
14 мая Касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана. З гэтай нагоды напярэдадні ўрачыстасці Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе духоўным і кансэкраваным асобам, а таксама вернікам Касцёла на Беларусі сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана
«Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20)
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Сёння мы святкуем цудоўную ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана. Гэтая падзея, якую мы адзначаем праз 40 дзён пасля Уваскрасення Езуса Хрыста, дае нам упэўненасць, што смерць Хрыста мела сэнс, што цярпенні Езуса, Яго ахвяра на Крыжы ў Вялікую пятніцу не былі дарэмнымі. Уваскрасенне Хрыста ўмацоўвае нашу перакананасць у тым, што Ён перамог смерць. Пасля свайго ўваскрасення Езус шмат разоў пацвярджаў, што Ён жыве, суправаджаючы сваіх вучняў у дарозе, развейваючы іх сумневы, дапамагаючы ім пазбавіцца ад няўпэўненасці і страху. Езус спачатку сам адшукаў сваіх вучняў. Ён як бы «здабываў» іх і вырываў з апатыі, смутку, дэпрэсіі, пачуцця разбітасці, раз’яднанасці. Ён збірае сваіх разгубленых, зраненых, расчараваных вучняў, як Пастыр авечак, каб на іх вачах узнесціся на неба і назаўсёды пакінуць у іх памяці і ў іх сэрцах гэты вобраз — кірунак да неба, увышыню, да горняга.
Папа Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу, што унебаўшэсце Пана — гэта апошні акт нашага вызвалення з няволі граху, і гэтая таямніца азначае неўміручасць не толькі душы, але і нашага цела. Ён адзначаў, што вучні вярталіся з радасцю, бо «яны не адчуваюць сябе пакінутымі. Яны не думаюць, што Езус адышоў ад іх далёка і знік у нейкім недасяжным для іх небе. Яны ўпэўненыя ў Яго новай прысутнасці. Радасць вучняў пасля унебаўшэсця дапамагае нам правільна ўспрымаць гэтую падзею.
Унебаўшэсце — гэта не адыход у нейкую аддаленую сферу космасу; гэта пераход да пастаяннай блізкасці, якую вучні перажываюць настолькі глыбока, што яна нараджае трывалую радасць» (Benedetto XVI. «Gesù di Nazareth»).
Сапраўды, нягледзячы на развітанне, вучні Хрыста вярталіся радасныя, бо ўсведамлялі вялікае дабро, якое Унебаўшэсце Пана прыносіць усяму чалавецтву. Унебаўшэсце Езуса ажыўляе нашу надзею таксама на ўдзел у паўнаце жыцця з Богам у нябеснай славе.
Мае дарагія, унебаўшэсце быццам бы паказвае нам: жыццё — гэта пілігрымка, а не канчатковы пункт прызначэння. У нас ёсць дом, мэта і Той, хто вядзе да гэтай мэты, хто туды ўжо дабраўся. Езус адкрыў неба для нас. Як першы чалавек, які ўваскрос з мёртвых, Ён узнёсся да Айца і кажа: «Там, дзе Я, і вы будзеце». Святы Грыгорый Назіянзскі пісаў: «Унебаўшэсце вучыць нас, што заканчэнне жыцця на зямлі не з'яўляецца заканчэннем нашага існавання, але пачаткам вечнага быцця». У адным гэтым сказе знаходзіцца эсхаталагічная надзея: мы існуем не для таго, каб памерці, а для таго, каб жыць вечна.
Унебаўшэсце Езуса — гэта знак таго, што жыццё мае вечнае вымярэнне.
Безумоўна, унебаўшэсце Хрыста паказвае нам шлях у дом Айца. Хрыстус запрашае нас вярнуцца ў свой дом, туды, адкуль мы выйшлі. Больш за тое, узыходзячы на Неба, Хрыстус не пакідае свой народ. Шмат разоў перад унебаўшэсцем Ён падкрэсліваў: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Ён таксама паказваў, чаму ідзе да Айца: «Я іду падрыхтаваць вам месца» (Ян 14,2).
Сённяшняя ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана сведчыць, што Езус не пакінуў нас — Ён нас апярэдзіў, а не «ўцёк» на неба. Хрыстус узнёсся, каб падрыхтаваць нам месца, а нам пакінуў заданне. Неба — гэта не нейкая казачная краіна, а мэта нашага жыцця. Там наш Айцец, там ёсць месца для кожнага з нас, і Езус вядзе нас туды. Але Ён не хоча, каб мы проста сядзелі і чакалі. Езус не гаворыць: «Глядзіце ў неба і рабіце сэлфі з аблокамі». Ён нібы кажа нам: «Сведчыце сваім жыццём і дапамагайце».
Унебаўшэсце — гэта не завяршэнне, гэта толькі пачатак, старт. Езус паказвае: цяпер вы павінны дзейнічаць і выконваць тое, чаму Я вас вучыў, дзеля дасягнення мэты вашага жыцця, дзеля вечнасці.
І яшчэ. Езус сказаў тое, што сапраўды змяняе ўсё: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Такім чынам, нават калі мы часам адчуваем сябе адзінокімі, разгубленымі або расчараванымі, — Ён заўсёды з намі. Нават калі здаецца, што Неба маўчыць, — Езус дзейнічае, калі ёсць спакуса здацца, — Ён верыць у цябе больш, чым ты сам у сябе.
Таму, браты і сёстры, нельга нам стаяць на месцы і толькі ўглядацца ў неба, а трэба вучыцца жыць так, як вучні Хрыста. Сведчыць, любіць, змагацца за дабро, міласэрнасць і спакой, і быць упэўненымі: Езус ужо падрыхтаваў месца для кожнага з нас. І самае галоўнае: Ён заўсёды побач з намі, дапамагае несці нашыя жыццёвыя крыжы і цяжары, бо абяцаў не пакідаць нас аж да сканчэння веку, — таго, хто шануе крыж, абароніць Езус.
Святы Аўгустын казаў: «Езус Хрыстус узнёсся на неба, але не перастаў быць з Касцёлам; Ён пакінуў нас целам, але не сэрцам» (Sermo de Ascensione Domini). Гэтае цудоўнае выказванне нагадвае: унебаўшэсце Пана не азначае, што нас «пакінулі», але азначае змену формы прысутнасці нашага Збаўцы на больш глыбокую, духоўную і супольнасную. Езус надалей ёсць з намі праз веру, праз Эўхарыстыю, праз Касцёл.
Умілаваныя, праз сённяшнюю ўрачыстасць Езус, адыходзячы да Айца, перадае нам свой запавет, сваё апошняе жаданне: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх выконваць усё, што Я загадаў вам» (Мц 28, 19–20). Воля Езуса, Яго апошняе жаданне, — каб Яго вучні былі Яго сведкамі. Падчас Унебаўшэсця Езус адпраўляе нас у нашае штодзённае жыццё, у асяроддзе, дзе мы жывём, працуем і навучаемся.
Каб выканаць наказ Хрыста быць Ягонымі сведкамі, мы павінны несці адчуванне неба ў тыя месцы, дзе пануюць змрок, пустэча і адчай, дзе валадарыць цемра.
Урачыстасць Пяцідзесятніцы, якую мы будзем адзначаць праз 10 дзён, павінна ўмацаваць нас для гэтай місіі, каб мы не баяліся быць сведкамі Хрыста там, дзе жывём, працуем, куды вандруем. Езус пасылае нас з місіяй. Недастаткова проста ўглядацца ў неба, пасіўна сузіраць таямніцу. Анёлы кажуць Апосталам: «Чаму вы стаіце і глядзіце?», таму што вера — гэта дзеянне. Унебаўшэсцем распачынаецца час дзеяння Касцёла — гэта таксама наш час: час нашага сведчання, навучання, міласэрнасці, у якім Бог выбраў і паклікаў нас. Сёння нялёгка быць сведкам Езуса, але мы не адзінокія ў гэтай місіі. Святыя і мучанікі падтрымліваюць нас. Сучасныя сведкі, людзі глыбокай веры і надзеі, падтрымліваюць нас. І, перш за ўсё, — сам Уваскрослы Езус з намі і вядзе нас праз свайго Духа.
Людзі падарожнічаюць, казаў святы Аўгустын, каб дабрацца да вяршынь гор, злавіць самыя вялікія хвалі, знайсці самыя доўгія рэкі, убачыць бясконцую шырыню акіяна, заўважыць найменшы рух зорак, але яны праходзяць адзін каля аднаго без кроплі здзіўлення. Таму нам, якія ахрысціліся ў Хрыста, паверылі ў збаўленне і абяцанне вечнага прабывання з Богам, трэба быць адважнымі сведкамі, каб, як сказаў Папа Леў XIV, стаць «паходнямі веры, здольнымі распаўсюджваць святло Хрыста». Бо чалавек пакліканы не да таго, каб мець як мага больш матэрыяльных дабротаў і зямных задавальненняў, але да таго, каб быць сведкам Бога, сведкам сапраўднай любові. Мы павінны падняць вочы ў неба і ўзрадавацца ўсяму таму, што нам дадзена. Нам трэба скіраваць свой позірк на Таго, хто з’яўляецца крыніцай сапраўднага шчасця, на Таго, хто праз 40 дзён пасля Уваскрасення на вачах Апосталаў узнёсся на неба, каб заняць месца праваруч Бога, на Таго, які сказаў: «Будзьце Маімі сведкамі». Як казаў Папа Францішак, «гэта павінна быць сведчанне — дадзенае не толькі словамі, але і штодзённым жыццём — сведчанне, якое павінна выходзіць з нашых касцёлаў кожную нядзелю, каб на працягу тыдня яно магло дасягаць дамоў, офісаў, школ, месцаў сустрэч і забаў, бальніц, вязніц, дамоў састарэлых, ускраін гарадоў... Гэта сведчанне, якое мы павінны прыносіць кожны тыдзень: Хрыстус з намі!»
Мае дарагія.
Будзем жа нястомнымі сведкамі Хрыста, каб іншыя, гледзячы на нас, умацоўваліся ў веры, каб мы былі вестунамі спакою і надзеі для ўсіх, каго сустрэнем на сваім шляху!
Заахвочваю працягваць абвяшчаць Добрую Навіну, якая перамяняе і дае жыццё. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Касцёла, заўсёды суправаджае нас у імкненні быць вернымі сведкамі Хрыста і Яго Евангелля, заступаецца за нас і вядзе да свайго Сына.
На нястомнае і руплівае апостальства і сведчанне Добрай Навіны са шчырым сэрцам благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 8 мая 2026 года
У першую гадавіну пантыфікату Папы Льва XIV







