Пошук

30.06.2016 10:34   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

Больш за 280 пілігрымаў з пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў распачалі свой чацвёрты дзень дарогі да Маці Божай Будслаўскай. Сярод пілігрымаў вялікую частку складаюць дзеці самых розных узростаў.

Удзельнікі духоўнага падарожжа пераадолелі ўжо каля 80 км, спыняючыся на начлег у Вішнеўцы, Калачах і Альковічах. Добра перажыць гэтае падарожжа ў практычным і духоўным плане пілігрымам дапамагаюць кіраўнікі пілігрымкі Мінск-Будслаў — кс. Дзмітрый Дубовік і кс. Кірыл Бардонаў.



«Звычайна мы пачынаем рыхтавацца да пілігрымкі за некалькі месяцаў, каб вырашыць усе арганізацыйныя пытанні. З боку матэрыяльнага ўсё падрыхтавана добра. Адзінае, чаго б хацелася, — каб пілігрымы не забываліся, навошта яны ідуць у пілігрымку, каб былі падрыхтаваныя духоўна», — заўважае кс. Дзмітрый Дубовік.

Духоўнай ежай мінскіх пілігрымаў корміць кс. Кірыл Бардонаў, які ў сваіх канферэнцыях і духоўных разважаннях заахвочвае іх услухвацца ў сваё сэрца і падумаць, «для чаго яны ідуць у пілігрымцы». А тым самым праверыць свае сапраўдныя намеры і ачысціць сваё сэрца.

«Самае галоўнае — забыцца пра праблемы па-за пілігрымкай і цалкам прысвяціць сябе духоўнаму шляху», — заўважае кс. Кірыл Бардонаў.

На пытанне Сatholic.by, ці цяжка ісці, святар заўважае: «З кожным годам, пэўна, шлях становіцца цяжэйшым, надвор'е не вельмі спрыяе, а ў сённяшняй пілігрымцы шмат дзяцей, але калі хтосьці са святароў становіцца кіраўніком пілігрымкі, то Бог заўсёды дапамагае ў гэтай справе, дае сілы». Спавядаюць пілігрымаў таксама кс. Алег Шпець TChr, кс. Дзмітрый Пухальскі, кс. Раман Суша.



«Іду трэці раз. Ідзецца добра. Мазалі ёсць, але не палохаюць. Пілігрымка для мяне — гэта духоўнае адраджэнне. Адчуваю, што з кожным днём мне становіцца святлей і весялей на душы. Маці Божую я яшчэ не зусім адкрыла, але буду працаваць над гэтым», — дзеліцца пілігрым Ганна Працкевіч.

«Я для сябе адкрыла тое, што людзі неспадзявана ў пілігрымцы прапануюць дапамогу — сурвэткі і ваду, або паднесці заплечнік. Дапамога прыходзіць сама. Таксама цуд адкрыла. Другі дзень — самы цяжкі: здаецца, што трэба ногі ледзьве перастаўляць. І раптам раніцай не адчуваеш ніякай стомы. У мяне такі цуд быў падчас першай пілігрымкі яшчэ. Гэтая пілігрымка — больш мая ахвяра. За здароўе родных і блізкіх іду, а не па працы, як у мінулыя гады», — распавядае журналіст Галіна Абакунчык.

«Мазалёў няма. Добра сябе адчуваю. Думаю, што ў пілігрымцы ў нас ёсць магчымасць ісці да Маці Божай і паказваць усёй краіне, што мы верым. Пасля аб’яўлення Маці Божай у Фаціме мы павінны ісці да Яе з мэтай перапрашэння за грахі ўсяго свету», — адзначае Ілья Міранкоў, парафіянін мінскага касцёла свв. Сымона і Алены.

Нягледзячы на перашкоды, пілігрымы з Мінска крочаць далей сваім шляхам да Маці Божай. І ўжо заўтра ўвечары яны змогуць скласці ўсе свае інтэнцыі перад Яе цудатворным абразом у Будславе.

Марына Валасар, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа