Пошук


2 красавіка, у Вялікі чацвер, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў у катэдры святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне Імшу Вячэры Пана. Гэтая літургія распачынае Пасхальны Трыдуум.

У цэлебрацыі ўдзельнічала духавенства катэдральнай парафіі на чале з пробашчам ксяндзом канонікам Янам Кучынскім.

У пачатку Імшы моладзь і члены малітоўнага руху «Маргарытка» павіншавалі святароў з іх святам, якім лічыцца Вялікі чацвер дзень, калі ўспамінаецца ўстанаўленне Езусам Хрыстом сакрамэнту пасвячэння. Біскуп заклікаў маліцца за святароў: «Маліцеся не толькі тады, калі вы бачыце іх старанні, ахвярнасць і дабро, але і тады, калі заўважаеце іх слабасць, чалавечую абмежаванасць, недасканаласць ці недахопы. Святару патрэбная не толькі ацэнка, але перадусім малітва; не толькі чаканні, але і духоўная падтрымка; не толькі патрабаванні, але і братэрская добразычлівасць». Іерарх заахвоціў маліцца таксама аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле: «Каб у нашых сем’ях, парафіях і супольнасцях знаходзіліся сэрцы, здольныя пачуць голас Пана і адказаць на Яго заклік з даверам і велікадушнасцю».

На літургіі прагучаў гімн «Хвала на вышынях Богу», які не спяваецца на працягу Вялікага посту. Пасля заканчэння спеву сціхлі званы, якія звіняць у час яго, а таксама арган, — гэтая цішыня доўжыцца да таго часу, пакуль гімн не загучыць на літургіі Пасхальнай вігіліі.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ў вечар Вялікага чацвярга «Хрыстус, ведаючы, што надышла Яго гадзіна, што набліжаюцца пакуты, крыж, ахвяра і смерць, не засяроджваецца на самім сабе, не адступае перад тым, што Яму належыць перажыць, а з невымоўнай любоўю звяртаецца да сваіх вучняў і пакідае ім, а праз іх  усяму Касцёлу, найвялікшыя дары свайго Божага Сэрца». Гэтыя дары  «таямніца Эўхарыстыі, у якой Хрыстус застаецца з намі пад відам хлеба і віна, таямніца любові, якая выяўляецца ў пакорным служэнні, сімвалам якога становіцца абрад абмыцця ног, і таямніца святарства».

Іерарх патлумачыў, што ў евангельскім выразе пра Езуса Хрыста «палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты іх палюбіў» слова «дарэшты» азначае «любоў поўную, дасканалую, нічым не абмежаваную», якая «не адступае перад брудам чалавечых ног, перад цвёрдасцю чалавечага сэрца»: «Такая любоў сёння стаіць перад намі, схіляецца да чалавека, становіцца хлебам, служэннем, ахвярай».

Біскуп адзначыў, што словы Езуса Хрыста пры ўстанаўленні Эўхарыстыі «гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана… гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй» не дазваляюць звесці гэтую таямніцу да чыста сімвалічнага ўзроўню, бо Хрыстус не кажа: «гэта абазначае», «гэта нагадвае», «гэта хай будзе сімвалам», а кажа ясна і канкрэтна: «гэта ёсць». Іерарх дадаў, што «на гэтай праўдзе ўжо дзве тысячы гадоў жыве Касцёл», «з яе нараджаецца кожная святая Імша, паходзіць уся эўхарыстычная пабожнасць, уся адарацыя, уся вера простых людзей, якія, можа, не могуць сфармуляваць тэалагічнае вучэнне, але сэрцам ведаюць, што ў асвячанай Гостыі сапраўды прысутны жывы Хрыстус».

Па словах біскупа, трэба «дазволіць гэтай праўдзе сапраўды ўвайсці ў нас, бо існуе вялікая небяспека, што чалавек, нават будучы веруючым, нават рэгулярна ўдзельнічаючы ў нядзельнай Эўхарыстыі, нават прыступаючы да святой Камуніі, можа паступова прывыкнуць да таямніцы, якая павінна яго здзіўляць, узрушваць і перамяняць».

Таму вечар Вялікага чацвярга заклікае «нанова адкрыць для сябе Эўхарыстыю не як абавязак, не як нешта звыклае і аўтаматычнае, а як невымоўны дар, як Божую блізкасць, якая пераўзыходзіць усе чалавечыя ўяўленні».

На Імшы Вячэры Пана здзяйсняецца абрад абмыцця ног, паколькі на Апошняй Вячэры Езус абмыў ногі апосталам. Па словах біскупа, адпаведная сцэна ў літургічных чытаннях гэтага дня «паказвае жэст, які адкрывае ўнутраную логіку Эўхарыстыі, паказвае, чым яна павінна станавіцца ў жыцці таго, хто прымае Цела і Кроў Пана». «Для нас гэта можа выглядаць толькі як прыгожы, кранальны, сімвалічны жэст, але для людзей таго часу гэта было нешта надзвычайнае, амаль шакуючае, бо абмыццё ног належала да самай нізкай формы служэння, якую выконваў слуга. І вось Той, Каго вучні называюць Панам, Той, перад Кім укленчваюць вятры і мора, Той, у чыіх руках жыццё і смерць, становіцца на калені перад чалавекам», сказаў біскуп. Гэтая сцэна паказвае, дадаў ён, што Бог «не з’яўляецца тым, хто пануе ў халоднай велічы і чакае, пакуль чалавек сам паднімецца да Яго; Бог у Езусе Хрысце аб’яўляецца як Той, Хто схіляецца, служыць, дакранаецца да чалавечай беднасці, не цураючыся яе».

Біскуп заўважыў, што менавіта таму Эўхарыстыя, сакрамэнт Божай прысутнасці, не можа быць аддзеленая ад любові, пакоры і служэння: «Нельга па-сапраўднаму ўдзельнічаць у Імшы і пры гэтым не вучыцца любові; нельга прымаць Цела Хрыста і заставацца ў жорсткасці сэрца; нельга кленчыць перад табэрнакулюмам і не ўмець нахіліцца да брата, да хворага, да старога, да таго, хто пакрыўдзіў нас, да таго, хто чакае ад нас слова, дапамогі».

Іерарх адзначыў, што невыпадкова апостал Пётр спачатку амаль пратэстуе супраць гэтага жэсту: «Бо чалавеку вельмі цяжка пагадзіцца на Бога, які настолькі паніжаецца. Нам хацелася б часам мець Бога магутнага, але далёкага; Бога, які ўражвае сілай, але не парушае нашай унутранай абароны; Бога, перад якім можна схіліцца, але якому не трэба дазваляць увайсці ў самыя слабыя, брудныя і неўпарадкаваныя месцы нашага жыцця». «Езус кажа Пятру словы, якія маюць фундаментальнае значэнне для ўсёй духоўнасці: "Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною". Гэта значыць: калі ты не дазволіш Мне цябе ачысціць, дакрануцца да тваёй слабасці, быць Богам, які служыць табе сваёй любоўю, то не зразумееш, кім Я ёсць, і не зможаш сапраўды быць Маім вучнем», падкрэсліў біскуп.

Ён нагадаў, што абрад абмыцця ног важна ўспрымаць не толькі як «літургічную традыцыю, прыгожы звычай ці драматычную рэканструкцыю евангельскай сцэны»: «Касцёл не захоўвае знакаў дзеля эстэтыкі; Касцёл жыве знакамі, якія вядуць да навяртання. Таму ў гэтым жэсце ўсе мы павінны ўбачыць заклік, звернуты да нас асабіста.

Бо абмыццё ног азначае не толькі пакору ў агульным сэнсе, але вельмі канкрэтную штодзённую гатоўнасць служыць там, дзе гэта не дае пашаны, не прыносіць імгненнай удзячнасці, не робіць чалавека "вялікім" у вачах іншых.

Гэта гатоўнасць заўважаць таго, каго іншыя абмінаюць; здольнасць прабачыць тады, калі сэрца ўсё яшчэ носіць у сабе боль; уменне адступіць ад уласнага эгаізму, каб вызваліць месца для патрэбаў іншага чалавека». «Вялікі чацвер задае вельмі сур’ёзнае пытанне кожнаму з нас: ці сапраўды фармуе маё жыццё Эўхарыстыя, у якой я ўдзельнічаю?  сказаў біскуп. Ці, можа, яна застаецца для мяне толькі важным, але ізаляваным рэлігійным момантам, які не пранікае ў маю сям’ю, маю працу, маё стаўленне да людзей?»

На літургіі іерарх абмыў ногі дванаццаці мужчынам — па ліку вучняў Езуса Хрыста. У канцы Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў капліцу, якая сімвалізуе цямніцу, дзе знаходзіўся Езус пасля арышту, табэрнакулюм застаўся пустым, з алтара быў зняты абрус.

Абноўлена 04.04.2026 00:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.