Пошук

14.12.2025 19:22   Паводле: grodnensis.by / Catholic.by
Скрыншот відэа МНС

14 снежня, каля 7 гадзін раніцы, у мястэчку Сапоцкін (Сапоцкінскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) здарыўся пажар у мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча.

Касцёл у Сапоцкіне — адна з найстарэйшых каталіцкіх святынь Беларусі. Гісторыя яго ўзыходзіць да XVIII стагоддзя. Першапачаткова на гэтым месцы стаяў драўляны касцёл, які пазней быў перабудаваны ў камені. У розныя гістарычныя перыяды касцёл перажываў няпростыя часы: войны, змену ўлад і рэлігійныя ганенні. Аднак дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў і духавенства яго захавалi. У XIX стагоддзі касцёл неаднаразова рэстаўраваўся, а ў савецкія часы яго лёс апынуўся пад пагрозай — ён быў зачынены і выкарыстоўваўся не па прызначэнні. На сённяшні дзень ён з'яўляецца не толькі дзейным рэлігійным аб'ектам, але і гістарычным помнікам архітэктуры.

На момант прыбыцця да месца інцыдэнту ратавальнікаў дах будынка быў ахоплены агнём. Пажар быў ліквідаваны каля 14.00.


«Пашкоджаны дах і кроквавая сістэма па ўсёй плошчы будынку. Закураны сцены, столь і ўнутраннае ўбранства касцёла»,

— паведамілі ў МНС.

З нагоды пажару біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй кіруе свой зварот

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння раніцай, 14 снежня, каля сёмай гадзіны, у касцёле ў Сапоцкіне адбыўся пажар, у выніку якога быў пашкоджаны дах святыні. Гэтая падзея глыбока закранула сэрцы вернікаў, бо гаворка ідзе не толькі пра матэрыяльную шкоду, але, перадусім, пра месца, дзе на працягу многіх гадоў і сёння гучыць малітва, дзе людзі сустракаюцца з Панам Богам і адно з адным.

Ад імя Гродзенскай дыяцэзіі і ад сябе асабіста выказваю шчырую блізкасць і духоўную падтрымку пробашчу парафіяльнай супольнасці і ўсім вернікам сапоцкінскай парафіі.


У гэты цяжкі момант мы ўсе яднаемся з вамі ў малітве, веры і надзеі, упэўненыя, што Пан Бог не пакідае свой народ і з кожнага выпрабавання выводзіць да аднаўлення і новага жыцця.

Асаблівыя словы глыбокай удзячнасці скіроўваю пажарным і ўсім службам, якія з вялікай адданасцю, прафесіяналізмам і рызыкай для ўласнага жыцця ўдзельнічалі ў ліквідацыі пажару. Дзякую таксама ўсім, хто не застаўся абыякавым, хто прыйшоў на дапамогу, маліўся і выказаў сваю салідарнасць. Ваша ахвярная служба і чалавечая еднасць з’яўляюцца жывым сведчаннем дабра, якое з Божай ласкі перамагае любую цемру.

Мы перажываем гэты досвед напярэдадні свята Божага Нараджэння, калі Сын Божы прыходзіць у свет, каб асвятліць цемру, умацаваць зломленыя сэрцы і падарыць надзею. Няхай гэтае выпрабаванне стане для нас заклікам да яшчэ большай еднасці, узаемнай падтрымкі і глыбокага даверу Пану Богу, які ўсё адраджае.

Запэўніваю ўсіх вернікаў у сваёй малітве і пастырскай блізкасці.

Уся Гродзенская дыяцэзія трымаецца разам з вамі!

З пастырскім благаслаўленнем, 
Уладзімір Гуляй, 
Біскуп Гродзенскай дыяцэзіі

14 снежня 2025 года

Абноўлена 15.12.2025 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.