Пошук

12.09.2024 13:48   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: з архіву Рэгіянальнага вікарыята кармэдітаў босых у Беларусі / Catholic.by

11 верасня Рэгіянальны вікарый айцоў кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фраштэнга OCD адзначыў срэбраны юбілей святарства.

З гэтай нагоды ў касцёле Божага Цела ў Мінску, дзе нясуць служэнне айцы з гэтага манаскага ордэна, адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, айцы кармэліты босыя з беларускага вікарыята, святары з розных мясцін Беларусі.

Юбіляра з працэсіяй ўвялі ў прыгожа аздобленую святыню як прыміцыянта — у сплеценым з кветак вянку, які неслі вакол айца Пятра дзяўчынкі ў белых сукенках.

На пачатку Імшы арцыбіскуп Станеўскі сардэчна прывітаў усіх удзельнікаў урачыстай цэлебрацыі, а асаблівым чынам юбіляра, які прысвяціў чвэрць стагоддзя свайго жыцця святарскаму служэнню ў харызме ордэна кармэлітаў босых.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які напачатку павіншаваў айца Пятра з юбілеем і пажадаў яму Божага благаслаўлння на далейшай служэнне. Пры гэтым заслужаны іерарх адзначыў, што юбіляр вядомы ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі не толькі як Рэгіянальны вікарый кармэлітаў.

«Айцец Пётр бярэ актыўны ўдзел у жыцці мясцовага Касцёла, з’яўляецца членам Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і душпастырам сем’яў. Менавіта яму належыць ініцыятыва стварэння „Школы сямейнага жыцця“ пры епіскапаце. У касцёльным судзе ён выконвае функцыі абаронцы сужэнскага саюзу. Верна, годна і мужна служыць Богу і Касцёлу», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

На падставе Святога Пісання заслужаны іерарх падкрэсліў, што Езус з’яўляецца Першасвятаром і што гэта Ён сам устанавіў сакрамэнт святарства, каб працягваць сваю місію збаўлення ў свеце, а таму роля святара ў жыцці Касцёла незаменная.

Арцыбіскуп нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што святарства — «гэта дар і таямніца».

«Таямніца, таму што Бог выбірае нас ва ўлонні маці, а мы адказваем. Гэта таксама дар для самога святара і людзей, бо ў свеце няма іншага чалавека, які перамяняе хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, адпускае грахі і цэлебруе сакрамэнты. У асобе святара людзі атрымліваюць духоўнага лідэра і пастыра, які абараняе іх ад спакусаў сатаны і корміць ежай Божай ласкі», — зазначыў іерарх, дадаўшы, што гэта асабліва важна ў наш час, калі ставяцца пад сумнеў праўды веры і пануе маральная ўсёдазволенасць.

«У сённяшнім свеце святар павінен быць слугой каштоўнасцяў, якіх свет не можа даць. Яго сіла ў Божай праўдзе. <…>

Святар — не валадар даручаных яго духоўнай апецы людзей, але іх слуга. Таму павінен ведаць іх жыццёвую сітуацыю, каб раіць і накіроўваць іх на шлях збаўлення. Менавіта такі наш юбіляр, айцец Пётр Фраштэнга», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што, захоўваючы вернасць сваім манаскім абяцанням, настаяцель кармэлітаў наследуе Хрыста і рэалізуе ў жыцці тры асноўныя элементы свайго кармэліцкага паклікання: кантэмпляцыю, братэрства і служэнне людзям.

Гамілю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў пажаданнем айцу Пятру Фраштэнгу, каб ён заўсёды заставаўся верным Хрысту Першасвятару і кармэліцкаму дэвізу: «Я палаю руплівасцю дзеля Пана, Бога Магуццяў», а таксама каб быў мудрым і разважлівым кіраўніком вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі.

Напрыканцы святой Імшы юбіляра віншавалі яго сабраты і вернікі.

У іх шчырых сардэчных словах была відаць сапраўдная павага і непадробная любоў да сціплага і руплівага манаха, святара, які, хоць і паходзіць здалёк, але знайшоў у Беларусі сваё пакліканне, свой дом і сваю сям’ю ў мясцовай супольнасці кармэлітаў босых.

 

Абноўлена 12.09.2024 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця