Пошук

03.04.2026 13:49   Фота: з архіва архікатэдральнай парафіі / Catholic.by

2 красавіка ўвечары ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша Вячэры Пана, якая транслявалася на беларускім тэлебачанні.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі на ўспамін Апошняй Вячэры Езуса Хрыста ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

На пачатку Імшы арцыпастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заклікаў прысутных да удзячнасці «за тое, што мы маем куды і да каго прыйсці і з кім весці дылог», маючы на ўвазе канкрэтны акт любові Бога да чалавека ў дзень устанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння і сам Вячэрнік — дарагі сэрцам вернікаў архікатэдральны касцёл.

Пасля гэтага моладзь мінскай архікатэдры павіншавала арцыбіскупа з днём святарства.

У гаміліі Мітрапаліт адзначыў, што падзеі Вялікага чацвярга маюць для нас выключнае значэнне.

«Гэтак жа, як і вучні, мы запрошаныя ў Вячэрнік Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, каб зноў перажыць сустрэчу з Панам у тую ноч, калі Ён быў здраджаны, а пасля асуджаны і ўкрыжаваны. Аднак Езус не адышоў — Ён пакінуў бачны знак сваёй прысутнасці ў Эўхарыстыі»,

— звярнуўся да духоўнага сэнсу евангельскіх падзей прамоўца.

Тое, што Езус абраў хлеб і віно, каб яны пераўтварыліся ў Яго Цела і Кроў, таксама невыпадкова — менавіта яны былі асноўным спажыткам у габрэйскім грамадстве тых часоў. Аднак у Хрысце яны набылі новае значэнне.

«Сілкуючыся хлебам, які стаў Целам Хрыстовым, мы ўмацоўваемся ў веры, атрымліваем духоўную сілу, каб супрацьстаяць штодзённым цяжкасцям і асабістым слабасцям, узбройваемся сілай барацьбы са злом і грахом і атрымліваем мужнасць, каб адважна сведчыць пра наша сяброўства з Езусам Хрыстом. Сілкуючыся Яго Целам і Крывёю, мы вучымся любіць, як Езус, прабачаць, як Езус, і служыць іншым, як Езус», — навучаў аб значэнні Эўхарыстыі арцыпастыр.

Мітрапаліт адзначыў важныя аспекты самага галоўнага сакрамэнту:

Эўхарыстыя — гэта сімвал велізарных пакут Езуса і Яго смерці на крыжы, таму, спажываючы гэты хлеб, мы становімся ўдзельнікамі падзей Вячэрніка, Галготы і Крыжа і такім чынам часткай жыцця Езуса Хрыста. Святая Імша — гэта бяскроўная Ахвяра крывавай Ахвяры Крыжа, удзельнічаць у якой мы пакліканыя ў паўнаце, прымаючы Цела і Кроў Хрыста.

«Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх (Ян 13,1)» — гэтыя словы з Евангелля паводле святога Яна сведчаць аб невымоўнай любові Бога да чалавека і з’яўляюцца, на думку арцыбіскупа, заахвотай да глыбокага перажывання лучнасці з Езусам у святой Камуніі.

«У кожнай святой Імшы, на якой мы прысутнічаем, нашыя чаканні спраўджваюцца. Езус прыходзіць да нас, каб мы маглі пазнаць Яго Імя, Яго Аблічча, каб мы маглі адчуць Яго прысутнасць і бясконцую міласэрнасць. Таму няхай удзел у святой Імшы не будзе для нас абавязкам, але шанцам, дадзеным нам Богам», — падзяліўся настаўленнем Папы Францішка арцыбіскуп.

Набліжаючы вернікам каштоўнасць дару Эўхарыстыі, прамоўца працытаваў таксама словы Папы Льва XIV: «Калі мы дорым падарунак, нават невялікі, але ў межах нашых магчымасцей, і бачым, што той, хто яго атрымлівае, цэніць яго, то якія мы шчаслівыя! І адчуваем, што гэты падарунак, якім бы простым, ён ні быў, яшчэ глыбей аб’ядноўвае нас з тымі, каго мы любім. У Эўхарыстыі менавіта гэта адбываецца паміж намі і Богам». 

Сённяшняе Евангелле, нагадаў арцыпастыр, кажа аб тым, што перад устанаўленнем Эўхарыстыі Езус абмыў ногі вучням, і для нас гэта азначае, што прыступаць да Эўхарыстыі неабходна чыстымі духам і целам, поўнымі даверу да Пана Бога і ў пакоры.

«Просім Езуса сёння даць нам глыбокае разуменне Эўхарыстыі і здольнасць будаваць на ёй асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё»,

— малітоўным заклікам завяршыў гамілію арцыбіскуп Станеўскі.

Літургія скончылася ў поўнай цішыні. Найсвяцейшы Сакрамэнт на ўспамін арышту Хрыста пасля Яго малітвы ў Аліўным садзе быў перанесены ў цямніцу. На працягу пэўнага часу для вернікаў была магчымасць адарыцыі Пана Езуса.

Абноўлена 03.04.2026 16:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа