Пошук

17.05.2021 10:38   Паводле: Vatican News

Фота: Flickr.com

16 мая, калі ў Італіі і некаторых іншых краінах свету адзначаецца ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, Папа Францішак засяродзіўся на евангельскім урыўку пра апошнюю сустрэчу ўваскрослага Езуса з вучнямі, пасля якой Ён узышоў да Айца.

Нягледзячы на расстанне з Панам, вучні не выглядалі няўцешнымі. Наадварот, яны былі радаснымі і гатовымі вырушыць у свет як місіянеры. На гэта звярнуў увагу Пантыфік перад малітвай «Уладарка Неба» з вернікамі, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

«Чаму ж вучні не былі смутнымі? Чаму таксама мы павінны радавацца, калі бачым, як Езус узыходзіць на неба?» — цытуе Папу Францішка Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. Адказваючы на гэтае пытанне, Святы Айцец падкрэсліў, што ўнебаўшэсце было завяршэннем «місіі Езуса сярод нас».

«Калі ж Езус сышоў з неба дзеля нас, то таксама дзеля нас Ён узыходзіць», узносячы з сабой нашае чалавечае цела. «У гэтай таямніцы кожны з нас сузірае ўласнае будучае прызначэнне», — дадаў Пантыфік.

Першая прычына для радасці, якую нясе ўнебаўшэсце, заключаецца ў тым, што Езус не пакінуў нас, а застаўся з намі ў малітве: Ён моліцца да Айца, паказваючы Яму свае раны. Як сцвердзіў Святы Айцец, гэта павінна напаўняць веруючага адчуваннем бяспекі і вялікай радасці. Другая прычына — абяцанне Езуса «аб спасланні Святога Духа, які вядзе нас у свет, каб абвяшчалі Евангелле».

«Дарагія браты і сёстры, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця, сузіраючы неба, куды ўзышоў Хрыстус і дзе сядзіць праваруч Айца, будзем прасіць Марыю, каб дапамагала нам быць адважнымі сведкамі Уваскрослага ў свеце ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях», — завяршыў нядзельнае разважанне Святы Айцец.

Абноўлена 17.05.2021 10:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця