Пошук

22.04.2025 10:31   Catholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, выказвае спачуванні з прычыны смерці Папы Францішка.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў і ўсе вернікі Касцёла Беларусі з глыбокім смуткам ўспрынялі вестку аб адыходзе ў вечнасць нашага ўмілаванага Святога Айца Францішка.

Мы дзякуем Пану Богу за дар яго жыцця, за руплівае і ахвярнае служэнне Касцёлу і ўсяму чалавецтву дзеля яго навяртання і збаўлення, дзеля спакою ў свеце, а таксама за яго сведчанне любові да Бога і бліжняга, за яго асаблівую адкрытасць «з сэрцам на далоні».

Учора, падчас благаслаўлення «Гораду і свету» Папа Францішак пажадаў нам:

«Няхай нашае жыццё будзе пасхальным».Гэтыя словы застануцца з намі як запавет, каб нашае жыццё было напоўнена верай, надзеяй і любоўю. Сапраўды, Папа Францішак, якога называюць «чалавекам спакою», імкнуўся заўсёды абуджаць у людзей надзею, Божую надзею, якая так патрэбна сучаснаму свету. Яго Святасць, ідучы за прыкладам святога Францішка, не пераставаў здзіўляць усіх нас сваім шчырым клопатам пра ўбогіх, пакрыўджаных, самых слабых, у якіх заклікаў бачыць укрыжаванага Хрыста.

Увесь народ Божы Касцёла Беларусі моліцца за душу Яго Святасці, давяраючы нашага ўмілаванага Папу Францішка Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, якое так шанаваў Святы Айцец. Мы молімся, каб Пан Бог у гэты асаблівы дзень, якім з’яўляецца Велікодны панядзелак, г. зн. Уваскрасенне Пана, прыняў яго ў Свой Дом шчаслівай вечнасці.

З малітвай
✠ Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 22.04.2025 10:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.