Пошук

04.06.2016 20:20   Тэкст і фота: Ілья Лапато / Catholic.by

4 чэрвеня ў мінскай парафіі Божага Цела дыякан Аляксандр Стока OCD прыняў з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага прэзбітэрскае пасвячэнне.

На ўрачыстасці прысутнічалі родныя і блізкія кармэліта, сябры, святары і субраты з ордэна кармэлітаў босых у Беларусі, а таксама вернікі кармэліцкіх парафій у Беларусі. Ганаровымі гасцямі сталі правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых, да якой належаць беларускія землі, а. Ян Маліцкі OCD і правінцыяльны сакратар а. Гжэгаж Малец OCD.

Новапрэзбітэр Аляксандр Стока OCD стаў сёмым святаром у супольнасці кармэлітаў босых, які паходзіць з Беларусі.

Святарства як дар

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў важнасць і сілу малітвы ў інтэнцыі пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця:

«Бог углядаецца ў сэрца кожнага чалавека. Але апошняе слова за чалавекам, і не кожны, каго кліча Бог, адважваецца адказаць сваё “так” і пайсці за Ім, каб слухаць Яго вучэнне, выконваючы Хрыстову волю», — заўважыў іерарх.

Біскуп нагадаў, што малітва з’яўляецца апорай на шляху паклікання, менавіта таму вельмі важна маліцца не толькі чалавеку, які адчувае ў сабе Божы заклік, але і ўсім тым, хто атачае пакліканага.

«Святарства — гэта вялікі дар. З гэтага моманту, брат Аляксандр, Хрыстус будзе прыходзіць на тваё слова на алтары. Памятай, які вялікі дар ты сёння атрымаеш, — сказаў біскуп. — Тваё заданне — сведчыць словам і жыццём, бо кожны святар пакліканы да абвяшчэння Евангелля».

Пакліканне...

«Першы раз, калі я адчуў у сваім сэрцы таямнічы голас, які клікаў да Божай службы, мне было 13 гадоў, — распавёў у каментарыі Catholic.by новапрэзбітэр. — І першым чалавекам, з якім я падзяліўся гэтай думкай, была мая мама. Яна тады толькі ўсміхнулася і сказала: сынок, кім ты толькі не хацеў быць – і пажарнікам, і міліцыянерам... Але з такімі паводзінамі, як у цябе, гэта малаверагодна».

Святар прыгадвае, што быў не самым прыкладным вучнем у школе, таму рэакцыя мамы яго не здзівіла.

«У 15 гадоў першы раз у жыцці я пайшоў у пілігрымку да Маці Божай Тракельскай, — працягвае кармэліт. — Я не ішоў туды, каб адмыслова распазнаць сваё пакліканне, але Маці Божая зрабіла сваё: у пілігрымцы я пазнаёміўся з а. Казімірам, манахам з ордэна кармэлітаў босых, які нёс служэнне ў Сільванаўцах, што ў 25 км ад Гродна. Ён запрасіў мяне прыехаць у госці ў супольнасць.

Я з радасцю згадзіўся. Ён і а. Вальдэмар шмат расказалі мне тады пра ордэн кармэлітаў босых. З цягам часу я пачаў ездзіць да іх рэгулярна, дапамагаць на святой Імшы як міністрант, разам маліцца. Пасля я падзяліўся гэтым з маім пробашчам кс. Аляксандрам Шэметам.

Пробашч выказаў сваю прыхільнасць да кармэлітаў і падзяліўся са мной гісторыяй свайго паклікання, што калісьці на пачатку сваёй дарогі ён сам марыў уступіць у супольнасць кармэлітаў босых. Мне вельмі тады спадабалася яго ўпэўненасць і яго парады. Маё жаданне стаць кармэлітам тады яшчэ больш узмацнілася.

Напрыканцы 11 класа ў ліпені 2002 года я ўступіў у пастулат да кармэлітаў босых у Нарач. І з таго моманту я ніколі не сумняваўся ў сваім пакліканні.
Але тым не менш за перыяд манаскай фармацыі я прайшоў праз розныя крызісы, калі хацеў усё кінуць. Д’ябал спакушаў мяне: ці гэта варта? ці ёсць для цябе ў гэтым сэнс? Але Бог мацнейшы за мяне. Ён даваў сваю ласку, любоў і сілу ісці далей».



«Адчуваю хваляванне і вялікую радасць»

Новапрэзбітэр адзначае, што асобны перыяд фармацыі даваўся яму не так лёгка.

«У сваім пакліканні я губляўся і не да канца разумеў, чаму Бог праз маіх настаяцеляў выпрабоўвае мяне. Але з перспектывы часу, які я пражыў, гледзячы назад на гэты час выпрабавання, я разумею, што ён быў недарэмным. У гэтым я бачу вялікую любоў і ласку Божай рукі да мяне — грэшнага і слабога чалавека.



Сёння я адчуваю хваляванне, але адначасова і вялікую радасць, бо, няглядзячы на такі доўгі час фармацыі і шляху да святарства, Бог не пакінуў мяне, але даверыў мне гэту місію служэння для Яго і для людзей», — сказаў новапрэзбітэр у каментарыі Catholic.by.

Тым, хто сумняецца

«Маці Божая суправаджае мяне, — дадае напрыканцы новапрэзбітэр. — У пілігрымцы да Маці Божай Тракельскай я адкрыў сваё пакліканне, а пасля заўсёды адчуваў Яе блізкасць.

Прэзбітэрскае пасвячэнне я атрымліваю ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў капліцы Маці Божай Шкаплернай. Для мяне гэта — выразны знак, што Маці Божая мяне любіць, як свайго сына».

Тым, хто раздумвае над Божай дарогай, новапрэзбітэр раіць не баяцца даверыцца Хрысту і Марыі:

«Самае галоўнае — не баяцца. І калі малады чалавек адчувае ў сэрцы нейкі таямнічы, часам невыразны голас — голас Бога, — няхай не баіцца адказаць сваё "так" Хрысту: “Пайду, калі Ты мяне клічаш”».
Пацвярджэнне гэтай думкі і на прыміцыйным абразе а. Аляксандра Стокі OCD, дзе напісаны словы: «Пане, Ты ведаў мяне, аднак выбраў. Прымі такім, якім я ёсць, і зрабі такім, якім прагнеш, каб быў».

Сваю першую прыміцыйную Імшу новапрэзбітэр узначаліць 5 чэрвеня ў 14.00 у Гродне ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (аўгустовак) па вул. Рэпіна, 2.

«Нядаўна вы звярталіся да мяне яшчэ "брат", а з сённяшняга дня я ўжо "айцец", — сказаў а. Аляксандр падчас святой Імшы ў Мінску вернікам. — Але я хачу быць братам вам і надалей — братам у Хрысце».

Ілья Лапато, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця