Пошук

04.04.2026 09:20   Catholic.by


3 красавіка, у Вялікую пятніцу — адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў Каталіцкім Касцёле не цэлебруецца Эўхарыстыя, вернікі галоўнага касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на чале са сваімі біскупамі ўшаноўвалі Муку Пана і адаравалі Крыж — прыладу збаўлення і знак надзеі.

У цішыні перапоўненай катэдры працэсія святароў разам з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, і біскупам Юрыем Касабуцкім, Генеральным вікарыем архідыяцэзіі, прайшла да галоўнага алтара. Арцыбіскуп паклаўся ніцма на знак адарацыі Крыжа. Пасля распачалося набажэнства Вялікай пятніцы, літургія Мукі Пана, якую адкрыла першая частка Літургія слова.

У першым чытанні прагучаў тэкст з кнігі прарока Ісаі, дзе прарок прадбачыць пакуты Месіі. У другім аўтар Паслання да Габрэяў нагадаў, што Хрыстус зведаў усе чалавечыя выпрабаванні, акрамя граху, і таму спачувае нашым слабасцям (пар. Гбр 4, 15) Праз Яго паслухмянасць адбылося збаўленне свету: «І будучы дасканалым, стаўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення» (Гбр 5,9). Апісанне мукі і смерці Езуса Хрыста было прачытанае з Евангелля паводле святога Яна.

Гамілію для шматлікіх прысутных вернікаў прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх прысвяціў яе Крыжу як прыладзе збаўлення і знаку надзеі.

Пастыр адзначыў, што Крыж сімвалізуе пераварот каштоўнасцей: дрэва ганьбы і паразы становіцца месцам славы і перамогі, знакам надзеі на адкупленне, ачышчэнне і вяртанне да жыцця.

Кожны, хто жыве на зямлі, нясе свой уласны крыж, і таму, па словах прамоўцы, мае ўдзел у Муцы Пана праз свае ўласныя выпрабаванні і цярпенні. Па-за Хрыстом гэтыя пакуты могуць падацца невытлумачальнымі і бессэнсоўнымі.

«Таму варта з любоўю паглядзець на крыж Хрыста, і ў ім шукаць адказ на свае пакуты, перажыванні, хваробы. <...> Крыж Хрыста гэта знак таго, што Бог цалкам раздзяліў чалавечы лёс. Разам з чалавекам Ён прыняў Муку, адзіноту, выцерпеў здзекі і пагарду, праявіў безабароннасць і дараваў пераследнікам. <...> І няма такіх пакутаў і цярпенняў, якія б Ён не спазнаў. Хрысціянская надзея вынікае з веры ў такога Бога, якому неабыякавы чалавечы лёс»,  падсумаваў прамоўца.

Іерарх асабліва падкрэсліў, што добрая навіна Евангелля не ў тым, што Бог прыйшоў толькі каб вызваліць нас ад пакутаў, але ў тым, каб удзельнічаць у іх. Бог заўсёды побач і любіць нас, у Ім мы маем надзею, якая ўмее супрацьстаяць адчаю і большая за звычайны чалавечы аптымізм.

Гэтак жа, як Езус прасіў Айца адхіліць ад Яго келіх горкай Мукі (пар. Лк 22,42), чалавек таксама мае права прасіць Бога аб пазбаўленні ад пакутаў, але з адной умовай: не цаной граху і бунту супраць Бога.

Варта памятаць, па словах біскупа, што ў хвіліны найцяжэйшых выпрабаванняў Бог знаходзіцца да чалавека найбліжэй, таму і чалавек павінен не аддаляцца ад Яго, а набліжацца.

У якасці прыкладу такога моцнага даверу Пану Богу іерарх прывёў асобу святога папы Яна Паўла ІІ, які шмат год, асабліва пасля замаху на яго жыццё, штодня пакутаваў ад моцнага фізічнага болю, аднак не засяроджваўся на тым, які цяжкі крыж ён нясе.

Цяжкае выпрабаванне можа быць шляхам перамянення і ўмацавання.

Біскуп Юрый асабліва падкрэсліў, што веліч Ахвяры Крыжа заключаецца не ў пакутах Хрыста, а ў любові Сына Божага да кожнага канкрэтнага чалавека. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16).

«Смерць не скончыла зямное жыццё Езуса, Крыж не быў канцом, мяжой або канчатковай мэтай. Пасля яго надышло Уваскрасенне, у бляску якога Крыж набывае каштоўнасць і становіцца знакам перамогі менавіта таму ў першыя стагоддзі хрысціянства Крыж часта выяўлялі з лаўровым вянком.<...> Таму і для чалавека ў Хрысце магчыма ўваскрасаць кожны дзень з граху: з ляноты, канфармізму, дрэнных звычак... Крыж гэта надзея на нашае збаўленне і ўваскрасенне»,

рэзюмаваў прамоўца.

На заканчэнне літургіі Слова адбылася ўрачыстая агульная малітва вернікаў. У дзесяці малітоўных інтэнцыях, праспяваных пробашчам катэдры Дзмітрыем Пухальскім і пацверджаных асаблівай малітвай арцыбіскупа, маліліся за святы Касцёл, каб Бог адарыў яго супакоем і еднасцю, за Папу Льва XIV, каб захаваў яго ў здароўі і бяспецы, за біскупа Юзафа, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, за ўсіх, хто служыць Касцёлу і за ўвесь народ верны, за катэхуменаў, за адзінства хрысціян, за габрэяў, каб Бог дапамагаў ім узрастаць у любові да Яго, за няверуючых у Хрыста, каб яны напоўніліся святлом Духа Cвятога і маглі пайсці дарогай збаўлення, за няверуючых у Бога, каб у шчырасці сэрца наследавалі тое, што з’яўляецца слушным і так знайшлі самога Бога, за кіраўнікоў краін, каб Пан Бог кіраваў іх думкамі, сэрцамі паводле сваёй волі, за церпячых.

Пасля гэтага распачалася другая частка літургіі Мукі Пана Адарацыя Крыжа. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўрачыста адкрыў Крыж, які быў закрыты заслонай ад V Нядзелі Вялікага посту. Усе прысутныя святары, семінарысты, міністранты пасля гэтага ўшанавалі Крыж праз уцалаванне. Астатнія вернікі праз укленчванне.

У кожнага з вернікаў была магчымасць скласці ахвяраванне на патрэбы церпячага Касцёла ў Святой Зямлі, дзе Збаўца прыняў смерць за грахі ўсяго чалавецтва.

Пасля адарацыі Крыжа распачалася апошняя частка літургіі Мукі Пана святая Камунія. Затым арцыбіскуп перанёс Найсвяцейшы Сакрамэнт у Гроб Пана. Манстрацыя была накрытая белым вэлюмам як напамін пра саван, які ўкрываў цела Езуса.

Пасля гэтага пры Гробе Пана вернікі на чале з арцыбіскупам Юзафам памаліліся Навэнну да Божай Міласэрнасці, якая распачынаецца ў Вялікую пятніцу, а затым ушаноўвалі ў цішыні Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Абноўлена 04.04.2026 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа