
У летні час, калі многія маладыя людзі, якія закончылі школу, каледж ці ВНУ, задумваюцца над сваім далейшым жыццём: кім стаць, якую прафесію выбраць, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаецца да юных вернікаў архідыяцэзіі з пастырскім словам.
Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
да вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
аб пакліканні да святарскага і манаскага жыцця
“Ідзі за Мною”
(Лк 5,27)
Паважаны браты і сёстры.
Перажываючы час летніх канікул і адпускоў, калі мы не толькі адпачываем, але і сочым за ходам уборачнай кампаніі ў нашай краіне або самі прымаем удзел ў жніве, а нашыя нашчадкі вырашаюць сваю будучыню — вызначаюцца з тым, куды пайсці вучыцца — звяртаюся да вас са шчырай просьбай.
Касцёл жыве Эўхарыстыяй, а Эўхарыстыю цэлебруюць святары. Вось чаму нам сёння так патрэбныя новыя, руплівыя і адданыя слугі Хрыста. Многія з нашых парафій гадамі не маюць ніводнага святарскага ці манаскага паклікання. Мы ўсё больш адчуваем недахоп святароў, якія маглі б ажыццяўляць сакрамэнтальнае служэнне, абвяшчаць Божае слова і суправаджаць вернікаў у іх паўсядзённым жыцці.
Езус Хрыстус ніколі не перастае заклікаць, ён пастаянна запрашае: «Прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (пар. Мц 9,38). Гэты заклік асабліва актуальны сёння.
У нашай архідыяцэзіі трывае індывідуальная і супольная малітва за ўсіх святароў праз заступніцтва Маці Божай, якую праводзіць апостальскі рух «Маргарытка». Яе мэта — уключыць асобу кожнага святара нашай архідыяцэзіі ў штодзённую малітву за яго.
Прашу ўсіх вас — святароў, манаскіх асоб, сем’і, моладзь і дзяцей — нястомна і гарача маліцца за новыя пакліканні. Няхай малітва гучыць у кожнай парафіі, кожнай супольнасці і кожнай сям’і, каб моладзь мела адвагу адказаць на голас Хрыста: «Ідзі за Мной» (пар. Лк 5, 27).
Дарагая моладзь, жыццё — гэта дарога. Кожны новы дзень — гэта яшчэ адзін крок у кірунку пазнання і рэалізацыі вашых задумаў і мараў. Часам нам можа здавацца, што ўсе нашыя высілкі былі марныя, а мэта, да якой мы імкнемся, недасягальная. Аднак важна памятаць, што не мэту трэба змяняць або, што яшчэ горш, ад яе адмаўляцца, але трэба шукаць новыя, больш эфектыўныя шляхі яе дасягнення. Гэта няважна, што рух адбываецца павольна: не спыняйся, кроч наперад. Галоўнае — крочыць.
Не бойцеся ступіць на шлях вашага паклікання, не бойцеся шукаць праўду пра сябе і пра свет вакол вас. Ваш узрост — гэта жыццёвая пара, найбольш карысная для пасеву і падрыхтоўкі глебы для будучага ўраджаю. З чым большай стараннасцю вы будзеце выконваць свае абавязкі, тым лепш, гэта значыць больш плённа, зможаце выконваць вашую місію ў будучыні.
Сапраўды вялікі той чалавек, які хоча чамусьці навучыцца. А калі вам будзе цяжка, калі ў жыцці вам давядзецца перажыць няўдачы ці расчараванні, няхай вашыя думкі ўзносяцца да Хрыста, які любіць вас, які з’яўляецца верным спадарожнікам і дапамагае перажыць усе цяжкасці.
Ведайце, што вы не самотныя. Вас суправаджае Той, хто ніколі не падводзіць. Хрыстус разумее ўсе, нават самыя схаваныя жаданні вашага сэрца. Езус хоча дапамагаць вам. Ён хоча быць для вас апорай і ўмацоўваць вас у вашай юнацкай барацьбе за набыццё цнотаў і ведаў.
Мы ўсе пакліканы быць вучнямі Хрыста, што вынікае з Яго слоў: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16). Гаворка ідзе пра вернае наследаванне Хрыста на шляху ў Нябеснае Валадарства, якое робіць нас Яго сведкамі. Праз хрост мы пакліканы да гэтай справы, а ў сакрамэнце канфірмацыі мы надзелены сілай яе выконваць; мы атрымліваем паўнату дароў Духа Святога, што дазваляе нам прыносіць плод, гэта значыць жыць святым жыццём.
У выпадку распазнання паклікання служыць Богу і касцёльнай супольнасці, адрасаванага канкрэтным асобам, Бог гарантуе пакліканым трывалую дапамогу і адпаведныя дары для выканання іх місіі. Гэта асабліва тычыцца пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. Таму не трэба баяцца закліку Хрыста: «Ідзі за Мной». Я кажу гэта асабліва вам, моладзь архідыяцэзіі!
Асаблівая задача кожнага пакалення ў маладосці — адкрыць і распазнаць сваё пакліканне. Звычайна гэта працяглы працэс, які патрабуе цішыні і дыялогу з Богам, цярплівай настойлівасці і слухання Божых падказак, а таксама адкрытасці на слова, розныя натхненні і знакі, праз якія Бог прамаўляе да нас. Таксама для гэтага добра папрасіць аб малітоўнай падтрымцы і паразмаўляць з пастырам, спаведнікам або духоўным кіраўніком.
«Не знойдзеш шчасця без намаганняў, поспеху без працы, задавальнення без ахвяры»,
— менавіта з такімі думкамі распазнаў сваё пакліканне святы Францішак Асізскі, пра жыццё і пакліканне якога мы ў 2026 годзе, у 800-ю гадавіну яго смерці, разважаем. Яго жыццёвы шлях з самага пачатку быў нялёгкім. У маладосці ён шукаў сэнс жыцця, марыў пра веліч і прызнанне. Толькі жыццёвы вопыт і сустрэча з Хрыстом прывялі яго да змены сэрца і перагляду папярэдніх планаў. Пачуўшы заклік: «Ідзі і аднаві Мой Касцёл», ён спачатку ўспрыняў яго літаральна і пачаў аднаўляць разбураны касцёл Святога Даміяна. Аднак у далейшым дыялогу з Езусам ён адкрыў, што Пан мае намер аднавіць касцёльную супольнасць праз жыццё паводле Евангелля. Ён адгукнуўся на заклік Езуса і, ідучы па вызначаным шляху, выпраменьваў спакой і радасць сэрца. Ён стаў магутным сведкам Хрыста і дасягнуў нябеснай славы. Бо кожны святы мае гісторыю свайго жыцця і кожны грэшнік мае сваю будучыню.
Падобная сітуацыя існуе і сёння ў жыцці маладых людзей, якія ідуць за голасам Пана. Некаторыя з іх, перакананыя ў сваёй жыццёвай місіі, а не дзеля заробку, выбіраюць пэўную прафесію або вобласць навучання. Часам, з мэтай больш актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства, яны вывучаюць тэхнічныя ці філасофскія напрамкі. Іншыя рыхтуюцца да поўнага прысвячэння свайго жыцця Езусу ў семінарыі ці фармацыйных дамах, каб потым атрымаць святарскае пасвячэнне.
Таму я звяртаюся да вас, маладое пакаленне Мінска-Магілёўскага Касцёла: паспрабуйце распазнаць Божую волю. Не рызыкуйце ісці па жыцці сваім уласным шляхам.
Браты і сёстры. Звяртаюся да вас, бацькоў: менавіта ў вашых дамах нараджаюцца пакліканні, атмасфера веры, любові і даверу да Бога. Гэта найлепшая глеба, на якой можа вырасці пакліканне да святарства.
Няхай Марыя, Маці святароў, якую мы асабліва ўшаноўваем у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, выпрасіць для нашай архідыяцэзіі шматлікія і святыя пакліканні.
Благаслаўляю Вас ад усяго сэрца
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
P. S. Дарэчы, Міждыяцэзіяльная Вышэйшая Духоўная Семінарыя ў Гродне чакае з «адчыненым сэрцам» пакліканых Панам.
«Увага! Увага! Патрэбная адвага».
Ці хопіць табе яе? — «Не бойся, Пан з табою».







