пасвята CSMA.

Як ён адзначыў, кансэкраванае жыццё — гэта жыццё малітваю. «Мы былі запрошаныя Хрыстом, каб больш часу праводзіць з Ім кожны дзень. Малітва — гэта нашы асабістыя адносіны з Панам, стрыжань нашага манаства. Нашае “быць або не быць”».

Святар дадаў, што найлепшая пахвала для законніка ад парафіянаў, калі яны сведчаць пра яго, як пра чалавека малітвы.

Малітва як узаемнае слуханне

Паводле слоў кс. Кшыштафа, аднойчы, калі ў Маці Тэрэзы спыталі пра сакрэт яе апостальскіх поспехаў, яна адказала: «Мой сакрэт просты — маліцеся».

«А што Маці Тэрэза кажа падчас малітвы?»

«Нічога. Я слухаю»

«А што ў такім разе прамаўляе да Вас Бог?»

«Нічога. Ён слухае»

Асаблівую ўвагу ў жыцці кансэкраваных асобаў ксёндз Кшыштаф звярнуў на медытацыю. «Гэта адна з найцяжэйшых форм малітвы, марнатраўства ў Богу, але вынікі такой малітвы найбольш плённыя», — зазначыў дакладчык.

На заканчэнне законнік падкрэсліў: «Нашае пакліканне да манаства — гэта не спосаб жыцця. Гэта само жыццё».

Гісторыя манаства ў Беларусі — як пакручастая дарога

Святую Імшу ўзначальваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі ён распавёў пра традыцыю, усталяваную папам Янам Паўлам ІІ, у свята Ахвяравання Пана адзначаць у Касцёле  дзень малітваў у інтэнцыі кансэкраванага жыцця.

Арцыпастыр патлумачыў, што ў гэтым годзе з пастаральнага пункту гледжання ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гэты дзень адзначаецца 1 лютага.

«Немагчыма сабе ўявіць развіццё Каталіцкага Касцёла на нашых землях без удзелу ў ім прадстаўнікоў кансэкраванага жыцця, — дадаў Мітрапаліт. — Менавіта манаскія супольнасці былі аднымі з першых, хто распачаў евангелізацыю гэтых землях».

Прыгадваючы гісторыю развіцця манаскіх супольнасцяў у Беларусі, іерарх адзначыў, што жыццё не шкадавала для іх выпрабаванняў.

«Гісторыя кансэкраванага жыцця ў Беларусі пазначана перыядамі як бурнага развіцця, так і прыніжэнняў, і ганенняў, асабліва ў ХХ стагоддзі, калі атэістычны рэжым імкнуўся з коранем вырваць рэлігію з душаў людзей. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, манаства хоць і было моцна аслаблена, аднак захавалася, таму што залежыць не столькі ад выключна чалавечых высілкаў, колькі ад дзеяння Святога Духа», — дадаў іерарх.

Як адзначыў арцыбіскуп, сёння ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі дзейнічае па 25 мужчынскіх і жаночых манаскіх кангрэгацый. Пры гэтым штогод назіраецца павелічэнне колькасці святароў законнікаў, а гэта ў сваю чаргу дае манаскім супольнасцям новыя магчымасці для выканання сваёй місіі.

«Сёння Мінска-Магілёўскі Касцёл дзякуе вам, дарагія сёстры і айцы, за вашае ахвярнае служэнне, без якога немагчыма было б мець тое, што мы маем. Мы таксама просім у Бога благаслаўлення вам на далейшае служэнне», — зазначыў арцыпастыр.

Поўны тэкст гаміліі тут ››

Разважаючы над таямніцай паклікання да манаства, Мітрапаліт адзначыў, што кансэкраванае жыццё з’яўляецца сёння таксама «знакам супрацьстаяння, асабліва ў наш час маральнага рэлятывізму і секулярызму».

«Дзякуючы евангельскім парадам чысціні, беднасці і паслухмянасці, мужчыны і жанчыны прысвячаюць сябе выключнаму служэнню Богу і Касцёлу, што супярэчыць агульным тэндэнцыям сучаснага свету, — сказаў іерарх. — Сёння людзі схільныя бачыць цноты чысціні, беднасці і паслухмянасці як нешта негатыўнае».

Падчас Імшы законнікі аднавілі манаскія абяцанні

Аднак, «пакліканне — гэта дар Пана», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. «Святы Ян Павел II вучыў, што кансэкраванае жыццё не з'яўляецца чымсьці ізаляваным і маргінальным, а рэальнасцю, якая ўплывае на ўвесь Касцёл і яго місію ў свеце. Касцёл па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным і яго заданне —  зрабіць Хрыста прысутным у свеце».

Менавіта ў рэалізацыі гэтага плана, на думку іерарха, і заключана асаблівая роля кансэкраваных асобаў.

Звяртаючыся да законнікаў, арцыпастыр пажадаў ім быць радасцю і славай у народзе, даючы яму новую надзею ў Хрысце:

«Дарагія кансэкраваныя асобы! Сёння мы ізноў знаходзімся ў змроку сучаснага свету, дзе пануе матэрыяльны атэізм, які ў цэнтр ставіць не маральныя, а матэрыяльныя каштоўнасці. Такі свет чакае надзеі і святла Евангелля. Будзьце ім! І давайце яму новую надзею, якая ў Хрысце».

(DN), (IL)
фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.