Пошук


800-годдзе з часу з’яўлення стыгматаў у святога Францішка Асізскага адзначылі 17 верасня 2024 года ў парафіі святога Францішка ў вёсцы Копішча (сталічны мікрараён Новая Баравая).

Францішак Асізскі стаў першым святым, які атрымаў дар стыгматаў — балючых крывацечных ранаў, якія адкрываюцца на целе ў тых месцах, на якіх былі раны Хрыста. Шматлікія сучаснікі бедняка з Асізі, у тым ліку і вялікая колькасць духавенства, вельмі скептычна адносіліся да гэтай з’явы. Аднак Папы ўбачылі ў стыгматах новы містычны дар, які атрымаў Касцёл праз святога Францішка.

У сваёй буле Usque ad terminus ад 1237 года Папа Грыгорый IX пісаў аб стыгматах святога Францішка як аб вялікім і выключным цудзе (grande ac singular miraculum).

Паводле легенды, у свята Узвышэння Святога Крыжа святы Францішак палымяна маліўся, пасля чаго яму з’явіўся вогненны шасцікрылы серафім, у якім была выява ўкрыжаванага Хрыста. Святы адчуў моцны боль у руках, нагах і на целе. Агледзеўшы іх, ён убачыў цвікі, якія працялі яго цела, і струменьчыкі крыві: усё ў дакладнасці так, як было ва ўкрыжаванага Езуса.

У прамоўленай гаміліі падчас святой Імшы ў гэты дзень пробашч парафіі святога Францішка брат Іван Садоўскі OFMCap разважаў пра боль і пакуты, якія цярпеў Францішак, маючы стыгматы, таксама як і Хрыстус.

«Але Езус ідзе далей: наш боль і цярпенні ператварае ў любоў. Хрыстус увайшоў у наш грэх, нашу слабасць, і гэта забіла Яго, але гэта быў Яго выбар і згода, таму што Ён меў давер да свайго Айца, што не будзе пакінуты, што яго чакае любоў.

Святы Францішак таксама меў давер і адчуваў ад гэтага поўную радасць. Так і мы павінны вучыцца пераступаючы парог святыні, не зважаючы на свой боль і цярпенні, мець упэўненасць у моцы Бога», — заахвоціў удзельнікаў Імшы святар.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.