Пошук

30.09.2024 13:29   Catholic.by

30 верасня, калі Папа Францішак прыняў адмову ад пасады дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе наступніку заслужанага іерарха біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю пажаданні з нагоды ўступлення на пасаду.

Ваша Эксцэленцыя, паважаны біскуп Уладзімір,

Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі з інфармацыяй аб тым, што Святы Айцец Папа Францішак прыняў адмову ад пасады Дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыі Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту, згодна з нормамі Кананічнага права і зместам паведамлення азначае, што яго наступнікам на гэтай пасадзе становіцеся Вы, Ваша Эксцэленцыя, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

З гэтай нагоды ад свайго імя і ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю выказаць самыя цёплыя пажаданні і запэўніць Вас у малітве.

У паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Pastores gregis святы Ян Павел ІІ пісаў: «Біскуп мае асаблівае заданне быць прарокам, сведкам і слугой надзеі. Ён павінен выклікаць у кожнага давер і апраўдаць хрысціянскую надзею (пар. 1 П 3, 15)».

Жадаю Вашай Эксцэленцыі, каб у выкананні Вашага служэння ў якасці пастыра Гродзенскай дыяцэзіі Вы былі адважным, настойлівым, пераканаўчым і заўсёды здольным аддаць сваё жыццё як прарок, сведка і слуга надзеі, укаранёнай у Езусе Хрысце.

Няхай уласны досвед прысутнасці і блізкасці Бога на жыццёвых дарогах Вашай Эксцэленцыі стане крыніцай сілы і нязгаснай надзеі ў выкананні нялёгкай службы дыяцэзіяльнага біскупа для вечнага і часовага дабра народа Божага Гродзенскай дыяцэзіі і тых хто шукае праўды.

Даручаю Вашае жыццё і служэнне біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Кангрэгацкай, просячы заступніцтва святых апекуноў дыяцэзіі, святога Казіміра і святога Максімільяна Кольбэ.

З пашанай, Ваш брат у пастырскім служэнні

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа