Пошук

01.10.2024 11:04   Тэкст: Паліна Ручан / Фота: Лізавета Бубенька / Catholic.by

Благаслаўленне моладзі і студэнтаў на новы навучальны год адбылося 26 верасня ў мінскай парафіі святога Францішка Асізскага ў Копішчы (Новая Баравая).

Гэта была першая сустрэча сталічнага душпастырства моладзі ў гэтым навучальным годзе, якая прайшла на тэму «Пілігрымы надзеі». Яна сугучная дэвізу Юбілею 2025 Святога года, які будзе суправаджаць усе моладзевыя сустрэчы ў гэтым навучальным годзе.

Сустрэча моладзі ў маладой сталічнай парафіі, дзе нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, распачалася святой Імшой. Літургія была падрыхтавана ўдзельнікамі сустрэчы.

Юнакі і дзяўчаты чыталі чытанні, спявалі спевы ў францішканскім духу, неслі ў працэсіі да алтара свае дары.

Гамілію прамовіў ксёндз Андрэй Бурак, адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святар распавёў пра Юбілей 2025 года, да якога рыхтуецца ўвесь Каталіцкі Касцёл. Менавіта таму тэма фармацыйнага года для моладзі архідыяцэзіі — «Пілігрымы надзеі». Чаму надзея з’яўляецца адной з цэнтральных цнотаў у хрысціянстве, ксёндз Андрэй патлумачыў на прыкладзе герояў Святога Пісання. Святар заклікаў юнакоў і дзяўчат, каб, крочачы дарогай да Новага Ерузалема, стараліся быць надзеяй для іншага чалавека; «каб нашыя сведчанні, нашыя словы, наша святасць сапраўды давала надзею тым, хто заблукаў, хто шукае праўды і сэнсу жыцця».

Ксёндз Андрэй звярнуўся да прысутных: «Дарагая моладзь, мы пакліканыя да таго, каб наследаваць Хрыста. Наш Пан лепшы за тое, што прапануе гэты свет. Любоў, якую прапануе Хрыстус, вышэйшая за тое, што можна здабыць у гэтым свеце.

Распальвайце ў сабе жаданне прапаведаваць Хрыста сваім жыццём, паўсядзённай радасцю і сваім служэннем. Важна не толькі самім ісці да Збаўцы, але і ўсім сэрцам прагнуць запрасіць іншых на гэты шлях».

Сімвалам надзеі стаў запалены ліхтар. Ён будзе суправаджаць моладзь на працягу года пры кожнай агульнай сустрэчы, нагадваючы пра святло, якое асвятляе шлях веры і надзеі.

Мэта вераснёўскай сустрэчы — супольная малітва, у якой юнакі і дзяўчаты разам заклікалі Духа Святога і прасілі Божага благаслаўлення на новы навучальны год. Напрыканцы Імшы яны атрымалі адмысловае благаслаўленне на плённае навучанне і духоўную фармацыю.

У сустрэчы бралі ўдзел таксама тыя, хто толькі прыехаў у сталіцу на вучобу і яшчэ не знайшоў сваю моладзевую супольнасць у Мінску. Для іх пасля Імшы адбылося прадстаўленне моладзевых супольнасцяў горада.

Супольнасць — гэта важнае месца для кожнай асобы: гэта пастаянная фармацыя, малітоўная і чалавечая падтрымка, кола аднадумцаў, з якімі не страшна абмеркаваць пытанні веры. Гэта таксама месца, дзе можна знайсці сяброў ці проста завязаць добрыя адносіны. Супольнасць — гэта людзі, гэта прыгода, гэта магчымасці для рэалізацыі сваіх ідэй і талентаў, для служэння іншым.

Пасля прэзентацыі сабраныя разам памаліліся Нешпары і перайшлі да гарачай гарбаты і перакусу, клапатліва падрыхтаваных арганізатарамі. Працягам праграмы стаў канцэрт, падчас якога моладзь праслаўляла спевам Пана разам з удзельнкамі праекту «Рыбы».

Душпастырства моладзі запрашае юнакоў і дзяўчат на наступныя сустрэчы, якія будуць адбывацца ў Мінску на працягу гэтага навучальнага года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа