Пошук

22.10.2024 11:37   Тэкст: Антон Сямашка / Фота: Марыя Пялінак / Catholic.by

У кляштары айцоў францішканаў у Удзеле (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) з 4 па 6 кастрычніка праходзіла сустрэча для моладзі «Ўік-энд з Марыяй».

Гэта быў першы ў гэтым сезоне ўік-энд 13+, які сабраў юнакоў і дзяўчат з розных мясцін, каб разам паглыбіцца ў веру і адчуць атмасферу супольнасці. Госцем сустрэчы стаў адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко з Полацка.

Разам з ім удзельнікі ўік-энду разаважалі над тэмай, прысвечанай першай Божай запаведзі: «Не май іншых багоў, апроч Мяне».

У сваіх канферэнцыях ксёндз Алег закрануў найбольш важныя пытанні, якія датычацца веры і вернасці Богу ў сучасным свеце. Праз разважанні, малітвы і дыскусіі ўдзельнікі мелі магчымасць прааналізаваць свае прыярытэты, зразумець, як зберагчы духоўныя каштоўнасці і даверыцца аўтарытэту Бога ў сваім жыцці.

Асаблівымі сталі моманты адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, святая Імша з Фацімскім ружанцам і супольныя малітвы. Юнакі і дзяўчаты таксама мелі час на асабістыя разважанні і сустрэчы з Богам сам-насам у цішыні «пустыні»: своеасаблівага духоўнага практыкавання, уласцівага манаскай духоўнасці.

Падчас ўік-энду было месца і для інтэграцыйных момантаў, якія дапамагаюць стварыць сапраўдную супольнасць: вечары ля каміна, час для адпачынку і размоў.

Удзельнікі мелі магчымасць лепш пазнаёміцца адзін з адным, падзяліцца сваімі гісторыямі і досведам, а таксама паказалі цікавыя сцэнкі на розныя жыццёвыя сітуацыі, якія яны самі і прыдумалі.

Гэты ўік-энд у Удзеле стаў для ўсіх удзельнікаў не толькі часам малітвы і духоўнага паглыблення, але таксама магчымасцю адчуць цеплыню братэрства і падтрымкі супольнасці.

Як сведчылі самі юнакі і дзяўчаты перад вяртаннем дадому, тут кожны атрымаў новыя сілы і натхненне.

Айцы францішкане запрашаюць моладзь да ўдзелу ў наступных сустрэчах, каб разам будаваць супольнасць, якая шукае Бога і знаходзіць Яго ў кожным моманце жыцця.

Абноўлена 22.10.2024 11:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа