У першы дзень кастрычніка ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася гістарычная падзея: умураваны вуглавы камень у падмурак санктуарыя Божай Міласэрнасці. Вуглавы камень паходзіць з базылікі св. Пятра ў Ватыкане, падараваны Апостальскай Сталіцай і асвечаны Папам Францішкам.
Урачыстасць была прымеркавана да парафіяльнага свята Маці Божай Ружанцовай, якое Каталіцкі Касцёл адзначае 7 кастрычніка, і адбылася напрыканцы Года Божай Міласэрнасці, абвешчанага Папам Францішкам.
Каб прыняць удзел у святочнай падзеі і ў супольнай малітве да Езуса Міласэрнага, парафію наведалі ў гэты дзень святары мінскіх парафій, а таксама ксёндз Дар'юш Вільк, Генеральны настаяцель кангрэгацыі міхалітаў, і ксёндз Ежы Сасінскі, эканом кангрэгацыі міхалітаў, да якой належыць пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай ксёндз Генадзь Кухарэвіч.
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Упершыню святочная ўрачыстасць адбылася пры палявым алтары, які ўвойдзе ў адзіны комплекс санктуарыя Божай Міласэрнасці. Прамаўляючы гамілію, арцыпастыр адзначыў, што ўрачыстая падзея ўмуравання вуглавога каменя адбываецца на пачатку кастрычніка – месяца малітвы Ружанца ў Каталіцкім Касцёле Іерарх нагадаў таксама пра сутнасць ружанцовай малітвы і яе значэнне, заклікаўшы маліцца ёю штодня.
«Сёння ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, у маляўнічым мінскім раёне Лошыца, адбываецца яшчэ адна знакавая падзея — асвячэнне вуглавога каменя пад будучую святыню, якой адначасова прызначана роля быць санктуарыем Божай Міласэрнасці. Ужо сам факт, што ў гэтым раёне сталіцы Беларусі ёсць капліца і пачынаецца будаўніцтва новага касцёла, з’яўляецца не чым іншым, як знакам Божай міласэрнасці. Гэта асабліва відавочна, калі ўспомнім недалёкія мінулыя часы, калі ў Мінску не было ніводнага касцёла. (...) Асвячэнне вуглавога каменя пад будаўніцтва новага касцёла — гэта значная падзея ў жыцці як парафіі, так і дыяцэзіі. Яна нагадвае аб тым, што ў будучыні паўстане яшчэ адно месца спаткання чалавека з Богам, а таксама аб дынамізме Касцёла, які адраджаецца», — сказаў Мітрапаліт у гаміліі.
Арцыбіскуп таксама ўзначаліў цырымонію ўмуравання каменя, у якой прынялі ўдзел Генеральны настаяцель кангрэгацыі міхалітаў ксёндз Дар'юш Вільк і пробашч парафі іксёндз Генадзь Кухарэвіч. Разам з каменем, дастаўленым ад базылікі святога Пятра ў Ватыкане, былі таксама ўмураваны гільза з укладзеным у яе суправаджальным лістом да каменя і аркуш з подпісамі ўсіх прысутных на ўрачыстасці святароў.
Словы падзякі за спрыянне і бацькоўскую апеку арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу выказаў Генеральны настаяцель кангрэгацыі міхалітаў, дадаўшы таксама: «Гэтая гістарычная падзея – умураванне вуглавога каменя з базылікі святога Пятра ў Ватыкане – застанецца ў памяці не толькі гэтай парафіі, але і ўсяго Касцёла ў Беларусі. Сёння тут, у Мінску, паўстае гісторыя ўсяго Паўсюднага Касцёла. Гэтая ўрачыстасць закранае сэрца кожнага з нас. І дзякуем Пану Богу, што дазволіў нам дачакацца гэтага дня, калі камень стаўся ўмураваным у гэтую святыню».
Урачыстасць была адметнай і таму, што адбылася напрыканцы Года Божай Міласэрнасці. Ад яго пачатку ў парафіі Маці Божай Ружанцовай штодня а 15-й гадзіне адбываецца набажэнства да Божай Міласэрнасці перад абразом Езуса Міласэрнага – адзінай у Беларусі копіі абраза, напісанага ў Вільні са слоў святой сястры Фаўстыны.
«Мы ішлі да гэтай урачыстасці 13 гадоў», – сказаў на завяршэнне пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч. Менавіта столькі часу прайшло з той пары, калі кардынал Казімір Свёнтэк распарадзіўся аб будаўніцтве санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лошыцы. У гэтай інтэнцыі вернікі маліліся пад адкрытым небам, у прыватных дамах, у арэндаваных адміністрацыйных памяшканнях. За гэты час парафіяльная сям'я вырасла ад некалькіх дзясяткаў да тысяч чалавек. Але гэты духоўны Касцёл і яго матэрыяльны будынак не здолеў бы паўстаць без духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі. «Ваша Эксцэлэнцыя! – звярнуўся пробашч да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. – Цешымся, што Вы падтрымалі ідэю святой памяці ксяндза Казіміра Свёнтка аб будаўніцтве санктуарыя Божай Міласэрнасці ў сталіцы. Дзякуючы дапамозе нашай кангрэгацыі сёння мы маем прыгожую капліцу і палявы алтар з гаспадарчымі будынкамі, фундамент пад санктуарый Божай Міласэрнасці, завезены на тэрыторыю ўсе інжынерныя сеткі».
Завяршэннем урачыстасці стала супольная малітва вернікаў і святароў а 15-й гадзіне перад абразом Езуса Міласэрнага.
Галіна Абакунчык
Фота Віталія Палінеўскага