Пошук

07.10.2024 12:42   Фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

5 кастрычніка, першая субота Ружанцовага месяца, стала апошнім днём навэнны малітоўнай падрыхтоўкі да каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных.

Да гэтай гістарычнай падзеі ў Марыйным санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) былі адноўлены каменныя алтары, адзін з якіх прымыкае да сцяны прэзбітэрыя, а другі прызначаны для цэлебрацыі святой Імшы паводле нормаў Другога Ватыканскага Сабору.

Пасвячэнне адноўленых алтароў здзейсніў падчас святой Імшы арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гэты дзень, у адпаведнасці з планам малітоўнай падрыхтоўкі да каранацыі, у санктуарыі ў Барунах сабраліся вернікі Астравецкага дэканату разам са сваімі душпастырамі. Напачатку ўсіх сабраных на малітву ў апошні дзень навэнны прывітаў кусташ санктуарыя ў Барунах ксёндз Павел Паўлюкевіч. Святар запрасіў арцыбіскупа Кандрусевіча ўзначаліць цэлебрацыю і пасвяціць адноўленыя алтары.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх перадусім падкрэсліў значэнне абраза Маці Божай Барунскай, які ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных і ўжо больш за трыста гадоў дае надзею прыгнечаным, хворым целам і душой.

«Каранацыя іконы Маці Божай не павялічвае Яе нябеснай хвалы і не змяншае хвалы Бога. Гэта знак удзячнасці за апеку над Божым народам. Марыя — наша Каралева, і гэтую Яе годнасць падкрэслівае абрад каранацыі Яе выяваў», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Далей іерарх нагадаў, што алтар — гэта месца, на якім некрывавым чынам здзяйсняецца збаўчая ахвяра Хрыста, акая асвячае вернікаў.

«Алтар зроблены з каменя. У Святым Пісанні чытаем, што камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла. Змяняюцца будаўнічыя тэхналогіі, але значэнне вуглавога каменя застаецца, бо на ім трымаецца ўся будоўля.

Вуглавым каменем хрысціянскай веры з’яўляецца Хрыстус. Ён прыходзіць да нас у Святым Пісанні і сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, якая цэлебруецца на алтары», — падкрэсліў арцыбіскуп. Ён дадаў, што алтар — гэта знак прысутнасці Бога са сваім народам, дзе ўсе вернікі маюць удзел у Целе і Крыві Хрыста.

Іерарх таксама растлумачыў значэнне абрадаў пасвячэння алтара. «Намашчэнне алтара хрызмам сімвалізуе Хрыста, намашчанага Духам Святым і прызначанага быць Найвышэйшым Святаром, які прыносіць сябе ў ахвяру дзеля збаўлення ўсіх людзей. Другі Ватыканскі Сабор падкрэслівае, што кожны раз, калі на алтары цэлебруецца ахвяра крыжа, у якой Хрыстус ахвяроўвае сябе за нас, здзяйсняецца справа нашага адкуплення», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што, «збіраючыся каля алтара падчас Эўхарыстыі, мы сустракаем любоў Езуса, якою Ён збавіў чалавецтва, калі, выконваючы волю свайго нябеснага Айца, узышоў на крыж».

«На пачатку кожнай Імшы і на яе заканчэнне святар цалуе алтар. Такая кранальная пашана нагадвае аб тым, што алтар — гэта месца, дзе Бог сустракае нас з нашымі патрэбамі, каб дапамагчы. Таму зразумела, чаму ў цэнтры нашай ўвагі знаходзіцца не архітэктурная прыгажосць касцёла, а менавіта алтар, бо з яго сплываюць патрэбныя для збаўлення ласкі», — сцвердзіў заслужаны іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітоўным заклікам:

«Марыя, праслаўленая ў Барунскай іконе наша духоўная Маці, вядзі нас да свайго Сына, які ў Эўхарыстыі паўтарае сваю збаўчую ахвяру крыжа на Галгофе. Няхай яе цэлебрацыя на новапасвячаных алтарах дапамагае нам у барацьбе са злом і становіцца прадвеснікам радасці вечнага жыцця».

Каранацыю цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных, здзейсніць 12 верасня падчас святой Імшы а 12-й гадзіне біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа